Восенню, калі гаспадаркі актыўна рыхтаваліся да пераводу жывёлы на зімова-стойлавае ўтрыманне, мы наведаліся на адзін з жывёлагадоўчых аб’ектаў КУСГП “Арэхаўна” – цялятнік у Ціханятах. Тады нават і нельга было сказаць, што гэта памяшканне для жывёлы, бо ішла буйная рэканструкцыя і ад былой фермы, якая раней функцыянавала тут, засталіся толькі сцены. Стары будынак не адзін год чакаў рамонту. Больш за паўгода на аб’екце працавала спецыяльна створаная для гэтага будаўнічая брыгада. Шчыра кажучы, тады і не верылася, што задуманае хутка стане рэальнасцю.
А будынак і сапраўды прыкметна абнавіўся не толькі звонку, але і знутры. Сталі вышэйшымі сцены, заліта новая падлога і зроблены глыбокі подсціл, стала намнога лягчэй убіраць гной. Наноў накрыты дах, ды і само памяшканне значна пашырылася.
Яшчэ да пачатку зімы будынак быў заселены цялятамі да чатырох месяцаў. Сёння тут утрымліваецца 125 галоў жывёлы, але гэта не мяжа – абноўленае памяшканне можа змясціць да двухсот.
Пазменна працуюць даглядчыкі. Наталля Васільеўна Манух і Валянціна Іванаўна Арцямёнак (на здымку) працавалі тут і раней, а пакуль ішла рэканструкцыя – на ферме ў Сарочыне. Цяпер жа зноў на сваім рабочым месцы, толькі ўжо рэканструяваным.
Маленькія цяляты патрабуюць больш пільнага штодзённага догляду, жанчыны разумеюць гэта і стараюцца. Жывёла адаптавалася і прывыкла да новага месца.
Канечне, не ўсё ідэальна, ёсць пэўныя недапрацоўкі, якія з часам будуць паступова выпраўляцца. Ды і паколькі ўкладаліся ўласныя сродкі гаспадаркі, зрабіць дарагі рамонт не было магчымасці. Тым не менш, рабілі для сябе і ўпэўнены, што з часам затрачанае акупіцца.
В.ПОЛАЗАВА.