– Літаральна з першых дзён года мы планавалі сваю работу па розных накірунках так, каб кожны месяц праводзіць нейкае мерапрыемства. Вясна – час навядзення парадку на зямлі. І наша арганізацыя ўключылася ў гэтую работу, актывісты прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Сумесна з прадстаўнікамі райкама БРСМ папрацавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі ў цэнтры гарпасёлка. На замацаваным за “Белай Руссю” ўчастку высаджаны набытыя за сродкі арганізацыі кветкі, мармуровай крошкай выкладзена сімволіка “Белай Русі”. Таксама праведзена ўборка месцаў масавага адпачынку. За арганізацыяй замацаваны абеліск на месцы пахавання мірных грамадзян у г.п.Ушачы, дзе пастаянна праводзіцца добраўпарадкаванне – там у мінулым годзе актывістамі арганізацыі пафарбавана мемарыяльная дошка, пасаджана газонная трава, туі.
Актыўны ўдзел члены арганізацыі прынялі ў святочных мерапрыемствах, прымеркаваных да 65-годдзя Вялікай Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
– Сярод шматлікіх мерапрыемстваў асабліва вылучаецца праект “Крепкая семья – сильная держава”. Ці ўсё атрымалася?
– Мы праводзілі яго сумесна з аддзелам загса райвыканкама. Галоўнай мэтай стала садзейнічанне выкананню Праграмы дэмаграфічнай бяспекі Ушацкага раёна на 2007-2010 гады, прапаганда станоўчага вопыту мнагадзетных сямей, а таксама сямейных адносін. Удзельнікамі праекта з’яўляліся поўныя сем’і, у якіх нарадзіліся двайняты, трэція і наступныя дзеці. А таксама сямейныя пары, якія адзначалі 25, 30, 40, 50-годдзе сумеснага жыцця ва ўрачыстай абстаноўцы ў органах загса Ушацкага раёна. Такім чынам, за год удзельнікамі праекта сталі 22 сям’і раёна. Усе яны атрымалі падарункі ад “Белай Русі”.
– Якім чынам заахвочваеце пярвічныя арганізацыі, стымулюеце іх работу?
– У першым квартале 2010 года прайшоў агляд-конкурс на лепшую пастаноўку работы за 2009 год у пярвічных арганізацыях раёна. Пераможцы атрымалі грашовыя прэміі на агульную суму 1 мільён 155 тысяч рублёў. Адзін мільён наша арганізацыя атрымала за другое месца ў абласным конкурсе сярод раённых арганізацый.
– Гэта не адзіны конкурс, праведзены РГА “Белая Русь”?
– Ужо трэці год праводзім агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторый дашкольных устаноў. У мінулым годзе пераможца – яслі-сад №1 атрымаў у якасці падарунка прынтар. Прайшоў агляд-конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшая бібліятэка Года якасці-2010”. Вызначаны пераможцы ў трох намінацыях, якія атрымалі каштоўныя падарункі. Сумесна з аддзелам райвыканкама па справах моладзі праведзены творчы конкурс сярод працоўных калектываў “Великолепная пятёрка”.
– Ведаю пра дабрачынную дзейнасць арганізацыі.
– Сапраўды, кожны год праводзіцца вялікая работа па зборы рэчаў для дзяцей і дарослых з далейшым размеркаваннем праз тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання для грамадзян і сямей, якім яны патрэбны. Хочацца адзначыць людзей, якія адгукнуліся і вельмі дапамаглі ў гэтай справе – Л.А.Асташкевіч з гарпасёлка і Ж.У.Дайлідзёнак з Жар. Плануем і далей займацца гэтай справай.
– У якіх яшчэ накірунках праяўляецца дзейнасць грамадскай арганізацыі?
– У рамках трэцяга этапу маніторынгу работы органаў мясцовай улады з насельніцтвам была арганізавана работа “грамадскай прыёмнай” РГА “Белая Русь”. У прыватнасці, узнята даўняе пытанне наконт добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі па вуліцы Ленінскай, 16, якое даўно хвалюе многіх. Аднак з-за адсутнасці фінансавання праблема ніяк не можа ажыццявіцца – яшчэ раз накіравана хадайніцтва ў Віцебскі аблвыканкам аб выдзяленні сродкаў. Удзел у “грамадскай прыёмнай” прымаў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь П.П.Грушнік.
Актыўны ўдзел раённая арганізацыя прыняла ва ўсіх этапах кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, а таксама ў падрыхтоўцы і правядзенні галоўнай палітычнай кампаніі – выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Удзельнічаем ва ўрачыстых сходах сваіх пярвічных арганізацый, прымеркаваных да прафесійных святаў, лепшым працаўнікам уручаем памятныя падарункі. Напярэдадні Новага года стала традыцыяй праводзіць дабрачыннае мерапрыемства ў аддзяленні кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды. Вось і сёлета павіншавалі пажылых людзей, уручылі ім падарункі, парадавалі канцэртам (на здымку).
Наогул у нашай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” багаты патэнцыял і запал на добрыя справы, якія мы з задавальненнем рэалізоўваем.
* * *
У апошні дзень года прайшло выніковае пасяджэнне савета раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, на якім былі падведзены вынікі года, акрэслены перспектывы далейшай работы. У прыватнасці, вырашана прадоўжыць рэалізацыю праекта “Крепкая семья – сильная держава” ў 2011 годзе.
А.В.Пашковіч павіншавала са святамі актывістаў арганізацыі, 14 з іх уручыла падарункі.
В.ПОЛАЗАВА.