Вопросы трудовой дисциплины, охраны труда и выполнения Директивы №1 рассмотрели на заседании райисполкома

Общество

На апошнім пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне ўмацавання працоўнай дысцыпліны, стан аховы працы ў арганізацыях раёна, а таксама ход рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы №1.

Не забывайцеся пра медагляд

Як адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці, сацыяльнай абароне райвыканкама С.П.Васілеўская, сёлета на вытворчасці раёна не было выпадкаў смяротнага траўміравання. Няшчасныя выпадкі з цяжкімі траўмамі зарэгістраваны ў філіяле “Маяк- Ушацкі” і філіяле “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. У першым выпадку прычынай стала невыкананне спецыялістамі гаспадаркі патрабаванняў па ахове працы, у другім – неасцярожнасць самога пацярпелага. Абодва работнікі знаходзіліся ў цвярозым стане.

Пастаянна правяраецца выкананне патрабаванняў Дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Сёлета да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 121 работнік, з іх 97 – за прагулы. У пяці выпадках гэта стала прычынай скасавання працоўных дагавораў, 4 былі звольнены за спазненні на працу, а 24 – за знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення і распіццё спіртнога.

Асаблівае месца займае арганізацыя санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення працуючых – за 10 месяцаў выдзелена 42 пуцёўкі. Мэтанакіраваная работа праводзіцца па правядзенні абавязковых медыцынскіх аглядаў з улікам умоў працы і галіновай спецыфікі. Абмяркоўваючы гэтую тэму, дзяржінспектар працы абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Ф.І.Васіленка заклікаў кіраўнікоў усіх арганізацый не адносіцца скептычна да медаглядаў. Важнасць пытання падмацаваў наступнымі фактамі: у вобласці ў 2019 годзе за 9 месяцаў на рабочым месцы памерла 37 чалавек, у 2020-м – 42, а сёлета ўжо 44. Менавіта агляд, які многія з нас адкладваюць на потым, зможа выявіць хваробу, якая затаілася ў арганізме.

Сёлета мабільнай групай праведзены абследаванні ў 32-х арганізацыях, у ходзе якіх выяўлена 328 парушэнняў, ліквідавана без фінансавых укладанняў 252, астатнія знаходзяцца на кантролі. У асноўным гэта ігнараванне правіл бяспекі пры эксплуатацыі абсталявання, допуск да работы без сродкаў аховы, няправільнае вядзенне дакументацыі. Дарэчы, спецыялісты раяць звярнуцца ў Віцебскае абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржінспекцыі працы з заяўкай на правядзенне абследавання аховы працы ў арганізацыі – такое мерапрыемства носіць выключна прафілактычны характар і не прадугледжвае штрафныя санкцыі.

Сігналізацыя выратавала жыцці

Закраналася на пасяджэнні і пытанне пажарнай бяспекі. За 10 месяцаў бягучага года на Ушаччыне адбылося 17 узгаранняў, на якіх загінула 3 чалавекі – адзін пенсіянер і двое працаздольнага ўзросту, усе яны на момант здарэння былі ў стане алкагольнага ап’янення. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года рост пажараў назіраецца ў Вялікадолецкім, Глыбачанскім, Ушацкім сельсаветах. Дарэчы, зараз іх колькасць у раёне складае 13,7 на 10 тысяч насельніцтва пры сярэднеабласным паказчыку 6,6, а колькасць загінуўшых на 100 тысяч насельніцтва – адпаведна 24,3, і 6,5. У рэйтынгу ж прычын – неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі электрапрыбораў. Адной з эфектыўных мер у прафілактыцы пажараў з’яўляецца работа аглядавых камісій, аднак сёлета колькасць абследаванняў прыкметна ніжэйшая з-за эпідэміялагічных абмежаванняў. Абсталяванне аб’ектаў пажарнай сігналізацыяй – рэальны шанс на ранняй стадыі заўважыць пажар і мінімізаваць страты. Гэтыя словы начальнік Ушацкага РАНС І.В.Кошкін пацвердзіў рэальным выпадкам: сёлета спрацаваўшая сігналізацыя ў інтэрнаце Градзянца дапамагла выратаваць жыльцоў кватэры, якія ў гэты момант спалі. А вось інтэрнат ПМК-66 у гэтым плане выклікае трывогу: сігналізацыя не працуе, гэты момант кіраўніцтва арганізацыі ігнаруе, спасылаючыся на адсутнасць сродкаў. Нямала парушэнняў пажарнай бяспекі і ў сельгасарганізацыях, прычым, выпраўленне якіх часта не патрабуе вялікіх грашовых сродкаў.

Упор на прафілактыку

З агульнай жа колькасці злачынстваў (82) абсалютная большасць – крадзяжы. Сёлета зарэгістравана менш здарэнняў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення, а таксама раней судзімымі асобамі. Пры гэтай станоўчай дынаміцы ёсць і адмоўны момант: колькасць забойстваў павялічылася з двух да трох. Выклікае заклапочанасць і рост кіберзлачынстваў. Што да дарожнай бяспекі, то сёлета зафіксавана больш за 1900 правапарушэнняў, сярод самых злосных – 39 выпадкаў кіравання аўто ў нецвярозым стане, у 79 – без адпаведных дакументаў. 229 парушэнняў выяўлена сярод пешаходаў. Як падкрэсліў часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС В.С.Карэнскі, праваахоўнікі не ставяць мэту кагосьці пакараць, а хутчэй праводзяць прафілактычную работу, а таму папярэджанні пераважаюць над штрафамі.

На кантролі санітарнай службы знаходзяцца 22 прамысловыя і сельгаспрадпрыемствы, сёлета праведзена 56 мерапрыемстваў нагляднага характару, абследавана 18 арганізацый, парушэнні знайшліся ў 16 з іх. Самымі распаўсюджанымі ўпушчэннямі сталі: нездавальняючы стан прылягаючых тэрыторый і вытворчых баз, недастатковая колькасць сродкаў абароны. Праблемным застаецца пытанне забеспячэння работнікаў санітарна-бытавымі памяшканнямі.

Прааналізаваўшы выкананне патрабаванняў Дырэктывы №1, бачна, што ў першую чаргу ўнутраная прафесійная дысцыпліна кожнага чалавека дазволіць забяспечыць парадак на прадпрыемстве, захаваць жыццё і здароўе людзей.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *