Застаць у кабінеце інжынера па паляўнічай гаспадарцы Ушацкага лясгаса Андрэя Мікалаевіча Скарабагатага (на здымку) – задача не з лёгкіх, хіба што ў моманты афармлення дакументаў. Арганізацыя палявання, агляд угоддзяў, падкормка і перапіс жывёл – ніяк не ўкладваюцца ў рамкі з 8 да 17 гадзін, не кажучы ўжо пра паўнацэнныя выхадныя. Але такі графік ніколькі не засмучае спецыяліста, а ўсё таму, што займаецца любімай справай, вось і расказвае пра яе з задавальненнем.
– Плошча нашых паляўнічых угоддзяў складае больш за 29 тысяч гектараў, калі ўявіць наглядна, то гэта прыкладна межы Касарскога лясніцтва і часткова Вялікадолецкага, – паказваючы на карце, пачынае размову Андрэй Мікалаевіч. – Гэта ў некалькі разоў менш, чым у нашых калег – Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. З усімі задачамі мы спраўляемся ўдвух з егерам Дзмітрыем Мікалаевічам Правадам. Сапраўды, гэта той выпадак, калі трэба жыць прафесіяй, інакш нічога не атрымаецца.
Вядзеннем паляўнічай гаспадаркі ў лясгасе інжынер займаецца ўжо на працягу 15 гадоў, інтарэс жа да палявання ўзнік яшчэ раней.
Цяперашні восеньскі сезон – адзін з самых “гарачых”: менавіта ў гэты перыяд больш жадаючых расчахліць ружжо, да канца снежня доўжыцца і папулярнае загоннае паляванне. Ва ўгоддзі лясгаса за здабычай накіроўваюцца не толькі мясцовыя паляўнічыя, а і іншаземныя госці. Так, сёлета ўжо праведзена 10 тураў замежнага палявання. Летась, напрыклад, з-за каранавірусных абмежаванняў іх не было ўвогуле, а максімальна ў папярэднія гады іх колькасць дасягала і трох дзясяткаў. Найбольш прыцягвае іншаземцаў, часцей расіян, восеньскае паляванне на капытных, а таксама вясной на глушца. “Паляванне на гэтую вялікую птушку па праве можна назваць адным з самых азартных і складаных, многія жадаюць здабыць трафей падчас такавання. Самцы прылятаюць на ток напярэдадні вечарам, выбіраюць дрэва, начуюць на ім, і каля 4 раніцы, яшчэ да ўзыходу сонца, будзяць лес сваімі песнямі. Зразумела, што паляўнічаму, каб усё атрымалася, трэба яшчэ раней заняць выгадную пазіцыю. Песня складаецца з двух частак: падчас першай птушка ўсё чуе, а падчас другой літаральна глухне. Гэта і робіць яе безабароннай перад паляўнічымі. Дарэчы, здабычу ў замарожаным ці засоленым выглядзе іншаземцы забіраюць з сабой, каб потым абавязкова зрабіць чучала”, – расказвае Андрэй Мікалаевіч.
Прыязджаюць паляваць на Ушаччыну не толькі расіяне, бываюць на тэрыторыі лясгаса і палякі, французы. Траціць немалыя сродкі і пераадольваць вялікую адлегласць яны гатовы дзеля азарту і зараду бадзёрасці. Здабыўшы, да прыкладу, аленя ці лася, іх асабліва цікавяць у якасці трафея рогі.
Трэба адзначыць, што ў лясгасе не толькі адстрэльваюць жывёл (строга нарміравана), а і клапоцяцца пра іх: на тэрыторыі ўгоддзяў ёсць 13 падкормачных пляцовак, куды жывёлы прыходзяць паласавацца падрыхтаванымі для іх зернеадходамі.
Кожны год праходзіць і перапіс ляснога насельніцтва. Па традыцыі ён праводзіцца ў пачатку года, калі па снезе добра бачны сляды. І тут у паляўнічых свае складаныя падыходы і метады, каб не палічыць адну асобіну некалькі разоў. Напрыклад, у цяпераші час ва ўгоддзях лясгаса налічваецца 125 ласёў, 200 казуль і 110 аленяў, 4 дзікі, 110 баброў, 110 асобін глушцоў і 70 цецерукоў. А вось пастаянна “прапісаных” мядзведзяў на тэрыторыі няма, перыядычна яны наведваюцца з Бярэзінскага біясфернага запаведніка, з якім агульная мяжа – 10 кіламетраў. “Часам у мяне пытаюцца, ці сустракаў мядзведзя і ці страшна было. За перыяд работы бачыў шмат, яны ж мяне – у разы больш. Гэтая жывёліна ў рэдкіх выпадках будзе ісці да чалавека і нападаць, хутчэй збяжыць і вы яе не заўважыце. Калі ўсё ж такі сутыкнуліся з касалапым, раю не рабіць вельмі рэзкіх рухаў, паціху адступаць спіной, пакрыкваючы”, – адзначае А.М.Скарабагаты.
На вялікія адлегласці ў пошуках ежы могуць перамяшчацца ваўкі, таму і з’яўляюцца час ад часу ва ўгоддзях. Зрэшты, паляванне на драпежніка – самае любімае ў Андрэя Мікалаевіча. Толькі за асенні-зімовы сезон 2020-2021 ён адзін здабыў 16 ваўкоў! А ўсяго на яго рахунку ўжо 84 драпежнікі. “Шэры – вельмі разумная жывёліна, адпаведа і здабыць яго не так лёгка, але ад гэтага і яшчэ большая цікавасць, азарт. Развейваючы міфы, адзначу, што воўк таксама не нападае на чалавека, хіба толькі калі шалёны”, – кажа спецыяліст.
Паляўнічая гаспадарка прыносіць прадпрыемству прыбытак. З пачатку года даходы ад дзейнасці склалі 49 тысяч рублёў, з іх 27 – замежны турызм, а 11 – пражыванне ў паляўнічым комплексе ў Мірным. Домік у маляўнічым месцы раёна з адпаведным антуражам і выдатнай інфраструктурай карыстаецца папулярнасцю, а ў выхадныя ніколі не пустуе. Яно і не дзіўна – ушацкая прырода заварожвае і прыцягвае многіх.
Вольга КАМАРКОВА.