Перасоўны пункт вакцынацыі на рынку (з 10 да 12 гадзін) і ля магазіна “Санта” (з 12 да 13) працаваў і ў гэтыя выхадныя. Якой была цяпер актыўнасць ушачан, ці можна атрымаць прышчэпку новым прэпаратам “Спутнік Лайт”, ці ёсць кітайская, мы пацікавіліся ў намесніка галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ Наталіі Васільеўны Дрозд. А таксама запісвалі меркаванні людзей наконт імунізацыі.
– У суботу ад каранавіруса мы правакцынавалі 19 чалавек і 21 – у нядзелю. На гэты раз больш было не тых, хто сумняваецца ці рашыўся спантанна, як у мінулыя выхадныя, а людзей, якія мэтанакіравана ішлі на пункт. Хто цэлымі сем’ямі, бо мінула два тыдні з моманту першай прышчэпкі, хто за першай дозай. І, як і раней, больш запатрабаванай аказалася кропка на рынку.
Што датычыцца вакцын, то завезлі і 400 доз кітайскай, і новую “Спутнік Лайт”, эфектыўнасць якой складае 99 працэнтаў. Ёй будзем праводзіць рэвакцынацыю тых, у каго пасля другой ін’екцыі прайшло 6 месяцаў (незалежна ад таго, кітайскай ці расійскай прышчэпліваўся). Ёсць толькі тэхнічная акалічнасць: ампула разлічана на 5 доз, таму просьба спачатку запісвацца, каб мы аб’ядноўвалі людзей. Кітайскім прэпаратам будзем вакцынаваць катэгорыі, якім пажадана лёгкая рэакцыя на прышчэпку – цяжарных жанчын, якія кормяць грудзямі, а таксама тых, каму за 60. Не трэба хвалявацца ўшачанам, якія і першую ін’екцыю зрабілі такой вакцынай – для іх спецыяльна пакінута адпаведная колькасць доз. І нагадваю, што перасоўны пункт працуе ў вызначаных месцах кожныя выхадныя!
◆ Таццяна Уладзіміраўна ЛІЛЕНКА:
– Мяне не трэба было ўгаворваць вакцынавацца, першую ін’екцыю зрабіла ў бальніцы. А вось з другой былі нязручнасці. Працую ў Арэхаўне, ехаць ва Ушачы няма часу, ды і не хацелася ў паліклініку лішні раз трапляць. І таму я вельмі ўдзячна фельчару Арэхаўскаага ФАПа Наталлі Сямёнаўне Лісоўскай, якая спрасціла гэту задачу. Яна папярэдзіла мяне, калі на пункт прыедзе ўрач і я зрабіла прышчэпку ў двух кроках ад работы. Дзякуй медыкам, што клапоцяцца аб нас часам больш, чым мы самі.
◆ Надзея Мікалаеўна ЦІХАНЕНКА:
– Да гэтага крока кожны павінен дайсці сам. На мяне чамусьці не дзейнічалі ні ўгаворы сына, ні прыклад родных, сярод якіх і ў Беларусі, і ў Расіі шмат медыкаў і ўсе яны і самі рабілі прышчэпку, іх калегі таксама. Рознай вакцынай: «спутнікам», кітайскай. Я выбрала апошнюю, каб лягчэй перанесці, і шкадую зараз толькі аб тым, што не зрабіла гэтага раней. Вірус мяне не абмінуў, і прыйшло ўсведамленне, якія мы неабароненыя перад гэтай хваробай, і зусім невядома, як адрэагуе на яе твой арганізм.
◆ Галіна Васільеўна БАРАТЫНСКАЯ:
– Аб тым, што трэба вакцынавацца, мы з мужам рашылі даўно. Толькі не ведалі, калі зрабіць гэта лепш, для чаго ў мінулую суботу і прыйшлі пракансультавацца да перасоўнага пункта. Н.В.Дрозд патлумачыла, што калі мы назаўтра збіраемся ў дарогу, то лепш не рызыкаваць (можа падняцца тэмпература) і параіла зрабіць гэта ў наступныя выхадныя. Я даволі складана перахварэла сёлета на каранавірус – 4 дні ляжала пад кіслародам, проста схіляю галаву перад медыкамі інфекцыйнага аддзялення, якія вымушаны працаваць у абмундзіраванні. Хочацца, каб у іх было менш работы. Таму і раблю прышчэпку, а яшчэ ў мяне ёсць мэта – мару праз два гады трапіць на выпускны баль сына.
◆ Ірына Паўлаўна ПОЛАЗАВА:
– Запісвалася на вакцынацыю даўно, аднак з-за прастуды крыху зацягнула і другую ін’екцыю зрабіла толькі ў ліпені. Аднак да вераснёўскай хвалі аказалася падрыхтаванай: ні хварэлі ні я, ні муж, ні дачка – усе прышчэпленыя. Брат таксама, яго вірус зачапіў, аднак у вельмі лёгкай форме. А вось сястра, якая зрабіла першую прышчэпку ўсяго за некалькі дзён да хваробы, пераносіць яе вельмі цяжка. Так што на прыкладзе нашай сям’і відавочна, варта ці не вакцынавацца.