Самостоятельно проверить дымоходы и вентканалы можно, пройдя обучение у ООО «Стандарт промышленной безопасности»

Общество

Зала раённага цэнтра культуры і народнай творчасці не была запоўнена бітком, калі ў сярэдзіне кастрычніка там праводзіла абучэнне арганізацыя “Стандарт прамысловай бяспекі”. Мабыць прапусцілі ўшачане аб’яву ў “раёнцы” ці не зусім усвядомілі, навошта ім гэта. Затое тыя дваццаць чалавек, што прыйшлі, добра ведалі, навошта. Каб атрымаць пасведчанне на права самастойна правяраць і чысціць дымавыя і вентыляцыйныя каналы.

Так, аказваецца, гэта магчыма. Варта толькі праслухаць курс навучання і заплаціць 25 рублёў. І больш не давядзецца штогод аплачваць гэтыя ж работы супрацоўнікам МНС ці спецыялістам, што правяраюць газавыя катлы. Асабіста ў мяне некалькі год запар праверку вентканалаў робяць якраз апошнія і бяруць за гэта 10 рублёў. У гарадах паслуга паднялася ўжо да 20-25, ну а выратавальнікі правяраюць наяўнасць цягі за 15 рублёў. Якой бы ні была такса, нават не матэматык убачыць эканомію, паколькі пасведчанне – бестэрміновае. Пакуль вы жывяце ў тым доме, адрас якога прапісаны ў дакуменце, столькі і можаце самастойна правяраць сваё абсталяванне.

Вось і прыехалі ўласнікі прыватных дамоў з аграгарадка Ільюшына, прыйшлі жыхары Ліпаўца і гарпасёлка. Мужчыны і жанчыны. Адна з прынцыповых умоў – пасведчанне выдаецца таму з гаспадароў, на каго зарэгістраваны дом.

Былы выратавальнік, а зараз спецыяліст кампаніі “Стандарт прамысловай бяспекі” Алег Лебедзеў узброіўся нагляднымі дапаможнікамі і пачаў навучанне здалёк. Дзе і на якой вышыні павінны мацавацца вентыляцыйныя каналы, чаму бывае зваротная цяга і якімі – газавыя катлы. Апошняя розніца мела істотнае значэнне, бо сярод навучэнцаў – уладальнікі абсталявання адкрытага і закрытага тыпу. І калі газавы кацёл адносіцца да першага (па-простаму – бачна полымя), то правяраць, прачышчаць не радзей аднаго разу ў год трэба і дымаход, і вентыляцыйны канал.

Навучанне, дарэчы, аказалася вельмі карысным. Каб не назапашваўся кандэнсат, у трубе вентканала варта зрабіць невялікія адтуліны. Калі заляцела птушка (нярэдка здараецца і такое), то вызваліць яе лепш праз рашотку ў пакоі, а праверыць прасвет дымахода дапаможа люстэрка. Калі ж агонь гарыць аранжавым колерам, то гэта сведчанне недахопу паветра.

Кожны з навучэнцаў акрамя ведаў атрымаў журнал з памяткай, як яго запаўняць. І канечне, пасведчанне.

Ці прыедуць спецыялісты гэтай фірмы яшчэ? Гэта будзе залежаць толькі ад вашага жадання. А абучэнне магчыма не толькі ў гарпасёлку, але і ў аграгарадках. Сачыце за аб’явамі, спецыялісты плануюць правесці навучанне і ў лістападзе.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *