Все на ушачскую лыжню

Общество

У маладыя гады Галіна Мацвееўна і Сяргей Васільевіч Балаболкіны з райцэнтра вельмі любілі катацца на лыжах. Збяруцца і едуць на прагулку, так падабалася ўдыхаць свежае паветра, атрымліваць фізічную асалоду ад руху. Цяпер яны на пенсіі, але па-ранейшаму галава сямейства верны адпачынку на прыродзе. Цяпер ужо, пакуль жонка доіць карову ці рыхтуе страву, Сяргей Васільевіч з унукам Ягоркам паспявае не адзін раз з’ехаць на лыжах з горкі. Вельмі захапляўся гэтым відам і сын Ігар, аж з Сахаліна, дзе служыў, прывёз ён некалі лыжы.

Нярэдка можна бачыць на трэнажоры загадчыка рэанімацыйнага аддзялення Аляксандра Віктаравіча Паншына. Складаная работа па вяртанні людзей да жыцця патрабуе разгрузкі, і такія заняткі – незаменныя. А яго жонка захапляецца канькамі і лыжамі.

Галоўны інжынер меліярацыйнай арганізацыі Мікалай Леанідавіч Фядосенка актыўны адпачынак цэніць вышэй за ўсё. Ён пастаянны ўдзельнік і неаднаразовы пераможца раённых спаборніцтваў “Беларуская лыжня”. Сын Раман аж з Масквы прывёз нядаўна фірменныя лыжы.

А начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Сяргей Іванавіч Ціханёнак паклапаціўся, каб лыжы маглі набыць напракат многія жыхары раёна. 26 камплектаў іх куплена нядаўна ў Полацку, да гэтага цэлымі заставалася толькі 4 пары. У гэтыя дні, канечне, выдача лыж часова спынена, бо адліга, а ў марознае надвор’е яны выдаюцца па цане 4 тысячы за гадзіну даросламу і 2 – юным аматарам такіх прагулак. Іх можна ўзяць і на суткі (за 10 тысяч), і на двое (15 тысяч).

Важна, гаворыць трэнер П.Ю.Варатынскі, што сярод набытых названым аддзелам лыж ёсць чатыры камплекты аўстрыйскай фірмы “Фішэр”: два – для класічнай хадзьбы і столькі ж для каньковай. Яны будуць выкарыстоўвацца для трэніровак і выступленняў аматараў спорту. Пры раённым цэнтры пазашкольнай работы працуе гурток “Абаронца Айчыны”, дзе займаюцца ў асноўным 15-18-гадовыя трохборцы. У Вялікіх Дольцах напрацоўваюць майстэрства для адбору на біятлон школьнікі 11-14 гадоў. Заняткі на лыжах – неад’емная частка такіх трэніровак.

Маюць магчымасць наладжваць выезды па снезе на чале з настаўнікамі вучні ўсіх школ раёна. Так, ва Ушацкай сярэдняй школе ёсць не адзін дзесятак пар лыж. Здаўна сур’ёзна ставяцца да гэтага віду спорту ў сельскіх школах. Давялося чуць успаміны выпускнікоў з Селішча. Ужо і няма настаўніка пачатковых класаў былой васьмігодкі Пятра Пятровіча Катлёнка, а тыя, каго ён вучыў, прыгадваюць, якія цікавыя прагулкі наладжваліся. Сёння важнасць такіх заняткаў добра ўсведамляюць настаўнікі фізкультуры Вялікадолецкай школы Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі, Мосарскай – Уладзімір Міхайлавіч Магілін, Касарской – Віктар Іванавіч Акулёнак і іншыя, захопленыя сваёй справай педагогі.

Зразумела, каб наладзіць прагулкі па снезе, патрэбны не толькі лыжы. Вельмі важна – пракласці трасу. Тут не абысціся без фізічных намаганняў: расчыстка, прафіліраванне – справа працаёмкая. Без аматараў спорту няпроста зрабіць гэта, таму і даводзіцца такім чынам выходзіць са становішча. Абы толькі мелася магчымасць адпачываць з вялікім задавальненнем.

Г.АЛЯКСАНДРАВА.

На здымку: удзельнік гуртка “Абаронца Айчыны»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *