Кожны ведае, што бясплатных энергетычных рэсурсаў не бывае. Аднак пакуль адзін устанаўлівае энергазберагальныя лямпачкі, набывае бытавую тэхніку класа А+++, другі падсілкоўваецца электрычнасцю ў абход лічыльніка. Аб рабоце па выяўленні несанкцыянаванага забору электраэнергіі нам расказаў выконваючы абавязкі начальніка Ушацкага раённага вытворча-збытавога ўчастка філіяла “Энергазбыт” В.В.ЛЮБЕЛЬСКІ.
– Васіль Васільевіч, праверкі праводзяцца на выбарачнай ці пастаяннай аснове?
– Канечне, пастаянна. Па-першае, робіцца аналіз адпушчанай электраэнергіі і той, што прайшла праз лічыльнікі. Пры выяўленні розніцы спецыялізаваныя брыгады выязджаюць у рэйды з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў, якія дазваляюць дакладна вызначыць, ці правільна працуе лічыльнік і ці ўся энергія аплачваецца. Ёсць таксама фота- і відэакамеры для фіксацыі фактаў крадзяжу электрычнасці. Так што шанцаў пазбегнуць пакарання за яе выкарыстанне міма лічыльніка ці ўмяшанне ў яго работу практычна няма.
– І ці многа фактаў крадзяжу энергіі?
– За 9 месяцаў гэтага года персаналам усіх філіялаў РУП “Віцебскэнерга” выяўлена больш 2400 выпадкаў неўліковага спажывання. Прычым, сярод 1600 парушэнняў правілаў электразабеспячэння грамадзянамі (бытавымі абанентамі) – больш 20 працэнтаў – менавіта наўмысны крадзеж. Па Ушацкім раёне выяўлена 36 такіх выпадкаў.
– І ці варта рызыкаваць, пакаранне ж напэўна ў разы перакрые «эканомію»?
– У аграгарадку Глыбачка, напрыклад, абанент Т. зрабіў мантаж адгалінавання ад уводу і незаконна выкарыстаў 4505 кілават на суму 1036 рублёў. Акрамя таго, што ён верне гэтую суму, яшчэ і штраф заплаціць, які для фізічных асоб складае да 10 базавых велічынь (на індывідуальных прадпрымальнікаў – да 20, а юрыдычных асоб – да 50). Падкрэслю, што дзякуючы пошукавым алгарытмам і спецыяльным прыборам мы бачым крадзеж, нават не заходзячы ў дом, таму красці электраэнергію – сабе даражэй.
– Самавольнае падключэнне часта негатыўна ўплывае на якасць электразабеспячэння іншых спажыўцоў. Куды можна звяртацца, калі стала вядома аб фактах крадзяжу?
– Ва Ушацкі ўчастак філіяла “Энергазбыт” па нумары 5-73-63. І яшчэ на адзін момант хачу звярнуць увагу. Спробы падключэння па-за лічыльніка часта становяцца прычынай пажараў ці паражэння токам – могуць абярнуцца непапраўнай шкодай для здароўя і жыцця парушальніка і акружаючых.
Вольга КАРАЛЕНКА.