В Ушачской ЦРБ появились палаты повышенной комфортности для ветеранов войны и труда

Общество

Знакавае для жыхароў Ушаччыны мерапрыемства адбылося на мінулым тыдні ў цэнтральнай райбальніцы. У прысутнасці раённага кіраўніцтва, актывістаў грамадскіх арганізацый, медыкаў былі ўрачыста адкрыты палаты павышанай камфортнасці для ветэранаў вайны і працы. У тэрапеўтычным аддзяленні іх тры, яшчэ адна – у хірургічным. Дапамогу ў іх аснашчэнні аказаў Беларускі фонд міру.

Т.Малак, А.Міранкова.

Дабрачынная акцыя “Наша ўвага героям войн і працы” ў рамках праграмы “Клопат” праводзіцца прыгаданай грамадскай арганізацыяй па ўсёй краіне. Ушаччыне ж пашанцавала аказацца ў ліку першых трох раёнаў Віцебшчыны (разам з Докшыцкім і Глыбоцкім), каму былі накіраваны сродкі.

– Гэтыя палаты ўсе мы справядліва зарабілі, – зазначыла старшыня раённай арганізацыі Фонда міру Т.М.Малак. – На іх аснашчэнне затрачана каля 8 тысяч рублёў, а мы сёлета сабралі нават больш – і на правядзенне дабрачыннай навагодняй акцыі ў бальніцах сястрынскага догляду яшчэ хопіць. У гэтай сувязі хачу падзякаваць усім нераўнадушным ушачанам, якія матэрыльна падтрымліваюць наша аб’яднанне. Дарэчы, у ліку актывістаў – і самі работнікі райбальніцы, узносы якіх перавысілі 900 рублёў.

У адной з новых палат.

На сённяшні дзень на Ушаччыне пражывае 6 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 12 былых малалетніх вязняў, 24 ардэнаносцы за працоўныя заслугі. Усім ім, як зазначыла галоўны ўрач ЦРБ А.А.Міранкова, у бліжэйшы час будзе прапанавана планавая шпіталізацыя ў новых палатах. Дарэчы, пуставаць апошнія не будуць у любым выпадку: у раёне амаль 3500 ветэранаў працы – і многія маюць шэраг хранічных захворванняў, часта наведваюць стацыянарныя медустановы.

Анжаліка Анатольеўна шчыра падзякавала Таццяне Міхайлаўне, а таксама лідару Віцебскай абласной арганізацыі Фонда міру Т.У.Туманавай за аснашчэнне палат. Цяпер пацыенты, якія патрабуюць асаблівай увагі, змогуць разлічваць не толькі на кваліфікаваную меддапамогу, але і на вельмі камфортныя ўмовы знаходжання ў бальніцы.

Новыя аднамесныя палаты, сапраўды, нагадваюць аднапакаёвую кватэру: з асобным санвузлом, шматфункцыянальным ложкам, тумбачкай. Ёсць таксама халадзільнік, вялікі вадкакрысталічны тэлевізар, а таксама прыборы для рэгулярнага маніторынгу стану здароўя пацыента: пульсаксіметр, танометр. Не горш, чым дома, а там, як кажуць, і сцены лечаць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *