«Дело у нас — коллективное»: Наталью Крутёнок в ДРСУ-105 знают как выдающегося сотрудника

Общество

Чым адрозніваецца добры работнік ад выдатнага? Адказнасцю – пераканана адміністрацыя ДРБУ-105, якая прасіла напісаць пра начальніка планава-вытворчага сектара Наталлю Мікалаеўну Круцёнак. Гэтая рыса, а таксама працавітасць, высокі прафесіяналізм, добразычлівасць, уменне ісці на кампрамісы вылучаюць гэту супрацоўніцу, якой ужо праз 4 гады даверылі адказны пост у версе вытворчага ланцуга, а таксама абралі сваім прафсаюзным лідарам. І мы наўмысна не пісалі артыкул пра Н.Круцёнак да Дня аўтамабіліста і дарожніка, каб не абмяжоўвацца сціслым фарматам.

Чаму дзяўчына з данымі мадэлі абрала нежаночую спецыяльнасць дарожніка? Паддалася на перакананні бацькі. “Дарогі былі, ёсць і будуць”, – сказаў, калі вагалася з выбарам прафесіі, машыніст асфальтаўкатчыка Мікалай Уладзіміравіч Паўленка. І яна працягнула сямейную дынастыю. Вучыцца ў Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы было цікава – любіла чарціць і наогул мела схільнасць да інжынерных прафесій. Ну а працяглыя практыкі і выдатныя выкладчыкі дасканала ўвялі ў поўны цыкл будаўніцтва дарог, ад геадэзіі да якасці матэрыялаў. Апошнія яна – лабарант – і правярала на сваім першым працоўным месцы ў ДРБУ-105. Дарэчы, брала пераразмеркаванне з Верхнядзвінска, каб трапіць на малую радзіму, бо тут яе чакаў жаніх.

Так, дарожнік – не толькі яе бацька, брат, залоўка, але і муж, яго дзядзька, свёкар. Падчас практыкі ў ДРБУ-105 і завязалася каханне равеснікаў Максіма і Наталлі, якія і вучыліся ў паралельных класах, ды ў школе не разгледзелі адзін аднаго. Аднолькавая справа абавязкова выплывае падчас сямейных гутарак, хоць многія ўжо не працуюць у галіне. “Муж зараз дальнабойшчык і калі скідвае фотаздымкі краявідаў, лаўлю сябе на думцы, што разглядаю не горы, а як намалявана разметка ці як робіцца рамонт. Там цэлы катлаван выкопваюць, калі пайшла шчыліна, высвятляюць прычыну. Канечне, у нас іншыя кліматычныя ўмовы, таму знос дарог больш хуткі. Нават па Беларусі дарожнае адзенне кладзецца згодна трох зон, на Віцебшчыне яно самае вялікае”.

“У нас не трэба ўлівацца ў калектыў – гэта адбываецца само-сабой, бо здаўна пануе здаровы мікраклімат узаемадаверу і дапамогі. Мабыць таму, што справа ў нас – калектыўная. Стан дарог залежыць літаральна ад кожнай службы”.

Так прыгожа называецца насып з розных матэрыялаў для стварэння палатна, на якое апошнім кладзецца асфальт. Наогул Наталля так цікава расказвае пра вытворчасць, прычым у дробязях пра розныя яе напрамкі, што перакананы – яна працавала на ўсіх участках. “У каледжы давалі шмат спецыяльнасцяў: майстра, лабаранта, праекціроўшчыка. Таму ва ўніверсітэце я ўжо адпачывала. Ды і настаўнікі выдатныя былі. На практыцы ў ДРБУ-105 мяне замацавалі за вельмі вопытным і скрупулёзным майстрам Іванам Дзмітрыевічам Смальніцкім, з якім была побач на аб’ектах. У дырэктара Генадзя Аляксеевіча Глінскага вучыліся адказнаму стаўленню да справы, асабліва ён сачыў за якасцю. Лабараторыя знаходзілася на заводзе. Хлопцы рабілі сыравіну, а я наадварот раскладала яе, каб вызначыць працэнт бітуму і іншых складнікаў, – пастаянна ў клубах дыму”.

Зараз яна працуе выключна з паперамі, аднак дакладна ўяўляе, што за імі стаіць. Паступіўшыя сродкі ператвараюцца ў тоны асфальту, гравію, тысячы кіламетрагадзін… усё з канкрэтнай прывязкай да мясцовасці, таму канчатковыя лічбы не разыходзяцца з папярэднімі разлікамі. Хоць даныя правяраюцца ў вобласці і “Белдарцэнтрам”, аўдыт заўсёды заканчваецца паспяхова. Наталля Мікалаеўна сапраўды прафесіянал і вельмі адказны работнік.

Ну а паколькі яна заўсёды прадстаўляе калектыў на раённых мерапрыемствах – як спартыўных, так і грамадска-палітычных, мае пакладзісты характар, то проста не магла не аказацца прафсаюзным лідарам. Дадатковых абавязкаў значна прыбавілася, вось і зараз на яе стале ляжаў стос новых прафсаюзных білетаў, сцэнарый справаздачнага сходу. Але калегі прывыклі, што Новы год, дні нараджэнні, прафесійныя святы пройдуць насычана, цікава і… смачна. На дзіцячыя ранішнікі яна абавязкова прыносіць прыгожыя тарты. Захапіўшыся выпечкай чатыры гады таму, апрабавала шмат рэцэптаў, а некаторыя прыдумвала сама, як і іх упрыгожанне. Разам з сынамі на Дзень Перамогі і іншыя святы абавязкова едуць на мемарыяльны комплекс. І хоць сям’я Паўленка з Хойнік, і сама Наташа там нарадзілася, у размове я неаднойчы пачула “У нас”. Так, сваёй малой радзімай яна лічыць Ушаччыну. Любіць гэты край і калектыў, у якім падтрымліваюць цёплыя сяброўскія адносіны.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *