Днямі да сваіх абавязкаў прыступіў начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Д.Ю.Заікін. Мы сустрэліся з Дзмітрыем Юр’евічам, каб пазнаёміць чытачоў з новым кіраўніком структурнага падраздзялення.
– Рады вітаць Вас на ўшацкай зямлі. Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.
– Родам я з Магілёўшчыны: нарадзіўся ў 1983 годзе ў горадзе Быхаў, а пасля заканчэння мясцовай школы паступіў у Ваенную Акадэмію Рэспублікі Беларусь на факультэт супрацьпаветранай абароны. Скончыў установу ў 2006-м і атрымаў накіраванне ў вайсковую часць, размешчаную ў пасёлку Межыца. У пачатку службы ў 29-й зенітна-ракетнай брыгадзе камандаваў узводам, потым – батарэяй. У 2012 годзе трапіў у 19-ю асобную механізаваную брыгаду ў Заслонаве, дзе быў намеснікам камандзіра дывізіёна па ўзбраенні, начальнікам штаба. Напрыканцы 2013-га атрымаў накіраванне ў Ваенны камісарыят Лепельскага і Ушацкага раёнаў, дзе і працаваў да гэтага часу начальнікам групы прызыву.
– Як успрынялі накіраванне ва Ушачы?
– Ведаеце, мы, ваенныя людзі, заўсёды гатовыя да змены месца і профілю службы, калі гэтага патрабуюць інтарэсы ведамства. Разумею, што давядзецца дасканала асвойваць больш шырокі спектр дзейнасці, знаёміцца з тэрыторыяй і людзьмі, але не сумняваюся, што адаптавацца на новым месцы дапаможа калектыў адасобленай групы. Пра тое ж, што ён высокапрафесійны, ведаю па ранейшых зносінах з ушацкімі калегамі. Не займаць вопыту і стараннасці Ніне Васільеўне Первянёнак і Вользе Юр’еўне Бяльковіч, у час работы на пасадзе начальніка групы прызыву непасрэдна кантактаваў з Алесяй Міхайлаўнай Фаміной і ўпэўніўся, што яна хоць і малады, але граматны спецыяліст. Адным словам, я задаволены, што вырашаць пастаўленыя задачы буду разам з такімі падначаленымі.
– На якіх напрамках дзейнасці мяркуеце засяродзіць асаблівую ўвагу?
– На галоўных нашых функцыях – мабілізацыйнай і ўлікова-прызыўнай рабоце. Зробім акцэнт на праблемных для раёна момантах, у ліку якіх, напрыклад, невысокі на ўзроўні вобласці працэнт годнасці прызыўнікоў да тэрміновай ваеннай службы. У гэтым пытанні вельмі разлічваем на плённае ўзаемадзеянне з усімі зацікаўленымі службамі. Будзем працягваць актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні – у раёне з такімі традыцыямі гэты напрамак асабліва актуальны.
– Калі ласка, некалькі слоў пра асабістае жыццё.
– Маю, як кажуць, надзейны сямейны тыл. Разам з жонкай выхоўваем двух сыноў. Сям’я жыве ў Лепелі. Я ж, калі будзе патрэба і магчымасць, часова пасялюся ў гарпасёлку.
– Шчыра жадаем поспехаў у важнейшай справе мацавання ваеннай бяспекі нашай краіны.
Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: новага кіраўніка прадстаўляюць калектыву – Н.Первянёнак, ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў А.Пухальскі, Д.Заікін, В.Бяльковіч, А.Фаміна.