Жители деревни Вашково оценили новое дорожное покрытие

Общество

На мінулым тыдні ў межах планавых мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні была заасфальтавана вуліца курортнай вёскі Вашкова.

Жыхары в.Вашкова.

Неаднойчы звярталіся яе жыхары з просьбай зрабіць прывабным увесь населены пункт. “Па выглядзе вёскі ў адпачываючых складваецца ўражанне аб Ушаччыне”, – падкрэслівала старэйшына Вашкова Ганна Мікалаеўна Дук, якая разам з дэпутатам Жарскага сельскага Савета дэпутатаў Васілём Аркадзьевічам Жарнасекам і Нінай Іванаўнай Дук прыходзіла на чарговы прыём да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нашага дэпутата ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. Часткова вёска ў асфальце – дарога праз яе ідзе да здраўніцы, ну а другая вуліца, дзе летам таксама нямала прыезджых, заставалася гравійнай.

Санаторый “Лясныя азёры” сапраўды з’яўляецца візітоўкай раёна, таму і адносіны да Вашкова, дзе ён размешчаны, – асаблівыя. Раней менавіта з дапамогай У.П.Андрэйчанкі быў заасфальтаваны гравійны ўчастак на мяжы з Лепельскім раёнам – на шашы, па якой ходзіць аўтобус на Мінск, што і дастаўляе адпачываючых. У Жарскага сельсавета няма такіх вялікіх сродкаў, каб заасфальтаваць вясковую вуліцу. Вось і быў гэты аб’ект уключаны ў раённы план па добраўпарадкаванні.

І тэхніка ДЭУ-37, якая абслугоўвае дарогу Ушачы-Лепель, зноў накіравалася ў бок здраўніцы. Спачатку зрабілі разлікі, разраўнялі палатно грэйдарам, потым ушчыльнілі аснову двума спецыяльнымі каткамі. І 27 кастрычніка пачалі ўкладаць асфальт.

Аб’ём невялікі – 542 метра. Сем МАЗаў з Лепеля так хутка чаргаваліся, што 280 тон асфальту былі ўкладзены за адзін дзень. Нямецкаму ж укладчыку “Тытану” толькі падавай сыравіну, па выстаўленых па баках датчыках яна раўнамерна ўкладзецца па ўсім палатне. Назаўтра засталіся дробныя работы: падраўнялі абочыны.

Стаяла добрае надвор’е, і шмат вашкоўцаў “кантралявала” працэс, атрымліваючы асаблівую асалоду, калі ўкладчык даходзіў да іх дома і гледзячы, як мяняецца вуліца. “Цяпер і на машыне, і на веласіпедзе будзе зручна”, – радаваўся Уладзімір Віктаравіч Давыдзенка. “Па Вашкова часта гуляюць адпачываючыя, сярод якіх шмат іншаземцаў. І па нашай вёсцы ў іх складаецца ўражанне аб усёй Беларусі”, – дадала Святлана Уладзіміраўна Савянок. Ганна Мікалаеўна Дук хоць толькі што вярнулася з бальніцы, аднак таксама выйшла да варот. Неаднойчы як старэйшына ініцыіравала гэтае пытанне. І вось здзейснілася яе мара, на вачах ператваралася вёска, у якой сёлета да таго ж у некалькіх месцах ліквідавалі аварыйныя дрэвы.

Калектыў участка.

“Мы на зіму зноў паедзем у Мінск і будзем цераз “Патрыёт” сачыць за падзеямі на Ушаччыне. Пра ўсе візіты Уладзіміра Паўлавіча праз “раёнку” ведаем, таму вы абавязкова падзячце яму ад імя вашкоўцаў. Ён таксама газету чытае – хацелася, каб ведаў пра нашу бязмерную павагу да яго. Удзячны, канечне, раённаму кіраўніцтву за тое, што нягледзячы на дастатковую колькасць гравійных дарог мы апынуліся ў планах па добраўпарадкаванні. Пазнаёміліся і з начальнікам Ушацкага ўчастка ДЭУ-37 Пятром Пятровічам Кляшчонкам, які пастаянна быў на аб’екце: і кантраляваў, і працаваў сам, вялікі дзякуй і дарожнікам ад усіх жыхароў вёскі”, – дадала Н.І.Дук.

Адзіны, хто не зразумеў, што ж адбываецца, быў вясковы кот, які як заўсёды выйшаў на шашу… і пачаў рэзка трэсці лапамі. Ён не ведаў, што асфальт укладаецца такім гарачым.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *