Ва Ушацкім філіяле УП “Віцебскаблпаліва” зараз даволі ажыўлена. Трактар з колатымі дрывамі рушыў з тэрыторыі, яму на змену з’явіўся гружаны МАЗ з лясгаса. Горы чатырохметровай драўніны, крыху паменш, аднак таксама ўнушальныя – сечаных. І чарга больш чым са ста чалавек. Канечне, не рэальная, а па запісах.
– Час такі, усе справы зроблены, і прыгадваюць пра назапашванне дроў. Былі і экстранныя заказы – завозілі, каб людзі не мёрзлі, па-за чаргі. Ну а яна стварылася пераважна таму, што сёлета менш купляюць у прыватнікаў, няма і абрэзкаў, якімі таксама часткова закрывалі пытаннні з ацяпленнем. Так што працуем, можна сказаць, у дзве змены, – тлумачыць дырэктар філіяла Рыгор Мікалаевіч Голуб.
Штатам гэта не прадугледжана, таму затрымліваюцца звышурочна, а таксама замяняюць адзін аднаго. “І па выхадных даводзіцца выходзіць, горача зараз”, – гаворыць станочнік Іван Сяргеевіч Міхейка (на здымку). У дзень толькі па норме яму трэба пакалоць 7 кубаметраў, распілоўшчыку Сяргею Васільевічу Сарокіну папіліць 11. Канечне, яе перавыконваюць. Дапамагае ім і вартаўнік Вячаслаў Леанідавіч Красноў, які становіцца за інструмент у свой выхадны дзень. Амаль да 9 гадзін вечара рамантаваў машыну, каб назаўтра рушыць у рэйс, вадзіцель Іван Пятровіч Маскаленка. За дзень іх па чатыры-пяць, у залежнасці ад адлегласці. Трактарыст Віктар Сямёнавіч Аўтух далёкіх выездаў не робіць, у яго дастаўка толькі па Ушачах. Але двум-тром задаволеным адрасатам прывозіць актуальны тавар, прытым што шмат абавязкаў на тэрыторыі. Ён загружае паліва, падвозіць калодкі да станка-калуна, вывозіць пілаванне і іншыя рэшткі. Дарэчы, ідуць яны на падсыпку пляцоўкі пад стаянку аўтамабіляў кліентаў, якую вырашылі зрабіць побач з будынкам арганізацыі. Выразалі кустоўе, падсушылі і зараз падымаюць нізіну адходамі.
Пакуль кіраўнік філіяла на тэрыторыі знаёміць са станам спраў, пад’язджае машына з брыкетам. Вадзіцель зрабіў не адзін разварот, каб трапіць пад патрэбным вуглом пад навес, дзе захоўваецца паліва. Высыпаў спачатку з прычэпа і зноў выехаў, каб адчапіць яго.
– Гэта ж – тавар, ніхто не хоча браць замест яго “муку”, – тлумачыць Р.М.Голуб. Таму і дамовіліся рабіць разгрузку максімальна акуратнай. Заўсёды стараемся, каб людзі былі задаволеныя нашымі паслугамі. Калі заказ дроў, напрыклад, з аграгарадка Глыбачка, то накіроўваем машыну з прычэпам, аб’ядноўваючы два заказы, каб было танней.
Так, самі дровы каштуюць нядорага, машына колатых (у межах ліміту па льготнай цане) – крыху меней 125 рублёў, ну а дастаўка за сорак кіламетраў можа дасягаць больш трэці гэтага кошту. А заказваюць зараз паліва з самых розных куткоў Ушаччыны, нават з Кугоняў. Маглі б бліжэй, напрыклад, з Глыбачанскага лясніцтва прывезці, аднак вясковай бабулі з чатырохметровымі потым толькі дадатковыя клопаты – таму і запатрабаваны апошнім часам менавіта пасечаныя ці ў калодках.
Аб’ём дроў Ушацкаму філіялу паліўзбыту на сёлетні год выдзяляўся адпаведна мінулагоднім пастаўкам – 4 тысячы кубаметраў. На гэты час ужо рэалізавана – 4929, пераважная большасць з якіх – 4700 – насельніцтву. Больш леташняга завезлі і брыкету – ужо 812 тон. Запланаваны аб’ём выкананы на 140 працэнтаў.
Улічыўшы павышаны попыт насельніцтва на паліва, насустрач філіялу пайшло раённае кіраўніцтва. Дадаткова з “Віцебсклеса” і Ушацкага лясгаса атрымалі 1340 кубаметраў. “Хачу выказаць удзячнасць як старшыню райвыканкама У.Г.Аўдошку, так і дырэктару Ушацкага лясгаса С.А.Даніловічу, – гаворыць Р.М.Голуб. – Наогул усім супрацоўнікам гэтага прадпрыемства, з якімі мы працуем у адной счэпцы, каб задаволіць патрэбы насельніцтва ў паліве, клапаціцца пра якое лепш, канечне, з вясны”.
Вольга КАРАЛЕНКА.