Если видите человека с белой тростью, предложите помощь — это не сложно!

Общество

Белы кій у руках – рэч пазнавальная і мае вельмі канкрэтнае значэнне. Па гэтым прадмеце можна беспамылкова вызначыць чалавека, які мае сур’ёзныя праблемы са зрокам. Штогод з 15 кастрычніка па 15 лістапада ў Беларусі праходзіць месячнік “Чалавек з белым кіем”. Яго мэта –  нагадаць усім, што невідушчым людзям вельмі патрэбны ўвага і дапамога.

М.Антуновіч, Г.Маковіч.

Ушачанка Галіна Іванаўна Маковіч мае І групу інваліднасці па зроку, а таму не можа самастойна справіцца з шэрагам прывычных простаму абывацелю спраў. На бягучым тыдні на выручку ёй прыйшлі спецыялісты раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”, аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН, якія суправадзілі жанчыну да банкамата “Беларусбанка”, а таксама ў яе любімы магазін “Санта”. І хоць памочнікі былі побач, ушачанка ўсё ж ішла з правераным сродкам – белым кіем.

– Надзвычай зручная прылада! Па яе стуку вызначаю фактуру паверхні, даведваюся пра наяўнасць перашкоды: прыступкі ці тратуара, – расказвае жанчына. – Дарэчы, нам, інвалідам першай і другой груп, яна выдаецца бясплатна. Дапамагаюць мне ў паўсядзённым жыцці і іншыя сродкі, атрыманыя праз сацслужбу на льготных умовах: гаворачыя гадзіннік і тэрмометр, смартфон для невідушчых.

– Калі бачыце чалавека з белым кіем, прапануйце дапамогу, – звяртаецца да землякоў старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” М.Антуновіч. – Пры гэтым асцярожна вазьміце за руку і крыху накіроўвайце. Заходзячы ў памяшканне, апішыце коратка, што знаходзіцца вакол. Звярніце ўвагу на наяўнасць прадметаў, якія могуць лёгка разбіцца. Папярэджвайце пра перашкоды ў пакоях (прыступкі, нізкія столі) і на вуліцы (ямы, трубы). А пры зносінах з групай людзей з цяжкімі парушэннямі зроку не забывайце кожны раз называць таго, да каго звяртаецеся.

* * *

На працягу многіх стагоддзяў невідушчыя карысталіся дапамогай павадыроў. Белы кій з’явіўся ў 1921 годзе. Ідэя яго стварэння належыць аслепламу ў выніку няшчаснага выпадку фатографу брытанцу Джэймсу Брыгсу. Са звычайным кіем для прагулак ён не адрозніваўся ад астатніх, таму вырашыў пафарбаваць яго ў белы колер. Такім чынам ён стаў сігналам для акружаючых, асабліва вадзіцеляў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *