Смотритель фермы Иосиф Бельский в ОАО «Агро-Селище» — надёжный и незаменимый работник

Общество

– Бельскі яшчэ не прыйшоў? Ну ўсё, прапаў калгас, – жартуюць паміж сабой спецыялісты малочна-таварнай фермы “Селішча”. Хаця жарт гэты з’явіўся не на пустым месцы. Іосіф Сцяпанавіч сапраўды амаль штодня на ферме, нават калі выпадзе чаканы выхадны. І неаднойчы выручаў гаспадарку, замяняючы практычна любога работніка.

– Ён і корміць, і доіць, і лечыць – незаменны, на Сцяпанавічы сапраўды ферма трымаецца, – ужо абсалютна сур’ёзна кажа дырэктар ААТ “Агра-Селішча” Сяргей Аляксандравіч Плігаўка. Я ж здзіўлена паглядаю на высокага маўклівага мужчыну. Пакарміць – абавязак даглядчыка, падаіць – непрывычная справа, але куды ні ішло, і яшчэ не бачыла жывёлаводаў, якія б падмянялі ветурачоў. А І.Бельскі нядаўна, напрыклад, не пагадзіўся з запісам аб тэрміне пакрыцця каровы і даказаў сваю праўду.

– Яно ж пасля 4 месяцаў бачна, ну а на першых: пальчатку адзяваеш і прашчупваеш матку”, – яшчэ больш здзіўляе даглядчык. Сакрэт раскрывае загадчык фермы і жонка нашага героя Алена Васільеўна Бельская: “Ён ветурач па спецыяльнасці, скончыў Лужаснянскі тэхнікум. А на ферме, здаецца, і жыў бы. Нядаўна пытаюся, ну чаго ты пойдзеш? А ён адказвае: “Раптам хто не выйдзе”.

Слова за слова, ад калег і высветлілася, што Іосіф Сцяпанавіч хіба толькі асемянатара не падмяняў. Хаця на адпаведныя курсы таксама збіраўся. Ён 10 год адпрацаваў у гаспадарцы ветурачом, а калі змяншаўся статак, а адпаведна і штат, пайшоў у даглядчыкі. Алена Васільеўна раней была паштальёнам, потым дзесяць год кіравала фермай у Баяршчыне, і вось ужо другі – у Селішчы, дзе ў яе падначаленні 25 чалавек. Што займае самую нервовую аграрную пасаду, ведае і сама, і астатнія. “Для людзей дрэнна, калі раней затрымкі з зарплатай і па тры месяцы былі, ну а для кіраўніцтва гаспадаркі наадварот спакойней. І зусім жах, калі невялікімі порцыямі чатыры разы ў месяц давалі, – гаворыць А.Бельская. – Не сакрэт, што далёка не ўсе работнікі надзейныя. Загуляюць, тады і будзіш ранкам, угаворваеш выйсці ці тэрмінова падмену шукаеш”.

Улетку Бельскім дапамагае ўнук Ілья.

Першым у спісе памочнікаў, канечне, Іосіф Сцяпанавіч. Яго прасіць не трэба, і не толькі таму, што ідзе насустрач другой палавіне. Ён сапраўды вельмі перажывае за агульную справу, ведае, як адзін чалавек, а дакладней яго адсутнасць ці дрэннае выкананне абавязкаў, адбіваюцца на выніковых паказчыках.

Даглядчык праводзіць у сваю вотчыну – надзвычай светлы і прасторны прафілакторый для цялят. Пабудавалі яго сёлета, але не з-за гэтага так чыста было ў клетках і не адчувалася ніякага паху. Парадак ідэальны, а малых неяк было падняць на фотасесію – практычна ўсе адпачывалі на сухой пярыне, не ішлі да рук – лепшае сведчанне, што наеліся ўволю. За тымі, што некалькі тыдняў, як адняты ад каровы, і даглядае Іосіф Сцяпанавіч: поіць з вядзерца, раздае камбікорм, прыбірае клеткі. “Калі малых будзе больш – ёсць перасоўныя. Дырэктар гаспадаркі пастаянна цікавіцца навінкамі і ўкараняе іх. І пастэрызарат малака мы аднымі з першых набылі – захаванасць цялят лепшай стала, незаменная рэч, і шатры для цялят. А гэтым летам зварылі з жалеза клеткі двух відаў, круглыя і прамавугольныя, – паказвае і расказвае ён пра навінкі цялятніка. – Унутр салома кладзецца, на пруткі паілка вешаецца. Падняў – пачысціў, калі перавялі падрослых і месца хапае ў пастаянных – убіраем іх да чарговай патрэбы. А на вялікі мароз вось пушку набылі. Для цялят скразнякі непажаданы ды вільгаць, а невялікі мінус нястрашны”. Пакідаючы ж гэты прафілакторый, хацелася б, каб мабільныя клеткі хутчэй запоўніліся, а літаральна ўсе даглядчыкі былі такімі ж надзейнымі, як І.Бельскі. І, канечне, каб у Іосіфа Сцяпанавіча яшчэ неаднойчы была нагода шукаць абноўку, каб выйсці на сцэну за заслужанай узнагародай, як сёлета.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *