3 декабря профессиональный праздник и 100-летний юбилей отмечает БРУСП «Белгосстрах»

Общество

Паважаныя страхавыя работнікі, ветэраны галіны!

Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам і стагоддзем Белдзяржстраха!

Рынак страхавых паслуг як у рэспубліцы, так і ў раёне развіваецца, стымулюе эканоміку, а Белдзяржстрах застаецца самай буйной і аўтарытэтнай кампаніяй галіны, якая не толькі падтрымлівае ў цяжкі момант, але і ўсяляе ў чалавека пачуццё абароненасці, спакою, упэўненасці ў заўтрашнім дні.

У гэты святочны дзень жадаю ўсім работнікам сферы страхавання ўдачы, шчасця, здароўя, выдатнага настрою, фінансавага дабрабыту, росту страхавой культуры насельніцтва, далейшай плённай працы на карысць краіны!

Старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.АЎДОШКА.


 

3-га снежня 1921 года быў выдадзены дэкрэт Саўнаркама Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусіі “Аб арганізацыі дзяржаўнага маёмаснага страхавання” – і менавіта гэта дата лічыцца адпраўной кропкай дзейнасці “Белдзяржстраха”, які адзначае 100-гадовы юбілей.

Увогуле ж гісторыя страхавання на тэрыторыі Беларусі налічвае каля 170 год, калі пачалі стварацца земскія таварыствы, якія страхавалі ад пажараў у беларускіх гарадах, але развіццё гэта справа атрымала пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У наступныя дзесяцігоддзі Белдзяржстрах прайшоў няпростыя этапы арганізацыйных ломак і аднаўлення, пасляваеннага крызісу і толькі ў 50-я гады эканамічныя паказчыкі яго работы стабілізаваліся. Піку сваёй дзейнасці Белдзяржстрах дасягнуў да пачатку 90-х, калі колькасць заключаных з насельніцтвам дагавораў дабравольнага страхавання наблізілася да 7 мільёнаў, а кожная сярэднестатыстычная сям’я афармляла больш двух полісаў.

Зараз Белдзяржстрах з’яўляецца буйнейшым прадпрыемствам, мае 8 філіялаў і 112 прадстаўніцтваў па ўсёй краіне, яго паслугі таксама аказваюць вядучыя банкі Беларусі, Белпошта і Белтэлекам. У сетцы арганізацыі больш 5 тысяч кропак. Белдзяржстрах прапануе больш 100 варыянтаў па 86 відах дабравольнага і абавязковага страхавання, распрацоўваюцца новыя страхавыя прадукты.

Двайны юбілей

Сёлетні год ушацкія страхоўшчыкі лічаць двойчы юбілейным – 55, як пасля аднаўлення ў 1966 годзе раёна была створана і наша інспекцыя Белдзяржстраха. Кіраўніком назначылі Аляксандра Якаўлевіча Літвіна, які хутка пайшоў на павышэнне, а яго замяніў Мікалай Макаравіч Маслюк. Таксама з 1966 года ў арганізацыі працавалі бухгалтары Праскоўя Максімаўна Грамыка і Альбіна Макараўна Казіцкая.

Са страхавой галіной непадзельна імя Мікалая Афанасьевіча Дука, які з 1972-га 36 год узначальваў калектыў. Пры ім гаспадарчым спосабам узводзіўся сучасны будынак арганізацыі і вельмі скрупулёзна падбіраліся кадры. Літаральна пераманіў ён на радзіму 37 гадоў таму з Бешанковіч цяперашняга кіраўніка Тамару Васільеўну Зімніцкую, якая вось ужо 13 гадоў імкнецца, каб ушацкі аддзел па аказанні страхавых паслуг заставаўся на добрым рахунку.

Так было і ёсць. Пра высокія пазіцыі нашых страхоўшчыкаў сведчаць і ўспаміны Марыі Антонаўны Карабань, якая працавала агентам па далецкай зоне з 1977 па 1991 гады. “Паглядзіць на стос маіх полюсаў Мікалай Афанасьевіч і задаволена ўсміхнецца. Наколькі я перавыконвала план, дакладна і не прыгадаю, але зарплата і 400 рублёў была пры сярэдняй тады ў 150. Залежала яна, канечне, ад паказчыкаў, а каб зарабіць, дома мяне лічы што не бачылі. Дачок маці гадавала, бо ў “камандзіроўкі”, зразумела, пешшу, накіроўвалася і на тры дні. Сама з Пораўна, што на мяжы з Жарскім сельсаветам, а абслугоўвала і Касары, і Мірны – усю Далеччыну, ды і ў райцэнтры за мной быў лясгас і некаторыя іншыя арганізацыі. Дарэчы, з іх работнікамі наладзіла безнаяўны разлік, хоць і двойчы даводзілася да кожнага чалавека дайсці. Спачатку пісалі заяву, каб суму аплаты вылічалі з зарплаты, а потым і поліс падпісаны прыносіла. Многія самі прасілі не прапусціць буронку застрахаваць, жыццё, дзяцей, маёмасць, а каго і ўгаворвала. Так і бегала па ўсім наваколлі, у радні ці знаёмых начавала. Вельмі любіла гэту работу, почырк мела выдатны, ні разу не пралічылася і ніхто ніколі “не пераняў”, хоць пры сабе заўсёды грошы. І зараз бы, здаецца, вярнулася. А “перадаў” мне далецкую зону абслугоўвання дзядзька, франтавік Сямён Арцёмавіч Жарнасек”.

Таксама працяглы час адпрацавалі ў галіне Валянціна Пятроўна Мялешка, Людміла Уладзіміраўна Касяк, Антаніна Кірылаўна Крывёнак, Ніна Фядосаўна Мароз, Марыя Канстанцінаўна Здановіч, Іван Харытонавіч Басуеў, Наталля Лукінічна Лёля, Вера Васільеўна Харашкевіч, Таццяна Васільеўна Коршун.

Няма ўжо сярод жывых ветэранаў працы В.А.Шнітко, А.І.Мароз, М.А.Полазавай, В.К.Ладыгіна, Л.П.Канькова, Л.В.Первянёнак, Г.М.Васільева, А.С.Здановіча. Але іх імёны назаўсёды занесены ў гісторыю ушацкай інспекцыі Белдзяржстраха.

Поспех забяспечваюць людзі

Зараз пастаўленыя перад аддзелам задачы выконваюць начальнік, 3 вядучыя спецыялісты, 11 страхавых агентаў і 2 тэхнічныя работнікі. Калектыў вопытны: сярэдні стаж ў сістэме складае 18,6 года. Сярод тых, хто дасягнуў сёлета найлепшых вынікаў, кіраўнік Т.В.Зімніцкая называе агента Рэгіну Іванаўну Самсонаву, вядучага спецыяліста Алену Пятроўну Северыну, якая ўзнагароджана да свята Падзякай філіяла Белдзяржстраха па Віцебскай вобласці, агента Галіну Мікалаеўну Лук’яненка. Не застаўся незаўважаным і ўклад у паспяховую дзейнасць аддзела самой Тамары Васільеўны, якая атрымала Ганаровую грамату БРУСП “Белдзяржстрах”.

На працягу ўсяго года выконваюць планавыя заданні агенты Таццяна Канстанцінаўна Палячэнка, Валянціна Васільеўна Лісічонак, Вольга Аляксандраўна Хілько, Святлана Рычардаўна Каваленка, работнік з 43-гадовым стажам Мікалай Васільевіч Полазаў, Аксана Васільеўна Арцямёнак, якая ў арганізацыі менш года, але ўжо ўнікла ў справу. Актыўна працуе па заключэнні дагавораў з юрыдычнымі асобамі вядучы спецыяліст Надзея Міхайлаўна Апёнак. А яе калегу Веру Уладзіміраўну Стрыжонак у калектыве называюць “наш доктар”, бо без яе не будзе выплаты страхавога забеспячэння па траўмах і захворваннях. Увогуле ўсе члены згуртаванага калектыву валодаюць неабходнымі для паспяховай работы якасцямі: камунікабельнасцю, чуласцю, адказнасцю, цярплівасцю.

“Удзячна ўсім сваім супрацоўнікам за неацэнны ўклад у агульную справу. Дзякуй за тое, што апраўдваеце давер насельніцтва і пастаянна павышаеце якасць работы. Віншую ў святочны дзень таксама нашых партнёраў і кліентаў – усіх, хто мае дачыненне да страхавой галіны. Здароўя і дабрабыту вам і вашым сем’ям!” – дасылае праз газету сваё прывітанне Т.В.Зімніцкая.

Падстаўляюць надзейнае плячо

У цяперашні час практычна кожны жыхар раёна мае дагаворы страхавання. Так, за 11 месяцаў бягучага года за выплатай страхавога пакрыцця звярнуліся 542 страхавальнікі. Самымі разбуральнымі падзеямі з’яўляюцца пажары – па такіх выпадках 12 чалавекам выплачана больш за 83 тысячы рублёў. Самую вялікую колькасць зваротаў (98) абумовілі наступствы моцнага ветру, 28 – перанапружанне ў сетцы, 24 і 10 адпаведна – вымушаны забой і падзеж жывёлы, 20 – аварыі ацяпляльнай сістэмы, 12 страхавальнікаў пацярпела ад неправамерных дзеянняў трэціх асоб, 11 – ад заліцця, 4 – моцнага снегу і 3 – ад граду. За пашкоджаны ў выніку аварый транспарт па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці атрымалі выплаты 27 аўтаўладальнікаў, па дабравольным (аўтакаска) – 16. Па страхаванні ад няшчасных выпадкаў і захворванняў па 216 зваротах выплачана 42,8 тысячы рублёў (у сярэднім па 198 руб.), а па страхаванні ад небяспечных захворванняў (кавіда) па 64 зваротах – 28,8 тысячы (па 450 руб.).

Падарункі будучым кліентам

Прадстаўніцтвы Белдзяржстраха прымеркавалі да 100-гадовага юбілею службы дабрачынныя акцыі: наведалі дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, мнагадзетныя сем’і і ўручылі дзецям падарункі. “Вы пакуль яшчэ не надта добра разумееце, якімі карыснымі справамі займаецца наша арганізацыя, але калі станеце дарослымі, абавязкова будзеце страхаваць свае дамы, аўтамабілі, жыццё і здароўе, так што ўжо зараз нялішнім будзе ведаць пра Белдзяржстрах”, – разважала ў гутарцы з дзецьмі, што выхоўваюцца ў доме сямейнага тыпу, начальнік аддзела Т.В.Зімніцкая. Падораныя канцылярскія прылады спатрэбяцца ім на занятках, ну а смачны святочны торт якраз аказаўся дарэчы да сямейнага чаяпіцця.

Не пашкадавалі, што з полісам

Калі ноччу па ўсёй кватэры зажурчэла вада, пра страхоўку сям’я Раісы Віктараўны Грышчанка, канечне, не думала. Шукалі суседзяў, якіх якраз не аказалася дома, калі адбылася “аварыя”. Затое пасля, калі злівалі з нацяжной столі ваду, выкідвалі набраклы ламінат, канечне, радаваліся, што два гады таму “ўгаварылі” сябе на страхаванне маёмасці. “І ты, і цябе могуць затапіць, калі на другім паверсе жывеш, таму будзем працягваць сябраваць з Белдзяржстрахам, тым больш што ўзнос і паўсотні рублёў не склаў, а атрымалі амаль 1300, на ўсе матэрыялы хапіла”.

Для Галіны Мікалаеўны Стацэвіч з Глыбачкі страхавы работнік у дзень апісання ўрону быў хутчэй псіхолагам. Жанчыну давялося супакойваць. Вельмі напужалася, калі моцным разрадам маланкі ў жніўні парвала ўсе размеркавальныя каробкі, праводку і наступіла поўная цемра. А галоўнае, ад асэнсавання таго, што мог згарэць увесь дом. Праз месяц, калі атрымала кампенсацыю ў 700 рублёў, электрыку поўнасцю замянілі.

Падрыхтавалі Н.БАГДАНОВІЧ, В.КАРАЛЕНКА,
пры ўдзеле Т.ЗІМНІЦКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *