«Когда такая эпидемия, мимо не пройдёт никто». Интервью с нашим земляком, доктором медицинских наук, профессором С.В.Жаворонком

Общество

На сённяшні час няма нічога больш актуальнага, чым тэма каранавіруса. Хутка два гады, як жывём побач з каварнай хваробай, у надзвычайных умовах працуюць медыкі, людзі штодня абмяркоўваюць статыстыку і спрачаюцца аб карысці і шкодзе вакцынацыі. Каб дапамагчы разабрацца і прыняць для сябе правільнае рашэнне, мы пагутарылі з чалавекам, які лепш за многіх іншых ведае пра вірусныя захворванні. Гэта інфекцыяніст, імунолаг, доктар медыцынскіх навук прафесар Сяргей Уладзіміравіч ЖАВАРАНАК. Ну а паколькі вядомы навуковец – наш зямляк, то благога ўшачанам не параіць.

Сяргей Уладзіміравіч Жаваранак нарадзіўся 28 чэрвеня 1953 г. у вёсцы Селішча Ушацкага раёна. Закончыў Ушацкую школу, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Па размеркаванні застаўся працаваць старшым лабарантам кафедры інфекцыйных хвароб, адначасова вучыўся ў завочнай аспірантуры па спецыяльнасцях “Інфекцыйныя хваробы” і “Імуналогія”. У 1982 г. у Інстытуце вірусалогіі ім. Д.І.Іваноўскага АМН СССР абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата медыцынскіх навук. У гэты ж перыяд працаваў кіраўніком апорнай базы Нацыянальнага цэнтра СААЗ па вірусных гепатытах у БССР.
Доктарскую дысертацыю абараніў у 1990г. у ваенна-медыцынскай акадэміі ім. С.М.Кірава ў г. Санкт-Пецярбургу і быў накіраваны дырэктарам для арганізацыі Віцебскага філіяла навукова-даследчага клінічнага інстытута радыяцыйнай медыцыны. Адначасова працаваў прафесарам кафедры інфекцыйных хвароб Віцебскага медінстытута і кіраўніком філіяла Рэспубліканскага цэнтра па дыягностыцы і лячэнні хранічных гепатытаў.
З 1999 года – рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута і адначасова прафесар кафедры інфекцыйных хвароб.
У 2011-2015 гады – першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, зараз – прафесар кафедры інфекцыйных хвароб.
Падрыхтаваў звыш 35 дактароў і кандыдатаў навук.

– Сяргей Уладзіміравіч, у інтэрнэце ходзіць шмат відэа, у якіх людзі з навуковымі ступенямі раяць не прышчэплівацца, гавораць аб тым, што вакцына не праверана, было мала часу на яе стварэнне. Як Вы ставіцеся да такіх інтэрв’ю?

– Як да паказных трукаў зарабіць лайкі на “гарачай тэме”. Я гатовы біцца аб заклад, што гэтыя людзі не маюць ніякага дачынення да вірусалогіі. Інакш бы такога не казалі. Гэта раней уводзіліся вакцыны з жывым вірусам, потым – з забітым. Зараз адбіраюць тэст-бялок. Адпрацавана зусім іншая, сучасная генатэхналогія. І яна была, на яе аснове расійскія навукоўцы стварылі вакцыну супраць Эбола. Заставалася толькі выдзеліць С-бялок – шып, які далучаюць да АПМ-2 (ангиотензинпревращающий фермент), які адказвае за пранікальнасць нашых сасудаў – на гэта і ўздзейнічае вірус. Яго падсаджваюць у абалонку адэнавіруса – асноўная ідэя Цэнтра імя Гамалеі. Ён сакрэціруе бялок і даволі моцна стымулюе імунітэт, ствараюцца клеткі памяці. Я вучыўся ў аспірантуры ў Маскоўскім інстытуце вірусалогіі, знаёмы з супрацоўнікамі Цэнтра імя Гамалеі, давяраю ім і раю крытычна ставіцца да выказванняў невядомых “навукоўцаў”.

– Таксама людзі адзін аднаму перадаюць “страшылкі” пра цяжкія наступствы і нават лятальныя зыходы пасля прышчэпкі.

– На жаль, мне таксама даводзілася чуць падобнае нават сярод адукаваных людзей. Гэта няпраўда. Як і пры любой выкцынацыі, бываюць цяжкія ўскладненні, аднак гэта адзін выпадак на 10 тысяч чалавек (для насельніцтва Ушацкага раёна – менш чым паўтара). Звычайна вакцынацыя праходзіць незаўважана або з лёгкім недамаганнем і тэмпературай. Дарэчы, чым яна вышэй – тым лепш – сведчыць пра добры ўласны імунітэт. Так што мы нічога не губляем, а вось не прышчапіўшыся – моцна рызыкуем – лятальных зыходаў па Ушацкім раёне больш чым два, ці не так?

– Вы штодня бываеце ў бальніцах, кансультуеце і дапамагаеце хворым. Ці ёсць сярод цяжкіх пацыентаў прышчэпленыя?

– Не, у рэанімацыях, дзе знаходзяцца цяжкія хворыя, выключна тыя, хто не вакцынаваўся. Іх шкадаванні, што не зрабілі своечасова прышчэпку, варта было б пачуць тым, хто яшчэ сумняваецца. Калі спадзяешся, што запрацуе застаўшаяся частка лёгкіх, перастае падсілкоўвацца мозг, вісіш на валаску, тады ўсё б аддаў за своечасовую прышчэпку.

– Якія асаблівасці чацвёртай хвалі каранавіруса Вы заўважылі?

– Вірус “памаладзеў”. Канечне, маладыя людзі хварэлі на каранавірус і раней, аднак без лятальных зыходаў і не ў такіх цяжкіх формах. Другое адрозненне – ён пачаў развівацца імкліва і часта непрадказальна. Па-трэцяе, адзначу, што раней, каб заразіцца, умоўна кажучы, трэба было чыхнуць на чалавека, зараз дастаткова падыхаць у адным пакоі. Таму абавязкова трэба насіць маску, насіць правільна: закрываць нос, рот, падбародак, праз дзве гадзіны аднаразовыя мяняць. Вірус не тэрмастабільны, таму тканевыя можна апрацоўваць гарачым прасам. І часта праветрываць памяшканні.

– Як вірус дзейнічае на арганізм?

– Калі няма імунітэту (чалавек не прывіты і не хварэў), то вірус распаўсюджваецца па ўсім арганізме. Рэцэптары, да якіх ён прымацоўваецца, ёсць літаральна на ўсіх органах і тканках: галаўным мозгу, мышцах, у пячонцы. Лёгкія проста першыя на шляху і таму пакутуюць больш і першымі выходзяць са строю. Імунітэт выпрацоўваецца напрыканцы першага тыдня, аднак пачынае біць і па вірусу, і па органе. А калі арганізм прывіты, то як толькі вірус трапляе, на яго пачынаецца атака. Гэта як камп’ютарны антывірус: распазнае і забівае. Таму і ёсць рэальны шанс, што не будзе татальнага паражэння.

– Аднак хварэюць і правакцынаваныя?

– На эфектыўнасць вакцыны ўплывае вельмі шмат фактараў. Прывяду свой прыклад. Я таксама захварэў пасля таго як прышчапіўся “Спутнікам”. І магу сказаць чаму: паміж першай і другой ін’екцыямі перахварэў на грып тыпу В і таму не выпрацаваўся ўстойлівы імунітэт. Некаторыя наогул не паспелі атрымаць другую дозу, ці таксама праходзілі нейкія працэсы ў арганізме. Аднак літаральна ўсе прышчэпленыя пераносяць хваробу ў больш лёгкай форме. Гэта якраз сведчыць пра тое, што пэўны імунітэт сфарміраваны. Прывяду зусім свежы прыклад. У бальніцы сустрэў знаёмую, якая захварэла адначасова з мужам – заразіліся ад дзяцей. Яна правакцынаваная – ужо выпісалася, ён не рабіў прышчэпку і знаходзіцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх – невядома чым гэта закончыцца. І такіх прыкладаў шмат.

– Атрымліваецца, што ўскладненні, якія праяўляюцца пасля выздараўлення, – гэта на самой справе пашкоджаныя вірусам органы?

– Так. Існуе такі тэрмін – лонг-кавід, так называюцца праяўленні каранавіруса пасля заканчэння вострай формы. ПЦР-тэсты даўно паказваюць адмоўныя вынікі, антыцелаў – у дастатку, а хвароба не адпускае. Сёлета былі апублікаваны даныя даследаванняў, праведзеных на 1700 перахварэўшых кітайцах: 63 працэнты з іх скардзіліся на павышаную стамляльнасць і мышачную слабасць, у 26 працэнтаў былі праблемы са сном, а ў 23 з’явілася павышаная трывожнасць. Сярод частых пасткавідных праяўленняў таксама сып – нават калі раней у чалавека не было алергіі, пагаршэнне памяці, па паўгода і больш не адчуваеш пахаў.

– Пасткавідны сіндром праяўляецца толькі ў тых, хто цяжка пераносіў хваробу?

– Не, усе пералічаныя і іншыя сімптомы могуць быць і ў тых, хто ў бальніцу не трапляў.

– Як дапамагчы арганізму аднавіцца? Што Вы рабілі самі?

– Раю паступова павялічваць нагрузкі: хадзіць, рабіць дыхальныя і іншыя практыкаванні. Дарэчы, на канале “ВосьМой” беларускім тэлебачаннем падрыхтаваны такі блок. Не лішнім будзе наведванне хвойнага лесу – карысна для лёгкіх, канечне, весці здаровы лад жыцця. Калі курыце – хутчэй кідаць гэтую звычку, паколькі тытунь у першую чаргу пагаршае сасуды і лёгкія – на якія робіць атаку і вірус. Зразумела, ужываць больш агародніны і фруктаў, вітаміны, журавін вось шмат на Ушаччыне.Наогул, рабіць збалансаваным харчаванне.

– Часнок, напэўна, не пашкодзіць?

– Дапаможа. Калі з’есці раніцай галоўку, а потым у абед – да цябе дакладна ніхто блізка не падыдзе. Ну гэта ўжо жарт.

– Тым, каго выпісваюць з бальніцы, назначаюць прэпараты па вывядзенні вадкасці з лёгкіх, супраць згусальнасці крыві, для аднаўлення пячонкі. Ці не трэба прымаць нешта і тым, хто не быў пад пастаянным наглядам медыкаў?

– Самалячэннем займацца не варта, любы прэпарат павінен назначаць урач. Антыкаагулянты – таблеткі для разжыжэння крыві першы час пасля хваробы, ды і тым, каму за 60, варта прымаць – на жаль, хапае прыкладаў, калі пасля перанесенага каранавіруса ў людзей здараюцца інсульты, інфаркты, трамбозы – гэта якраз з-за павышанай згусальнасці крыві. Зноў жа іх шмат і трэба пракансультавацца з урачом

– Сяргей Уладзіміравіч, у сродках масавай інфармацыі вельмі размыты тэрміны вакцынацыі тых, хто перахварэў: ад некалькіх тыдняў да паўгода. Што б параілі Вы?

– Я б не спяшаўся і раней 6 месяцаў не прышчэпліваўся. Вакцынацыя і перанесеная хвароба – гэта па сутнасці адно і тое ж, толькі першае лепш, паколькі адразу пачынаецца атака на вірус, а не на органы.

– Нядаўна ва Ушацкай ЦРБ быў Ваш вучань – прафесар Валерый Сямёнаў. Спецыялісты такога ўзроўню прыязджаюць у раённыя цэнтры дапамагчы ці для праверкі?

– Калі гэта планавы выезд, то глядзяць, як наладжана работа, захоўваюцца пратаколы. Аднак у чацвёртую хвалю штодня працуе рэспубліканская санавіяцыя: выкладчыкі Віцебскага медуніверсітэта, усіх іншых устаноў дапамагаюць калегам у раённых цэнтрах са складанымі выпадкамі. За ўсімі супрацоўнікамі нашай кафедры таксама замацаваны дзяжурствы ў інстытуце пульманалогіі. Хапае і экстранных вылетаў. Медыкі працуюць у надзвычайных умовах, расходуюцца вялізныя сродкі, але мы не ўсемагутныя і, на жаль, далёка не ўсіх атрымоўваецца выратаваць. Гэта не гаворачы пра тое, што з-за каранавіруса прыпынены некаторыя планавыя аперацыі. Вакцына – таксама не танная, аднак яна закупляецца, каб выпрацаваць калектыўны імунітэт. Толькі калі прышчэпіцца ці перахварэе 80 працэнтаў насельніцтва, можна будзе казаць пра спыненне эпідэміі. Хацелася б, каб людзі разумелі гэта і дапамагалі дактарам справай – вакцынацыяй і захаваннем санітарных норм.

– Заключны вывад нашай размовы – інфекцыяніст, імунолаг Сяргей Жаваранак раіць землякам прышчэплівацца?

– Не проста прышчэплівацца, а як мага хутчэй. Калі ідзе такая эпідэмія, ніхто не пройдзе міма. Вакцына – гэта адзіны сродак засцерагчыся, ну а часовы – маска.

– Вялікі дзякуй Вам за размову і карысныя парады.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *