В Ушачской ЦРБ появился первый в районе пункт сбора просроченных лекарств

Общество

Усе мы перыядычна купляем лекі. І ў кожнай дамашняй аптэчцы, напэўна, знойдуцца прэпараты са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Часцей за ўсё пасля праведзенай рэвізіі накіроўваем іх… у сметнік. Такім чынам дазваляем апынуцца на палігоне, у сцёкавых водах, рэках і азёрах. Ужо даказана, што прысутнасць фармацэўтычных прэпаратаў у навакольным асяроддзі можа прывесці да рэпрадуктыўных праблем у амфібій і рыб, змен у паводзінах жывёл. Трапленне рэшткаў лекавых сродкаў у пітную ваду аказвае негатыўны ўплыў і на здароўе чалавека.

В.Калач і галоўны ўрач райбальніцы А.Міранкова.

Выхад знойдзены

Вырашыць праблему закліканы агульнанацыянальны пілотны праект “Прырода без фармацэўтычных адходаў”, які з 2020 года рэалізуецца некамерцыйнай установай “Цэнтр экалагічнага і сацыяльнага развіцця”. На бягучым тыдні яго прадстаўнікі на чале з дырэктарам Вікторыяй Калач з прыемнай місіяй пабывалі на Ушаччыне: дзякуючы партнёрству, наладжанаму з цэнтральнай райбальніцай, у будынку паліклінікі – на ўваходзе каля рэгістратуры – з’явіўся першы ў нашым раёне пункт збору пратэрмінаваных лекаў. Яшчэ шэсць установяць днямі ў Глыбачанскай і Вялікадолецкай бальніцах сястрынскага догляду, Дубраўскай урачэбнай амбулаторыі, а таксама Ільюшынскім, Арэхаўскім і Сарочынскім ФАПах.

– Медустанова – найлепшае месца для ўстаноўкі такіх кантэйнераў, – з веданнем справы расказвае В.Калач. – Аптэку ці, скажам, магазін чалавек наведвае ў абедзенны перапынак, па дарозе кудысьці – прасцей кажучы, амаль што выпадкова. А ў паліклініку ён ідзе, як правіла, з дому і мэтанакіравана. Таму можа прыхапіць з сабой пратэрмінаваныя лекі. Гэта зручна.

На дзяржаўным узроўні

Дарэчы, забеспячэнне такога парадку збору пратэрмінаваных медсродкаў замацавана Тэхнічным кодэксам. Такім чынам, на дзяржаўным узроўні вызначана, што рэшткі лекаў не павінны трапляць у навакольнае асяроддзе. Многія беларусы гэта разумеюць і падтрымліваюць. Але неабходна, каб свядомых людзей было яшчэ больш, таму расказвайце пра кантэйнеры ў медустановах суседзям, таварышам, калегам.

Што ва ўтыль?

На кожным з пунктаў збору размешчаны парады па правільнай утылізацыі лекаў. Маецца на ўвазе, што выкідваць трэба таблеткі, капсулы, аэразолі, суспензіі, мазі, свечкі, папярэдне выняўшы іх з упакоўкі (картон і шкло). Нельга выкідваць раслінныя прэпараты, вітаміны. Апошнія не прычыняюць урону навакольнаму асяроддзю, а іх утылізацыя (спальванне на спецыяльных прадпрыемствах пры тэмпературы, не ніжэйшай за 850 градусаў) каштуе немалых фінансавых сродкаў. Таксама не месца ў кантэйнеры маскам, пальчаткам, ватным тампонам.

Праверце аптэчку!

– Каб не быць частымі гасцямі ля пункта збору фармацэўтычных адходаў, раю землякам больш адказна ставіцца да набыцця і прыёму медпрэпаратаў, – кажа галоўная медыцынская сястра Ушацкай райбальніцы Антаніна Бабенка. – Купляйце толькі неабходную для лячэння колькасць – у запас не трэба: перабояў з іх паступленнем у аптэках няма. Ды і ад “прафілактычных” сродкаў лепш адмовіцца: пабочныя эфекты ад прыёму няўзгодненых з доктарам часта вымушаюць спыніць “лячэнне”, у выніку чаго з’яўляецца “пратэрміноўка”.

Спецыялісты раяць таксама рэгулярна – мінімум двойчы ў год – праводзіць рэвізію дамашняй аптэчкі. Пажылыя людзі зрабіць гэта могуць з дапамогай блізкіх ці сацыяльнага работніка.

Дарэчы, у тым, што пункты збору будуць карыстацца ў грамадзян попытам, сумнявацца не прыходзіцца. Ужо падчас устаноўкі і сімвалічнага адкрыцця такога ў паліклініцы адзін з наведвальнікаў паспяшаўся праверыць наяўныя пры сабе прэпараты і, як высветлілася, не дарэмна – некаторым настаў час накіравацца ў кантэйнер.

* * *

Усяго за год Цэнтр экалагічнага і сацыяльнага развіцця ўстанавіў больш 30 пунктаў збору ў 20 гарадах і гарпасёлках краіны, сабраў і ўтылізаваў звыш 430 кг “пратэрміноўкі”. Значная ўвага ўдзяляецца і асветніцкай рабоце. Сумесна з Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам праведзены адмысловыя даследаванні, створаны тэматычныя коміксы, дакументальны фільм “Прырода без фармацэўтычных адходаў”. Дарэчы, некаторыя матэрыялы можна знайсці на сайце Ушацкай райбальніцы, перыядычна будуць трансліравацца яны і ў паліклініцы. Не прапусціце – знойдзеце нямала карыснай інфармацыі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *