Первый лёд таит опасность: куда не стоит ходить и что делать, если попал в беду

Профилактика и безопасность

Сёння бярэ старт снежань і адкрывае для нас пару актыўнага зімняга адпачынку – лыжных прагулак і паходаў на каток, рыбацкага адрэналіну на лёдзе рэк і азёр. Вось толькі некаторыя асабліва нецярплівыя аматары рыбнай лоўлі не могуць устаяць перад спакусай першымі распачаць сезон. А ў выніку адкрываюць… спісы штогадовых ахвяр каварнага першага лёду.

Прыклады, калі зімовая рыбалка каштуе людзям жыцця, пастаянна папаўняюць сумную статыстыку літаральна кожнага рэгіёну нашай вобласці. Былі яны і на Ушаччыне. Узгадваецца, напрыклад, колішні выпадак, калі жыхар Слабады вырашыў апрабаваць лёд на возеры. Прыняў, як яму здавалася, меры перасцярогі і выправіўся ў паход на лыжах – каб павялічыць плошчу лядовай паверхні, на якую цісне вага цела. Калі праз некаторы час аднавяскоўцы забілі трывогу, выратавальнікі арганізавалі пошук, сляды лыжаў прывялі на зусім тонкі лёд з мноствам прамыін… Цела тапельцы ўдалося знайсці і падняць са дна толькі вясной.

Здавалася б, як можна не ўлічваць такі горкі вопыт, ды ўсё роўна штораз з’яўляюцца тыя, каму азарт зацямняе розум. Таму супрацоўнікі таварыства выратавання на водах вымушаны зноў і зноў нагадваць відавочную ісціну: не выходзьце на лёд, пакуль яго таўшчыня не дасягнула 7 сантыметраў!

Але калі вы ўсё ж апынуліся на замерзлым вадаёме і адчулі, што лёд нетрывалы, адразу павярніце назад і вяртайцеся па сваіх слядах слізготным крокам, не адрываючы ног ад паверхні. Калі ж лёд пад вамі пачаў патрэскваць, варта легчы і рухацца паўзком або перакатвацца. Галоўны вораг таго, хто ўсё ж праваліўся ў ледзяную ваду, гэта паніка. Перамясціцеся да краю, дзе лёд больш тоўсты, раскіньце рукі і без рэзкіх рухаў паспрабуйце акуратна, прыціскаючы грудзі да паверхні, выбрацца на яе. Многія людзі, якія пабывалі ў такой экстрэмальнай сітуацыі, расказваюць, што ў іх узнікала падспуднае жаданне адштурхнуцца ад дна і даць сабе імпульс, які дапаможа выбрацца. Але гэта памылкова: хутчэй за ўсё вы проста не зможаце вынырнуць. Так што старайцеся трымацца на вадзе, а калі лёд крохкі, ламайце яго і рухайцеся ў бок берага і, канечне, клічце на дапамогу.
Зрэшты, вельмі хацелася б, каб гэтыя парады вам не спатрэбіліся. Беражыце сябе!

Г.РУБАНІК, старшыня раённай арганізацыі
РДГА “Беларускае рэспубліканскае
таварыства выратавання на водах”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *