В агрогородке Ильюшино провели капитальный ремонт дома №30 по улице Центральной

Общество

Прыкметна пераўтварылася гэтай восенню жылая двухпавярхоўка, што стаіць на вуліцы Цэнтральнай у аграгарадку Ільюшына. Дом №30 быў уключаны ў графік капітальнага рамонту жыллёвага фонду раёна на бягучы год і зараз радуе вока свежымі яркімі фарбамі.

У будынку абноўлены фасад і адмостка, адрамантаваны дах, у падвальным памяшканні ўладкаваны цеплапункт, заменена абсталяванне цепла- і водазабеспячэння, каналізацыі. Выконвала рамонтныя работы спецыялізаваная будаўнічая брыгада УП ЖКГ Ушацкага раёна, а субпадрадная арганізацыя з Новалукомля дапамагла з ўсталяваннем новых балконных пліт і агароджаў.

– Сваю лепту ў аднаўленне жылля ўнеслі і самі жыхары двухпавярхоўкі, – падкрэслівае галоўны інжынер камунальнага прадпрыемства Анжаліка Джонаўна Хахлова. – За кошт іх уласных сродкаў праводзіцца рамонт пад’ездаў – у цяперашні час гэтыя работы завяршае брыгада маляроў, а аплата за іх будзе дадавацца ў рахунак камунальных паслуг.

Дагаворны кошт рамонту будынка склаў 338 тысяч рублёў, а ў фінансаванні былі задзейнічаны як адлічэнні грамадзян, так і бюджэтныя сродкі.

У васьмі кватэрах абноўленага дома пражываюць пенсіянеры, работнікі мясцовых арганізацый, дзеці і, канечне, усім ім прыемна, што іх жыллё стала больш прыгожым і камфортным. Падобныя эмоцыі ў хуткім часе адчуюць і жыхары дома №10 па вуліцы Школьнай у аграгарадку Арэхаўна, капітальны рамонт якога таксама быў унесены ў сёлетні план, – работы на гэтым аб’екце набліжаюцца да завяршэння.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *