Чарговы прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у пятніцу ва Ушачах правёў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 У.П.Андрэйчанка. Акрамя гэтага Уладзімір Паўлавіч наведаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”, азнаёміўся з ходам капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі цэнтральнай раённай бальніцы. Многія ўшачане ўжо паспелі прыкмеціць, як актыўна тут вядуцца работы.
На здымку: У.Андрэйчанка абмяркоўвае рамонт ЦРБ з дырэктарам упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна А.Лосевым і намеснікам старшыні райвыканкама Д.Цімафеевым.
На прыём у гэты раз звярнулася некалькі чалавек. Так, напрыклад, дачнік са Звоні, які не згодны з рашэннем суда аб спагнанні ўрону, нанесенага навакольнаму асяроддзю, атрымаў тлумачэнні наконт законнасці і абскарджання рашэння ў вышэйстаячай інстанцыі.
Жыхара вёскі Шчарбёнкі хвалюе нездавальняючы стан дарогі Арэхаўна-Шчарбёнкі, у прыватнасці, зарастанне абочын драўнінна-хмызняковай расліннасцю. Пытанне ўзята на кантроль, работы па высечцы працаўнікамі ДРБУ-105 будуць выкананы да канца года.
А вось старэйшына вёскі Ваўчо Мікалай Сцяпанавіч Леднік прыйшоў на прыём з удзячнасцю: “Да Вас звычайна звяртаюцца з пытаннямі і праблемамі, і я калісьці прыходзіў, а сёння мэта майго візіту – ад імя вяскоўцаў выказаць вялікую ўдзячнасць за тую дапамогу, якую Вы аказваеце. Мы ўжо падключыліся да цэнтралізаванага водазабеспячэння, работы сёлета былі праведзены вельмі аператыўна і якасна, жыхары вёскі задаволены”.
Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама С.І.Ціханёнак далажыў старшыні Палаты прадстаўнікоў аб рабоце фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва- Ушачы”, мерах, якія прымаюцца па прыцягненні патэнцыяльных інвестараў для магчымага будаўніцтва інтэрната для спартсменаў побач з комплексам. Расказваючы ж аб правядзенні на базе “Юнацтва- Ушачы” праграмы “Алімпійскі талент” (тэсціраванні па выяўленні спартыўна адораных дзяцей), Сяргей Іванавіч выказаў прапановы па ўнясенні змяненняў у Кодэкс аб адукацыі. Уладзімір Паўлавіч даручыў пісьмова выкласці прапановы і накіраваць у Палату прадстаўнікоў для вывучэння.
Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы А.А.Міранкова падзякавала У.П.Андрэйчанку за ўвагу да сферы аховы здароўя раёна, выдзеленыя сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і далажыла аб іх выкарыстанні. Пандэмія ўнесла карэктывы, і ў першую чаргу набылі абсталяванне для больш якаснай дыягностыкі і аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. Дааснасцілі аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі, клініка-дыягнастычную лабараторыю, набылі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх з магчымасцю выкарыстання яго нават для нованароджаных, кіслародныя канцэнтратары і іншае абсталяванне. Плануецца яшчэ набыць дэфібрылятар для рэанімацыі, дадаць кіслародныя кропкі ў тэрапеўтычным аддзяленні, набыць рэзервовую кіслародную станцыю. У цяперашні час вядзецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй бальніцы і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Да канца года плануецца завяршыць работы па цеплаізаляцыі і рамонце будынка паліклінікі, часткова па добраўпарадкаванні.
Пасля прыёму Уладзімір Паўлавіч пабываў на аб’екце. Як адзначыла А.А.Міранкова, хацелася б прывесці ў больш прывабны стан не толькі тэрыторыю каля цэнтральнага ўваходу, а і ўсю астатнюю, у прыватнасці, каля прыёмнага пакою. У.П.Андрэйчанка падтрымлівае гэта меркаванне: “У бальніцу ўжо шмат укладзена, трэба ўсё давесці да ладу, каб быў парадак і не заставалася недапрацовак”.
Падчас візіту ў ЦРБ наш дэпутат наведаў пацыентаў у хірургічным і тэрапеўтычным аддзяленнях, пацікавіўся іх здароўем і ўмовамі знаходжання ў стацыянары. Ацаніў таксама аднамесныя палаты, якія нядаўна абсталяваны ў гэтых аддзяленнях за сродкі Фонду міру спецыяльна для ветэранаў вайны і працы. 4 памяшканні практычна гатовы для размяшчэння хворых.
Адказваючы пасля прыёму на пытанні журналістаў, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што за апошні час многае зроблена па розных напрамках, дзякуючы сістэмнай рабоце ўсіх галін вытворчасці. У сувязі з гэтым змяншаецца і колькасць зваротаў. Раней людзі масава прыходзілі на прыёмы, іх хвалявалі капітальны рамонт жылля, ацяпленне. Цяпер гэтыя пытанні зняты, па капрамонце ўстаноўлены нарматывы, колькі ў год трэба рамантаваць жылля. Прыкметныя вынікі праграмы “Чыстая вада” – зваротаў таксама стала менш, яе рэалізацыя працягваецца. Ёсць пытанні па мясцовых дарогах, але дзякуючы рашэнню, прынятаму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (за пяцігодку трэба адрамантаваць сем тысяч кіламетраў мясцовых дарог), і гэтыя праблемы будуць вырашаны. “Дзякуючы такой сістэмнай працы крытычных пытанняў я не бачу”, – сказаў У.П.Андрэйчанка.
Вольга КАМАРКОВА.