Вось ужо 30 год Тамара Дзмітрыеўна Барадзёнак радуе ўшачан сваёй творчасцю. Хто не ведае яе жыццёвых баек, вершаў пра родную старонку? І хоць пісаць яна пачала раней, стартам літаратурнай дзейнасці лічыць першую публікацыю ў “раёнцы” ў 1991-м.
А ўжо праз некалькі год яе творы друкавалі “Віцьбічы” і “Беларуская ніва”, “Звязда” і “ЛіМ”, “Маладосць” і “Вожык”. Т.Барадзёнак была прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. За гэтыя дзесяцігоддзі ўбачылі свет больш 20 самвыдатаўскіх зборнікаў вершаў, многія з якіх выпушчаны на базе Ушацкай бібліятэкі. Песняй “Прывітальная” на словы ўшачанкі дзяржаўны ансамбль Віцебскай філармоніі “Талака” пачынае кожнае сваё выступленне, з ёй калектыў аб’ехаў амаль усю Еўропу. Вельмі папулярныя гумарыстычныя творы паэтэсы. Так, брэсцкі народны калектыў “Рабіначкі” шмат год выконвае на канцэртах яе байкі і гумарэскі.
У апошні час творчасць Тамары Дзмітрыеўны аздобіла духоўная лірыка. Пры нядзельнай школе храма ў Арэхаўне выдадзены 2 яе кнігі: зборнік вершаў “Святло душы” і “Сказанне аб жыціі святой вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы”. Актыўна далучылася паэтэса і да розных падзей у народным клубе творчых сустрэч “Муза”, прымае ўдзел у прэстыжных літаратурных фестывалях. А яшчэ яна імкнецца захаваць для нашчадкаў народную спадчыну сваёй малой радзімы, таму нядаўна аднавіла два абрады роднай вёскі Матырына – калядны і велікодны, у якіх удзельнічала ў дзяцінстве разам са сваёй матуляй Зінаідай Аляксандраўнай Аўласенка.
Паколькі масавыя мерапрыемствы зараз непажаданыя, юбілей творчай дзейнасці Тамары Барадзёнак наш клуб вырашыў адзначыць у незвычайным фармаце: з гэтай нагоды быў спецыяльна зняты відэаролік, у якім паэтэсу вітаюць розныя людзі і калектывы (паглядзець яго можна ў групах “Музы” і “Патрыёта” ў сацыяльных сетках). Землякі шчыра жадаюць Тамары Дзмітрыеўне поспехаў у творчасці і асабістым жыцці!
Л.ДУНЕЦ, кіраўнік клуба “Муза”.