Свиноводческий комплекс «Сорочино» снова в строю! Но уже в виде общества с ограниченной ответственностью

Общество

Звесткі аб закрыцці свінагадоўчага комплексу “Сарочына” прыгняталі нават тых, хто не меў дачынення да прадпрыемства. Усе памяталі яго як флагмана, куды існавала чарга на працаўладкаванне. І вось людзі засталіся без работы, ды і зарплата апошнім часам была такая, што аграрыі шукалі лепшыя месцы. Таму так грэе слых навіна пра адраджэнне комплексу: 8 лістапада 2021 года ў яго трэці дзень нараджэння і пачатак дзейнасці новага таварыства з абмежаванай адказнасцю з ранейшай назвай “Сарочына”.

У памяшканнях зноў зарохкалі парсюкі, а дакладней 350 рамонтных свінак, з якіх і будзе адраджацца вытворчасць, разлічаная на адначасовае ўтрыманне 24 тысяч галоў. Гэта нават крыху больш, чым было на комплексе раней і чым на двух участках “Віцебскаграпрадукта”. Новае прадпрыемства зарэгістравана ў раёне, значыць у бюджэт будуць паступаць падаткі, а аб’ёмы вытворчасці – у залік паказчыкаў па вырошчванні мяса.

Але гэта ў будучым, а сёння дырэктар таварыства Сяргей Аляксандравіч Сенчанка, якому памяшканні перададзены бясплатна пад рэалізацыю інвестыцыйнага праекта, расказаў пра блізкую перспектыву:

– Гэта будзе поўны цыкл вырошчвання свіней: ад пакрыцця свінаматак да продажу мяса перапрацоўшчыкам ці гандлёвым арганізацыям – такі, які і быў на комплексе раней. Толькі ў старых сценах з’явіцца новае сучаснае абсталяванне: усе свінарнікі будуць абсталяваны механізаванай падачай камбікармоў, водапаеннем, дазатронамі, па якіх паступаюць вітаміны, усё па дацкай тэхналогіі, з Даніі будзем атрымліваць і семянны матэрыял. Пачнём з ландрасаў і іаркшыраў, потым далучым і трэцюю пароду – дзюрка.

Зразумела, каб засяліць жывёлу ў памяшканні, дзе сорак год стаялі парасяты, неабходна было дасканала ўсё прадэзінфіцыраваць. Напрыклад, поўнасцю дэманціравалі сістэму каналізацыі: падымалі чыгунныя рашоткі, вычышчалі, мылі, апрацоўвалі спецсродкамі, а потым наноў бетанавалі. Сістэма абагрэву і вентыляцыі – камп’ютарызаваная: абсталяваны дызельныя пушкі для падачы цяпла, дадаткова манціраваліся клапаны ў столі, якія пры патрэбе аўтаматычна адкрываюцца. За агароджу комплексу вынесены бункеры для кармоў: машыны з камбікормам не будуць трапляць на тэрыторыю, як раней, а выгружаць яго адпаведна маркам звонку.

І перш чым завезці свінак, пакуль што невялікіх – па 25-30 кілаграмаў, выклікалі спецыялістаў з ветлабараторыі, якія і праверылі памяшканні на наяўнасць узбуджальнікаў хвароб. На жывой вытворчасці заўсёды павышаная рызыка, тым больш што сродкі спонсараў і крэдыты ўжо ўкладзены, а аддача будзе няхутка. Таму на прадпрыемстве захоўваюцца строгія каранцінныя мерапрыемствы, пабочныя людзі ў цэхі не трапяць, вось і гэтыя здымкі рабілі супрацоўнікі таварыства.

С.А.Сенчанка – ветурач па адукацыі, выдатна ведае ўвесь цыкл вырошчвання парасят: працаваў тэхнолагам на падобным аб’екце ў Даніі, 15 год – намеснікам генеральнага дырэктара ААТ “Віцебскаграпрадукт”.

Пакуль што на доглядзе занята адзінаццаць чалавек, да апаросаў адчыняцца адноўленыя матачнікі, за імі паступова цэхі дарошчвання і адкорму. Мяркуецца, што на комплексе будзе створана каля 50 працоўных месцаў. Як гаворыць намеснік дырэктара таварыства Максім Мікалаевіч Палонскі, які быў апошнім кіраўніком комплексу, першачаргова на працу будуць браць былых работнікаў “Сарочына”. Зразумела, добрасумленных.

На пытанне, чаму выбар трапіў на наш раён, С.А.Сенчанка з усмешкай дадаў, што сам лічы што мясцовы – нарадзіўся на мяжы Полацкага і Ушацкага раёнаў, кіламетрах у 15 ад Сарочына. А галоўнае, комплекс пабудаваны для ўтрымання менавіта свіней, не давялося ўсё мяняць. Са збытам праблем паўставаць не павінна – мяса запатрабавана, будуць супрацоўнічаць новыя вытворцы і з Ушацкім філіялам аблспажыўтаварыства, а пакупнікі змогуць параўнаць свініну з розных комплексаў на смак. Сяргей Аляксандравіч запэўнівае, што ён будзе адрознівацца. Аднак пасмажыць першыя скваркі атрымаецца толькі праз год. Пажадаем жа адноўленаму “Сарочыну” бязвіруснага асяроддзя, працяглага і паспяховага плавання і, канечне, зноў стаць флагманам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *