Цифровое телевидение и телевизоры

Общество

Ушацкі цэх ультракароткахвалевых радыёперадатчыкаў пачаў трансліраваць тэлеканалы не толькі ў аналагавым рэжыме, але і ў лічбавым. Па ацэнках спецыялістаў яно ў шэсць разоў эфектыўней за аналагавае. На нашы пытанні, звязаныя з асаблівасцямі прыёму праграм лічбавага тэлебачання, перспектывамі яго развіцця, расказвае начальнік арганізацыі В.У.ГУБАНКОЎ.

– Віктар Уладзіміравіч, скажыце, калі ласка, навошта неабходны пераход з аналагавага вяшчання на лічбавае?

– Лічбавае тэлебачанне мае масу пераваг перад аналагавым. У першую чаргу гэта высокая якасць карцінкі і гучання. Лічбавае тэлебачанне, у адрозненне ад аналагавага, практычна не схільна ўплыву перашкод. Там, дзе «традыцыйнае» ТБ ідзе слаба, з шумамі і перашкодамі, лічбавы сігнал тэлевізар прымае ў той якасці, у якой ён быў сфарміраваны ў тэлевізійнай студыі. Гэтыя асаблівасці робяць лічбавае вяшчанне ідэальным для аддаленых рэгіёнаў, вёсак, дзе якаснаму прыёму тэлевізійнага сігналу перашкаджаюць, да прыкладу, лясныя масівы, нізінны рэльеф і ўзгорыстасць.

– Гэта значыць, што ўсе каналы там паказваюць ідэальна?

– Увесь раён знаходзіцца ў зоне ўпэўненага прыёму лічбавага тэлебачання. Але ёсць шэраг асаблівасцей. Неабходна ўлічваць, якая антэна, вышыня яе пад’ёму, і ад тэлевізара многае залежыць. Зараз пакуль што ёсць пэўныя праблемы з вяшчаннем канала малой магутнасці “РТР-Беларусь”, аднак робіцца ўсё магчымае, каб у бліжэйшы час наладзіць высокую якасць прыёму.

– Чула, што фармат лічбавага вяшчання дазваляе трансліраваць на адным канале некалькі праграм.

– Так, калі аналагавае тэлебачанне – гэта адна праграма на адзін канал адначасова, то фармат MPEG-4, прыняты для лічбавага вяшчання ў Беларусі, – да васьмі праграм на кожным з іх. Праз месяц-два акрамя ўжо прывычных шасці каналаў ушачане змогуць глядзець яшчэ два: “Мир” і “8 канал”.

– Новы фармат як-небудзь паўплывае на спажыванне электраэнергіі?

– Так, яна зменшыцца ў некалькі разоў у пераліку на адзін канал. Эканомія відавочная. Гэта яшчэ адна з пераваг лічбавага тэлебачання перад аналагавым.

– Ці можна сёння купіць тэлевізар, які прымае лічбавы сігнал?

– Тэлевізары, аснашчаныя лічбавым цюнэрам, у продажы знайсці нескладана. Аднак хачу звярнуць увагу на тое, што некаторыя з іх – у пераважнай большасці замежнай вытворчасці, тыпу Samsung, Panasonic, Sony і іншыя – маюць цюнэр з фарматам MPEG-2, які неактуальны для Беларусі. У выпадку куплі такога тэлевізара неабходна будзе яшчэ дадаткова набыць і падключыць спецыяльны “пераходнік”. Айчынныя ж вытворцы ў большай ступені гатовы да таго, каб забяспечыць нас тэлевізарамі неабходнага фармату.

– Стары тэлевізар прыйдзецца выкінуць?

– Не. Калі тэлевізар не мае спецыяльнага цюнэра, прымае толькі аналагавы сігнал, то можна проста набыць адпаведную тэлевізійную прыстаўку. Яна можа быць вытворчасці прадпрыемстваў “Віцязь”, “Гарызонт” ці аналагічная. Беларускія прыстаўкі зараз каштуюць каля 240 тысяч рублёў. Польскія і кітайскія – крыху танней.

– Ці неабходна для прыёму лічбавага сігналу ўстаноўка якой-небудзь спецыяльнай антэны?

– Пажадана. Гэта можа быць любая прыёмная антэна дэцыметровага дыяпазону. Якасць лічбавага вяшчання, безумоўна, будзе лепшай.

– Якая перспектыва развіцця лічбавага тэлебачання ў нашым раёне?

– Акрамя хуткага ўвядзення вышэйпрыгаданых тэлевізійных каналаў працягнецца паступовае павелічэнне іх колькасці. Будзем пільна сачыць за тым, каб прагрэсіўныя тэхналогіі сталі даступнымі кожнаму, удасканальваць тэхнічную базу Ушацкага цэха ультракароткахвалевых радыёперадатчыкаў, што павысіць якасць лічбавага сігналу. Плануем да 2015 года поўнасцю перайсці на тэлевізійнае вяшчанне ў сучасным лічбавым фармаце.

*     *     *

На жаль, у гандлёвай сетцы нашага раёна тэлевізараў, аснашчаных лічбавымі цюнэрамі, спецыяльных лічбавых прыставак пакуль што няма. Як адзначаюць спецыялісты гандлю, шырокага попыту на гэты від тавару не назіраецца, аднак пры ўмове яго росту і па заяўках завоз будзе забяспечаны. На сённяшні дзень набыць такія тэлевізары і прыстаўкі можна, напрыклад, у Полацку ці Віцебску.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *