Ушёл из жизни наш коллега Григорий Гладышев

Общество

Раніцай 12 студзеня, у пару, калі не сышлі яшчэ калядныя дні, мінула ўсяго няпоўных паўгода пасля адыходу з жыцця нашага былога рэдактара, новая чорная вестка прыляцела ў калектыў, распаўсюдзілася па раёне. Раптоўна памёр наш калега, адказны сакратар раённай газеты Рыгор Карпавіч Гладышаў. Як і ў папярэднім выпадку, гэта адбылося тады, калі чалавек, адпрацаваўшы чарговы дзень, меркаваў выйсці і на наступны, але лёс распарадзіўся па-другому. Ён адмерыў яму 61 год.

У гэтыя сумныя дні трэба прыгадаць пра жыццёвы шлях Рыгора Карпавіча.

Р.К.Гладышаў нарадзіўся ў першы дзень чэрвеня 1949 года. Скончыўшы Ушацкую сярэднюю школу, два гады працаваў лінатыпістам друкарні рэдакцыі газеты “Патрыёт”, столькі ж служыў у Савецкай Арміі. Вярнуўся на сваю работу.

З 1972 да 1976 года Рыгор Карпавіч быў карэспандэнтам-радыёарганізатарам.

Вышэйшую адукацыю атрымаў у Мінскай вышэйшай партыйнай школе, займаючыся стацыянарна (1976-1980 гады). І зноў вярнуўся ў рэдакцыю роднай газеты.

Спачатку – загадчыкам аддзелаў, з 1986-га два гады – намеснікам рэдактара нашага выдання, а ў 1988-1995-х – галоўным рэдактарам.

З 1995 да 2001 года Р.К.Гладышаў, застаючыся ў раёне, працуе галоўным рэдактарам газеты “Садружнасць дзелавых людзей”.

У 2001 годзе Рыгор Карпавіч з радасцю вяртаецца ў калектыў рэдакцыі раённай газеты “Патрыёт”, прыступае да абавязкаў адказнага сакратара.

Так і праляцелі дзесяць апошніх гадоў жыцця прадстаўніка нашага калектыву, чалавека, які валодаў высокім прафесіяналізмам, выконваў свае абавязкі не толькі па пасадзе, але і па разуменні сваёй ролі ў газеце. Ён удзельнічаў у планаванні нумароў газеты, займаўся вычыткай матэрыялаў, макетаваннем старонак. У той жа час любы матэрыял мог напісаць сам. І пісаў, ставячы пад імі псеўданім Р.Карпаў. Асабліва часта наведваўся на мерапрыемствы з удзелам ветэранаў, яму, як нікому іншаму, асабліва ўдаваліся яны. Рыхтуючы матэрыял, пранікаўся глыбокімі пачуццямі да людзей, якія вынеслі на сваіх плячах цяжар вайны, час аднаўлення, выхавалі дзяцей. Такімі былі яго бацькі, якіх ён любіў і паважаў да іх апошніх гадоў.

На рабоце, працуючы ў рэдакцыі, сустрэў Рыгор Карпавіч сваю будучую жонку Людмілу Платонаўну, якая прыехала па накіраванні працаваць у друкарню, пазней стала яе загадчыцай. Іх сям’і не адзін дзесятак гадоў. Радуе дачка Марына, якой бацькі ўвесь час прывівалі толькі лепшае, а таксама малая ўнучка Соня, якая, напэўна, запомніць пяшчотныя адносіны дзядулі.

Меў Рыгор Карпавіч і сяброў, цаніў іх у штодзённым жыцці і ў час свайго самага любімага занятку – рыбнай лоўлі.

Мы, работнікі рэдакцыі, згубілі ў асобе Рыгора Карпавіча стараннага работніка, дарадчыка, адданага калектыву калегу, чулага, вясёлага, аптымістычнага, які вельмі любіў жыццё і не спадзяваўся, што так несвоечасова яно абарвецца. Мы таксама не верым і цяпер.

Супрацоўнікі рэдакцыі

газеты “Патрыёт”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *