Поездка оказалась долгой…

Общество

ДОЎГАЯ  ДАРОГА  ДА…

Пасля Каляд давялося раніцай рэйсавым аўтобусам ехаць у Старое Сяло Жарскага сельсавета. Усё нічога, ды надвор’е перад гэтым выдалася па-сапраўднаму зімовае – снег, завіруха. Асноўны шлях маршрута пралягае па ажыўленай шашы Полацк-Мінск, дзе дарога заўсёды добра расчышчана. У нейкую хвіліну падумалася, што аўтобус можа не даехаць да канечнага прыпынку, але калі ён без праблем трапіў у Мосар, падняўся пад гару і вярнуўся назад, і сумнення не было ў тым, што даеду да пункта назначэння. Радасныя пачуцці зніклі, калі аўтобус звярнуў з шашы.  Праехаўшы з цяжкасцю метраў 50, рухацца далей ён не змог – дарога не расчышчана. Далей пасажырам прыйшлося пераадольваць апошнія тры кіламетры да вёскі пешшу. Нічога страшнага ў зімовай прагулцы – супакойвала сябе, а ўсю дарогу да дому ў галаве круціліся думкі:  калі да такой вялікай вёскі не расчышчана дарога, што ж у маленькіх і аддаленых населеных пунктах раёна? А што, калі б гэтым рэйсам ехаў пажылы чалавек? Нават калі б яго і было каму сустрэць, праехаць насустрач усё роўна немагчыма…

Тэма стану дарог актуальная ў любую пару года. Ну а зіма для дарожнікаў, камунальнікаў па-сапраўднаму гарачы сезон, калі надвор’е падкідвае сюрпрызы ў выглядзе снегу, дажджу, галалёду. І што казаць, не заўсёды яны спраўляюцца са стыхіяй. Вось і цяпер дарогі і тратуары пераўтварыліся ў каток. Днямі ў рэдакцыю патэлефанавалі жыхары вуліцы Камсамольскай і паскардзіліся на тое, што дарога зусім не падсыпана. Не тое што праехаць – прайсці немагчыма. Каб не быць галаслоўнымі, і не пісаць неправераныя факты, мы вырашылі праехацца па вуліцах гарпасёлка і паглядзець, як вядзецца іх падсыпка ў гэтыя “слізкія” дні.  Цэнтральныя вуліцы, вядома, расчышчаны і падсыпаны, а вось па той жа Камсамольскай у напрамку рэчкі  сапраўды сітуацыя незайздросная – што яна вельмі слізкая і зусім не падсыпаная – выявілася ў першыя секунды руху. Месцамі людзі самі пасыпалі дарогу пяском, каб развярнуцца на аўтамабілі. У дадатак, па словах жыхароў вуліцы, месцамі не гараць яшчэ і ліхтары. Экстрэмальныя ўмовы! Праехаць уніз да вуліц Ніжне-Набярэжнай і Маладзёжнай, што над самай рэчкай, мы нават і не рызыкнулі, бо было ясна: назад выехаць наўрад ці атрымаецца. Вуліца П.Броўкі, што знаходзіцца побач, была падсыпана, а вось на Кірава назіралася тая ж сітуацыя. Гэтага было дастаткова, каб упэўніцца ў тым, што сітуацыя з дарогамі ў самім гарпасёлку пакідае жадаць лепшага. Што ж на раёне?

У гэты ж дзень намецілася камандзіроўка ў вёску Красоўшчына Сарочынскага сельсавета. – Вы можаце туды не даехаць, – пачулі папярэджанне. Але не сумняваліся ў магчымасцях свайго ўсюдыходнага УАЗа з двума мастамі і накіраваліся ў названы населены пункт. Звярнуўшы з шашы на Шніткі, Апанаскавічы, адразу зразумелі, што дарога не падсыпана, а на першым жа ўзгорку засталі аўталаўку, якая ніяк не магла пераадолець перашкоду. Машыну адным бокам сцягвала на абочыну, з другога калёсы лёгка круціліся на месцы па лёдзе. Зразумеўшы, што так проста выехаць не ўдаецца, вадзіцелю нічога не заставалася, як дастаць рыдлёўку, адкапаць на полі зямлі і пасыпаць. А час ішоў…  Непадсыпанымі былі дарогі па вёсках Газбэрак і Корсакава, якія былі на шляху да нашага пункта назначэння. Даехаць да Красоўшчыны ўсё ж такі нам удалося, але дарога была доўгай і цяжкай. Аўталаўкі да гэтых (і не толькі) населеных пунктаў даходзілі са спазненнем, часам ламаліся, не даходзілі, ім узамен адпраўляліся іншыя.

 – У аўторак аўтобус на Бальбінава не змог даехаць да канечнага прыпынку ні раніцай, ні ў абед. Такая ж сітуацыя па прычыне галалёду і непадсыпанай дарогі склалася на маршруце Ушачы-Жары-Рагуцкія – аўтобус не даехаў да Рагуцкіх, аўтобус Ушачы-Старае Сяло не змог заехаць у Мосар, не дачакаліся людзі аўтобуса і ў Гарадку,  –  паведамілі нам у дыспетчарскай аўтастанцыі.

Калі пры расчыстцы снегу задзейнічана яшчэ і тэхніка гаспадарак, то для падсыпкі патрэбна спецыяльная.

Зразумела, што немагчыма адначасова навесці парадак на ўсіх дарогах пры адлігах і завірухах, аднак графік работы дарожных службаў, пэўна, павінен узгадняцца з выхадам рэйсавых аўтобусаў і аўтамагазінаў. Тым больш, што яны не кожны дзень заязджаюць у Бальбінава, Красоўшчыну ці Гарадок…

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *