Золотая свадьба семьи Коваленко

Золотые юбиляры Общество

Пачатак на 1-й стар. Шчаслівае 50-годдзе сумеснага жыцця адзначылі нядаўна Анатоль Іларыёнавіч і Ніна Кандрацьеўна Каваленкі. У зале Вяркудскага Дома культуры, дзе праходзіла ўрачыстасць, сабраліся родныя, сябры і суседзі юбіляраў, каб сардэчна павіншаваць іх са значнай падзеяй у жыцці. Роўна палову стагоддзя назад быў замацаваны подпісамі саюз іх сэрцаў. З таго часу заўсёды былі разам. Ішлі гады, з’явіліся срэбныя пасмачкі ў валасах, аднак свае шчырыя пачуцці Анатоль Іларыёнавіч і Ніна Кандрацьеўна пранеслі праз усё жыццё чыстымі. Жыццё гэтых людзей – яркі прыклад сумленнасці, працавітасці.

А пачыналася ўсё так…

З маленства Анатоль Іларыёнавіч і Ніна Кандрацьеўна жылі ў суседніх вёсках Загор’е і Лозы. І дзяцінства ў іх, як і многіх дзяцей ваеннага часу, было падобнае. Абое з мнагадзетных сем’яў, дзе расло па сямёра дзетак. У іх вайна забрала бацькоў.

Анатоль Іларыёнавіч закончыў толькі шэсць класаў, а далей сур’ёзныя ўрокі падавала школа жыцця. Ужо з 16-ці гадоў працаваў у калгасе, бо трэба было дапамагаць маці падымаць меншых брацікаў і сястрычак. Вялікай памочніцай для сваёй мамы была і Ніна Кандрацьеўна.

Зведалі юбіляры ўсе нягоды пасляваеннага жыцця, але ж у гэтыя гады прыйшлі да іх цудоўныя пачуцці сяброўства і кахання.

Пазнаёміліся ў 1954 годзе, калі Ніне Кандрацьеўне было толькі 15 гадоў. Пачалі сустракацца, разам хадзілі на танцы. А ў верасні 1957 года Анатоля Іларыёнавіча забралі ў армію ў далёкую Германію. Тры гады чакання… без сустрэч… Ці здольны пачуцці цяперашняй моладзі на такія іспыты часам?

А ў юбіляраў гэта атрымалася!

І вось у верасні 1960 года – доўгачаканая сустрэча. Маладыя вырашылі назаўсёды злучыць свае лёсы.

26 снежня 1960 года ўдваіх пешшу прыйшлі ў Гарбаціцкі сельскі Савет і зарэгістравалі свой шлюб.

Не было вялікай урачыстасці: яны проста прыйшлі ў хату, дзе жыла Ніна Кандрацьеўна са сваёй хворай мамай, і сталі жыць разам. Падарункамі лёсу сталі дзеці.

Старэйшая дачка Эмілія па адукацыі бухгалтар, жыве з сям’ёй у Наваполацку, працуе адміністратарам гасцініцы “Нафтан”. Сын Павел пасля службы ў арміі застаўся жыць і працаваць у Маскве, служыў у органах дзяржбяспекі, зараз у адстаўцы, аднак працягвае працаваць. Дачка Ларыса – медыцынскі работнік, жыве і працуе ў Полацку.

Ёсць у юбіляраў і шэсць унукаў.  Ала і Алеся атрымалі вышэйшую эканамічную адукацыю, ужо працуюць, маюць свае сем’і. Ёсць свая сям’я і ва ўнука Аляксандра, ён паспяхова сумяшчае работу з вучобай. Унук Канстанцін жыве ў Маскве і працуе ў сферы тэлебачання. Кацярына – студэнтка чацвёртага курса Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Самаму малодшаму ўнуку Глебу зараз 11 гадоў, вучыцца ў школе. А як упрыгожваюць і радуюць сям’ю юбіляраў праўнукі!

Аднак звернемся да юбіляраў. Анатоль Іларыёнавіч 40 гадоў адпрацаваў у сваёй роднай гаспадарцы – калгасе “Савецкая Беларусь”. А Ніна Кандрацьеўна – 22 гады прадаўцом у магазіне ў Вяркудах.

Начальнік аддзела загса правяла цырымонію “Залатога вяселля”, уручыла юбілейнае пасведчанне аб заключэнні шлюбу, памятны медаль. Маладыя распісаліся ў кнізе ганаровых юбіляраў, задулі свечкі вясельнага караваю. Старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В.Пашковіч, старшыня Вяркудскага сельвыканкама В.П.Цянюга, першы намеснік старшыні раённага спажывецкага таварыства Ю.Ф.Хоміч, дырэктар КУСГП “Дубраўка” Б.Т.Юргенс, прадстаўнікі іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна ўручылі Каваленкам падарункі, выказалі ім шчырыя віншавальныя словы, спецыялісты раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры выканалі для маладых іх любімыя музычныя кампазіцыі.

Гэта сапраўднае шчасце, калі два чалавекі здабываюць адзіны лёс і ідуць разам, пераадольваючы ўсе нягоды, змагаючыся з цяжкасцямі і падвойваючы адпушчаныя ім радасці! А сакрэт “залатога шчасця” Ніны Кандрацьеўны і Анатоля Іларыёнавіча просты: сям’ёю даражыць умейце, шануйце адзін аднаго.

Менавіта такія прыярытэты абвяшчае сёння і наша дзяржава: у Беларусі адзначаецца Дзень сям’і, а гэта значыць кахання і вернасці. У Каваленкаў такі дзень доўжыцца ўжо на працягу пяці дзесяткаў гадоў.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: сям’я юбіляраў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *