В пятёрке сильнейших в области: ТЦСОН Ушачского района при Алесе Хващевской добился высоких показателей

Общество

За апошнія пяць гадоў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна чатыры разы заносіўся на раённую Дошку гонару, а па выніках работы за 2018-ы нават значыўся на рэспубліканскай. У цяперашні час сацыяльная ўстанова трывала знаходзіцца ў пяцёрцы мацнейшых у вобласці.

Заслуга ў высокіх паказчыках як усяго калектыву, які складаецца з больш чым 130 чалавек, так і яго кіраўніка – Алесі Уладзіміраўны Хвашчэўскай. “Патрабавальная, строгая і адначасова вельмі добрая. Яна ўмела згладжвае любы канфлікт, калі хто з нас што не ведае ці сумняваецца – заўсёды знойдзе выйсце і падкажа. А яшчэ яна бачыць людзей, іх жыццёвыя пытанні і перажыванні. Здаецца не прыносіш уласную праблему на работу, не паказваеш віду, а яна ўсё ж прыкмеціць і падтрымае. Не толькі да падначаленых так адносіцца, умее знайсці падыход нават да самых патрабавальных нашых падапечных”, – зазначае пра А.У.Хвашчэўскую яе намеснік Ганна Карлаўна Лышко.

Адказна падыходзіць да справы – такога прынцыпу прытрымлівалася, дзе б ні працавала. Дарэчы, першым яе рабочым месцам быў калгас “Чырвоная Полаччына”, куды пасля вучобы маладая дзяўчына прыехала працаваць эканамістам. “Памятаю, так баялася памыліцца ў разліках, што пераправярала ўсё па некалькі разоў, нават і калі рабочы час ужо даўно быў скончаны”, – успамінае А.У.Хвашчэўская. Праз некаторы час перайшла ў “райсабес”, дзе вяла бухгалтэрыю. А вось вышэйшую адукацыю вырашыла атрымаць па іншым накірунку – завочна адвучылася ў педагагічным універсітэце і атрымала спецыяльнасць “сацыяльная работа”. Алеся Уладзіміраўна працавала ў розных аддзяленнях установы, таму калі ў 2014-м яе назначылі дырэктарам, ужо выдатна ведала ўсе тонкасці сацыяльнай справы. Ніколі не адседжвалася ў кабінеце: нярэдка адпраўлялася сама на раён, каб вырашыць рабочыя пытанні, разам з падначаленымі займалася добраўпарадкаваннем каля аддзялення кругласутачнага прабывання для пажылых і інвалідаў у Вяркудах, тэрыторыя якога за апошнія гады прыкметна папрыгажэла. Нават калі часова адправілася ў дэкрэтны водпуск, каб дапамагчы дачцэ з унучкай, перажывала за справы ўстановы.

Заўсёды прымае актыўны ўдзел у грамадскай рабоце, у прыватнасці, узначальвала раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, з’яўляецца актывісткай Беларускага саюза жанчын. У кругазвароце шматлікіх працоўных спраў паспявае ўдзяляць час любімай сям’і.

– Яна з тых, хто не падвядзе, усе справы зроблены своечасова, мудрая і душэўная, – зазначае пра Алесю Уладзіміраўну намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч.

Шмат іншых шчырых слоў у адрас А.У.Хвашчэўскай прагучала на мінулым тыдні таксама ад усяго калектыву ­ТЦСАН, упраўлення па працы, занятасці, сацыяльнай абароне райвыканкама, прадстаўнікоў іншых службаў. Вось толькі нагода для гэтага была крыху сумная: са зменай роду дзейнасці настаў час развітвацца. Далей калектыў да новых вышынь павядзе новы кіраўнік – Кацярына Васільеўна Коршун.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *