– Становішча на Ушаччыне з дэмаграфіяй вельмі няпростае. Прывяду некаторыя лічбы. У мінулым годзе ў раёне з’явілася на свет 119 дзяцей, памерла 392 чалавекі. Зарэгістравана 122 шлюбы, у тым ліку шэсць з замежнымі грамадзянамі і 2 з непаўналетнімі.
Для параўнання, у 2009 годзе аддзелам загса было зарэгістравана нараджэнне 152-х немаўлят. Марш Мендэльсона прагучаў для 135 пар. Смяротнасць спынілася на планцы 352. Як бачым, па ўсіх паказчыках дэмаграфічная сітуацыя ў 2010 годзе пагоршылася.
У гарадскім пасёлку Ушачы было зарэгістравана 62 нараджэнні (31 дзяўчынка і 31 хлопчык), на сяле – 57 нараджэнняў (31 хлопчык і 26 дзяўчынак), смерцяў па гарадскім пасёлку – 92, па сельскай мясцовасці – 300, калі шлюбаў аддзелам загса было зарэгістравана ў 2010 годзе 96, то сельвыканкамамі – толькі 26.
У 2010 годзе ў цэлым па раёне нарадзілася 62 хлопчыкі і 57 дзяўчынак. З агульнай колькасці народжаных дзяцей 60 – першынцы (у 2009-м – 76), у 41 выпадку зарэгістравана нараджэнне другога дзіця ў сям’і (у папярэднім – 55), у 16 выпадках у сем’ях з’явіліся трэція дзеці (у 2009-м – на 1 выпадак менш), маецца па адным выпадку з’яўлення ў сем’ях чацвёртага і шостага дзіця (у 2009 годзе было па тры выпадкі рэгістрацыі чацвёртага і пятага дзіця ў сем’ях). У 2010 годзе ў Сарочынскім сельвыканкаме быў адзін выпадак рэгістрацыі нараджэння хлопчыкаў-двайнят. У 2009-м такіх выпадкаў было два – рэгістраваліся нараджэнні двайнят-дзяўчынак.
Найбольшая колькасць дзяцей – 96 – з’явілася ў матуль ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, 26 – ад 31 да 40. Самая маладая маці, якая нарадзіла дзіця ў 2010 годзе, была ва ўзросце 16 гадоў. А самымі старэйшымі матулямі сталі жанчыны 1972 года нараджэння.
Самымі маладымі бацькамі за мінулы год сталі мужчыны ва ўзросце 19 гадоў, а самаму старэйшаму споўнілася 55.
33 дзіця нарадзілася ў матуль, якія не маюць афіцыйна зарэгістраванага шлюбу, што складае 28% ад агульнай колькасці нованароджаных. Як і летась, у цэлым па раёне амаль кожнае чацвёртае народжанае дзіця не мае таты.
Самымі распаўсюджанымі імёнамі, якімі ў 2010 годзе бацькі назвалі сваіх дзетак, сталі мужчынскія – Максім (названа 5 дзяцей), Уладзіслаў, Іван, Арцём і Мікіта – па 4 дзіця; Кірыл, Аляксандр, Раман, Ягор, Станіслаў – па тры дзіця. Самымі папулярнымі сярод дзяўчынак летась сталі імёны Ульяна (названа 5 дзяўчынак), Дар’я (4), Паліна, Віялета, Аляксандра, Кіра – па 3.
Сярэдні ўзрост уступаючых у шлюб мужчын склаў 28 гадоў (у 2009-м – 29), жанчын – 27 (на ўзроўні мінулага года). Самай маладой нявесце на момант рэгістрацыі шлюбу споўнілася 17 гадоў і 8 месяцаў, самай старэйшай – 81 год. Самаму маладому жаніху было 19 гадоў, а самы старэйшы ўзяў шлюб, маючы за плячыма 65 гадоў.
Хочацца пажадаць шчасця і моцнага кахання маладым сем’ям, здароўя самым маленькім нашым грамадзянам і іх бацькам. І хай часцей кружыць бусел над дахамі вашых хат!
Падрыхтавала
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.