Апошні дзень лістапада 2021 года. 77 гадоў, як у вёсцы Забораўна не чутно стрэлаў. Але зноў, як і ў маі 1944 года, як у 2005-м, тут у чарговы раз хавалі астанкі мірных жыхароў. Яшчэ адна безыменная, нідзе не ўлічаная магіла стала месцам напаміну аб нявінных ахвярах, дзякуючы справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, узбуджанай Генеральнай пракуратурай краіны.
Стаялі вельмі спякотныя жнівеньскія дні. Вайскоўцы 52 асобнага спецыялізаванага батальёна па сантыметры расчышчалі зямлю, калі на паўметровай глыбіні натыкнуліся на першыя астанкі. Бядро, чэрап, кулямётная стужка, гумавая падэшва кеда 37 памеру, зношаная да дзіркі пад вялікім пальцам. Абутак належаў жанчыне – дзіцячых костак у магіле не было. Целы ляжалі адзін на адным няроўна, чым ускладнялі раскопкі. Перасохлы ў камень суглінак дрэнна паддаваўся, а зямлю салдаты літаральна змяталі пэндлямі, каб не прапусціць дробныя рэчы.
◆ Ва Ушацкім раёне з 2015 па 2021 гады на мемарыяльныя пліты воінскіх пахаванняў занесена 327 новых імёнаў.
“Вялікая ўдача, калі адшукаеш медальён – лічы што імя ахвяры вядома, гаворыць намеснік камандзіра батальёна Аляксандр Крэмянеўскі. – Сёлета пад Лагойскам паднялі астанкі 700 вайскоўцаў, з Ушацкага раёна накіроўваемся пад Гомель, дзе пакоіцца каля 15 тысяч чалавек”. Некалі афіцэр як і яго падначаленыя трапіў на тэрміновую службу ў адзінае ў краіне спецыфічнае фарміраванне і застаўся. Выдатна ведае гісторыю баявых дзеянняў на Беларусі, а калі знаходзяць рэчы, падключаецца эксперт батальёна. Вось і на гэты раз, дэталёва разгледзеўшы паржавеўшую кулямётную стужку, вызначыў, што выраблена яна ў ЗША.
А металічных нумарных медальёнаў не адшукалі. Ды і маглі апынуццы яны тут калі толькі выпадкова. Вёска Забораўна аказалася ў эпіцэнтры буйной аперацыі не Чырвонай Арміі, а партызанскага злучэння. У маі 1944-га тут разам з карэннымі жыхарамі знаходзілася шмат бежанцаў: ушачан, жыхароў іншых раёнаў, тых, што прыехалі ў водпуск на радзіму, дзе і застала іх вайна. Невядомыя адзін аднаму людзі ішлі ўслед за партызанамі, каб не трапіць у рукі фашыстаў. Акрамя таго, па ўспамінах старажылаў, у левай частцы вёскі размяшчаўся часовы партызанскі шпіталь, і тых, каго не ўдалося выратаваць, хавалі там жа.
Трагедыя ў Забораўна адбылася ў дзень прарыву блакады. Раз’юшаныя стратай сваіх салдат (па ўспамінах відавочцаў, луг ля рэчкі быў усланы іх целамі), карнікі расстралялі ўсё мужчынскае насельніцтва вёскі. Куля даганяла хлапчукоў і сівых старцаў ля дамоў, у выкапаных схованках, на ускрайку лесу, да якога не паспелі дабегчы. Выпадкова ўцалелі толькі тыя, хто быў у партызанах ці раніцай пагнаў коней на лясную пашу. Ну а пасля прарыву блакады ахвяр аказалася яшчэ больш. Пахаваць іх не паспелі –немцы поўнасцю зганялі мірнае насельніцтва ў часовыя канцлагеры для адпраўкі ў Нямеччыну. Часткова паспелі ўгнаць, аднак надыходзілі войскі Чырвонай Арміі і большасць вярнулася дамоў. А целы загінулых два тыдні праляжалі пад промнямі ўжо добра грэючага майскага сонца. Трупы не пераносілі на могілкі – хавалі там, дзе яны і ляжалі. Над магіламі тых, каго ведалі – родных і аднавяскоўцаў – з часам з’явіліся абеліскі. Астатнія так і засталіся ў зямлі без апазнавальных знакаў.
“Тут знаходзіцца дванаццаць чалавек, – паведаміла 18 жніўня пракурору Ушацкага раёна Зінаіда Іванаўна Аўдзін. – Сама я расстрэлаў не бачыла, бо немясцовая – выйшла замуж у гэтую вёку ў 1946-м. А мой муж Аркадзь Рыгоравіч закапваў трупы, ён і паказаў мне месца. Адна магіла – з абеліскам, другая – з целамі нявядомых яму людзей”.
З часам безыменны ўзгорак зарос кустоўе’ем. З пад яго і дасталі вайскоўцы з 16 па 19 жніўня астанкі прыблізна васьмі чалавек.
Іх імёны высветліць не ўдалося, як і дзясяткаў іншых, чые месцы насільнай смерці параслі лугавінай, лесам, зацягнула балаціной. Целы мірных людзей, партызан і вайскоўцаў, загінуўшых на сваёй зямлі ад рук фашыстаў. Але новыя імёны штогод аднаўляюцца. І адна з мэт справы, разглядаемай Ушацкай пракуратурай, выявіць безыменныя магілы і захаваць памяць аб нявінна забітых. “У выніку генацыду на тэрыторыі БССР загінула 2 мільёны чалавек. “Ва Ушацкім раёне за час акупацыі знішчана 53 населеныя пункты і 3373 мірныя жыхары, у Германію прымусова накіраваны 1825, з іх вярнулася толькі 1432”, – паведаміў падчас мерапрыемства пракурор Ушацкага раёна Максім Міхайлавіч Падворны.
“Дзякуючы справах аб генацыдзе беларускага народа ў Віцебскай воблаці толькі сёлета пастаўлены на ўлік 53 новыя месцы пахаванняў. І ўвекавечанне памяці нявінных ахвяр будзе працягвацца. Гэта трэба не мёртвым, гэта патрэбна нам, нашай моладзі. Гэта наш грамадзянскі і хрысціянскі доўг, – сказаў, адкрываючы жалобны мітынг старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў. Такі ж лейтматыў гучаў і ў выступленнях старшыні Ушацкага райвыканкама Уладзіміра Генадзьевіча Аўдошкі, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ніны Аляксандраўны Васілеўскай.
◆ Перапахаванне астанкаў адбылося дзякуючы фінансавай падтрымцы раённай арганізацыі Беларускага фонду міру.
І перапахаваны астанкі ахвяр генацыду былі, сапраўды, па ўсіх хрысціянскіх традыцыях: пад гукі ваеннага духавога аркестра, з адпяваннем, якое правёў протаіерэй Вячаслаў Лобец, мноства кветак лягло на свежы холм зямлі, засланы яловымі галінкамі. Тут, на грамадзянскіх могілках вёскі Роўбы ў гэты дзень сабралася вельмі многа людзей. У жалобнай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік пракурора Віцебскай вобласці Георгій Аляксандравіч Карэнько, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Уладзіміраўна Навіцкая, ваенны камісар ваенкамата Лепельскага і Ушацкага раёнаў Андрэй Леанідавіч Пухальскі, начальнік адасобленнай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Дзмітрый Юр’евіч Заікін, члены Ушацкага райвыканкама, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый раёна, вучні. Прыйшлі і былыя настаўніцы Плінскай школы, якія кожны год разам з дзецьмі даглядалі ўсе брацкія магілы вёскі Забораўна. Дарэчы, гэтая –першая на грамадзянскіх могілках.
Вольга КАРАЛЕНКА.