Аб тым, што будзе начальнікам вытворчага ўчастка “Хадакова”, Вольга Мікалаеўна Шумінская даведалася… ад трэціх асоб, калі ўжо месяц ездзіла летам 2019 на новы комплекс у якасці ветурача. Не паверыла, не хацела “прымяраць” на сябе ношу кіраўніка – прывыкла адказваць за свае абавязкі. Плакала, не пагаджалася. Але старшыня аграпрамысловага холдынгу “Славянскі Велес”, у які ўваходзіць і “Віцебскаграпрадукт”, У.П.Некрашэвіч разбіраецца ў людзях і ўмее пераконваць: “А ты паспрабуй, не атрымаецца – зноў будзеш лячыць”. Вопытны кіраўнік ведаў, што ў яе атрымаецца.
Па выхадных кіраўнік “Хадакова” ўжо можа з’ездзіць на любімую рыбалку (у дзяцінстве нават вуды сама рабіла), для гэтай мэты і маторку купілі. Трохпакаёвая кватэра ў Бешанковічах, годны заробак, за набытую з салона ў крэдыт “Хонду” ўжо разлічылася. А калі “за кампанію” вучылася і атрымлівала правы, нават і марыць не магла пра ўласны аўтамабіль.
– Заўсёды разлічвала толькі на сябе, мне і лыжкі ніхто не купіў. Не было каму дапамагаць. Сям’я – мнагадзетная, бацька – інвалід, так што дзяцінства я не бачыла. Пакупацца ў возеры толькі з цёмным атрымоўвалася. Маці была цялятніцай, а потым даяркай. На той час мне ўжо давяралі нават уколы ад мастыту каровам рабіць: я заўсёды дапамагала ёй на фермах, і калі прыходзілі ветурачы, усё ў іх распытвала. Проста ў захапленне прыходзіла ад гэтай работы, таму і паступіла ў Лужаснянскі тэхнікум.
◆ Акрамя радні, Вольга Мікалаеўна мае сотні чужых, але кроўных людзей: Ганаровы донар дзясяткі год дзялілася сваёй – запатрабаванай першай групы.
Халерык па натуры, яна і зараз, хоць ветурачы ўчастка “Хадакова” спраўляюцца са сваімі абавязкамі, любіць сама паглядзець, чаму невясёлая свінаматка, узяць у рукі скальпель, каб кастрыраваць парсючкоў, пракалоць жывёлу. Гэтым вераснем і апаросы прымала – шмат людзей хварэла. А два гады таму лічы што кожнаму паказвала, як выдаляць клыкі і хвасты.
– На ўчастку я яшчэ з будаўніцтва, калі ўстанаўлівалі абсталяванне, потым набірала людзей. Працавітых адразу бачу, паважаю, ніколі не выстаўляю дыстанцыі: я як і ўсе. Спачатку давялося вучыць: дома свіней трымалі, але ад тэхналогіі былі вельмі далёкія. Мяне пужалі, што тут усе п’юць, складана будзе. Зараз у штаце 43 чалавекі і цякучасці няма, хоць з некаторымі сапраўды давялося развітацца, а мне і сёння шкада тых людзей. Я вельмі мяккі кіраўнік. Размаўляю, пераконваю. Да выпівох адношуся з пагардай, аднак і з жалем. Бывала, і пяць шанцаў давала. Але ўсе ведаюць, што ў нас дысцыпліна: нецвярозы на работу не пройдзе і прэміі стапрацэнтна пазбавіцца. І яшчэ прашу людзей не хадзіць у лес, сама ўжо і не памятаю, калі там была, каб не занесці інфекцыі на прадпрыемства. Не за сябе перажываю – я работу заўсёды знайду. Хочацца, каб працаваў комплекс, а ў людзей былі рэгулярныя і годныя заробкі. Ведаю, як без гэтага няпроста. Я ж на пасаду пагадзілася, бо вельмі паважаю Уладзіміра Пятровіча Некрашэвіча, які для столькіх вяскоўцаў працоўныя месцы стварыў.
В.КАРАЛЕНКА.