“Крысціна проста чараўніца! Пасля яе масажу адчуваеш сябе, як новенькі! Пра яе варта расказаць на старонках “Патрыёта”. Такія водгукі давялося нам пачуць пра ўшачанку Крысціну Аляксандраўну Емяльянаву, якая аказвае землякам паслугі масажу.
Запісаўшыся на першыя курсы, Крысціна Емяльянава зразумела, што не памылілася ў сваім выбары – не тое што спадабалася, хацелася яшчэ больш паглыбляць веды і навыкі, спрабаваць, практыкаваць. Так повар па прафесіі і стала масажыстам. Пэўная база дазволіла ўшачанцы ўладкавацца ў санаторый “Лясныя азёры”, дзе спецыялісты такога профілю заўсёды запатрабаваны. “Хутка ўцягнулася і нават не моцна стамлялася, калі за дзень часам і каля трох дзясяткаў масажаў даводзілася рабіць, хоць, канечне, паміж сеансамі павінен быць адпачынак. Аспрэчу меркаванне аб тым, што масажыстамі могуць быць выключна сілачы: калі ўсё рабіць правільна, то рукі хутка прывыкаюць, немалаважна, каб масажысту было зручна падчас працэсу, тады ўсё праходзіць на адным дыханні”, – кажа К.Емяльянава.
Калі два гады таму пайшла ў дэкрэтны водпуск, масажную справа не адклала на тры гады, а наадварот з вялікім энтузіязмам пачала ўглыбляцца ў тэму – прайшла яшчэ некалькі платных курсаў ў Віцебску і Мінску, глядзела адпаведныя анлайн-урокі ў інтэрнэце і чытала шмат літаратуры, заўсёды пад рукой атлас анатоміі чалавека – без гэтых ведаў не можа быць паўнацэннай работы. Усе магчымасці масажу адчулі на сабе родныя Крысціны, яны ж падтрымалі і параілі зарэгістравацца ў якасці самазанятай. У нашай краіне для гэтага створаны вельмі прывабныя ўмовы: згодна Указа №337 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб” дастаткова стаць на ўлік у мясцовым падатковым органе і плаціць адзіны падатак. Так і пайшла справа, паступова пашыраючыся ад кола знаёмых. Зараз кліентаў хапае, бо хто прыйшоў да яе адзін раз, вяртаецца яшчэ, раіць знаёмым. “Асаблівай папулярнасцю карыстаецца антыцэлюлітны масаж, улетку практычна толькі за ім і звярталіся, – расказвае Крысціна. – Раблю і лімфадрэнажны. Гэта спецыяльная методыка ўздзеяння на цела, якая дазваляе аказаць уплыў на рух лімфы ў арганізме, стымулюе вывядзенне лішняй вадкасці і таксінаў, аказвае аздараўленчае дзеянне. Паказаны ж у першую чаргу людзям з лішняй вагой, ацёкамі, тым, хто хутка стамляецца, дапамагае аднавіцца пасля траўм ці аперацый. А вось спартыўны масаж дазваляе павысіць фізічную вынослівасць арганізма, здымае мышачныя спазмы і змяншае рызыку атрымання траўм. Прыходзяць да мяне і на класічны масаж, расслабляючы, мядовы, радзей – на дзіцячы, які робіцца для карэкцыі паставы, пры цукровым дыябеце і некаторых іншых захворваннях. Было цікава прайсці курсы па букальным масажы. Яго сэнс у інтэнсіўнай прапрацоўцы мімічных і жавальных цягліц, каб вярнуць мускулам тонус і эластычнасць. Ёсць прыхільнікі і такой працэдуры. Дарэчы, узмацніць эфект праведзенага масажу дапамагае і тэйпіраванне, якое апошнім часам набывае ўсё большую папулярнасць ва ўсім свеце. На вобласць шыі, спіны ці жывата наклейваюцца (на перыяд да 4 дзён) спецыяльныя ленты – тэйпы, якія нагадваюць пластыр”, – з захапленнем пра кожны від расказвае Крысціна.
◆ У вобласці колькасць самазанятых грамадзян вырасла амаль на 15% у параўнанні з кастрычнікам 2020-га. Лідарства застаецца за цырульнымі і касметычнымі паслугамі. За студзень-верасень самазанятыя папоўнілі бюджэт на суму каля Br1,1 млн, што ў дзеючых цэнах больш чым у 2 разы перавышае аб’ём паступленняў за 9 месяцаў 2020-га.
У скарбонку сваіх прапаноў днямі жанчына дадала і ўльтрагукавую чыстку твару, закупіла для гэтай працэдуры як спецыяльны прыбор, так і мноства масак для твару. Рабіць жа гэтую працэдуру раіць для прафілактыкі 1-2 разы ў паўгода. Расказвае пра масаж, дзеліцца тэхнікамі і фотаздымкамі да і пасля сеансаў на сваіх старонках у сацыяльных сетках “Вконтакте” і інстаграме (Ушачы – масаж, massag.ushachi). Спыняцца на дасягнутым не збіраецца, марыць прайсці яшчэ і курсы стоўн-тэрапіі. І па ўсім бачна, што для яе гэта не толькі дадатковы варыянт заробку, а і любімая справа.
Вольга КАМАРКОВА.
Цікава і важна!
- Лёгкі боль у мышцах пасля першага масажу – гэта норма.
- Перад масажам нельга ўжываць алкаголь, загараць, прымаць гарачы душ, а пасля хапацца за работу і напружвацца.
- У час прастуды ад масажу трэба адмовіцца.
- Гадзіна масажу па сіле свайго ўздзеяння на арганізм здольна замяніць васьмігадзінны сон.