Тэрмометр усё часцей паказвае мінусавыя тэмпературы, таму жыхары дамоў больш інтэнсіўна пачынаюць тапіць печы. У сувязі з гэтым выратавальнікі нагадваюць, што нельга іх перакальваць, тапіць варта 2-3 разы ў дзень і за 2 гадзіны да сну, не спяшайцеся закрываць заслонку, калі паліва поўнасцю не дагарэла. Не кладзіце ў топку адразу шмат дроў – закідвайце паступова, не забывайцеся пра перадтопачны ліст.
◆ Колер дыму. Калі печ працуе добра, дым з трубы ідзе светлы або нават празрысты. Калі дым пацямнеў – пара чысціць комін.
◆ Колер полымя. Калі языкі агню светла-жоўтага колеру – усё ў норме, калі ж сталі аранжавымі, а інтэнсіўнасць моцна ўпала, то, як мінімум, патрабуецца чыстка трубы коміна, а часам і ўсёй сістэмы.
Памятайце аб тым, што неабходна ачысціць дымаход ад сажы. Летась на Ушаччыне былі выпадкі, калі яна загаралася ў дымаходзе, а гаспадары нават не адразу заўважалі пажар. Апошнім часам у продажы можна ўбачыць спецыяльны ачышчальнік дымахода ў выглядзе парашка, які закладваецца разам з дрывамі. Аднак спецыялісты МНС яго не рэкламуюць – далёка не ўсе яны эфектыўныя. Некаторыя выкарыстоўваюць для ачысткі такія народныя сродкі, як соль ці бульбяныя ачысткі. Першым пасыпаюць дагараючыя вуглі, другі кідаюць у агонь. Аднак, як адзначаюць у МНС, гэта таксама не надта эфектыўна. Самы правераны гадамі і надзейны спосаб – ручная чыстка з дапамогай вяроўкі, троса, шчоткі ці ёршыка.
Вольга КАМАРКОВА.