На страже порядка днём и ночью. 29 октября — День работников Департамента охраны

Общество

Кожную раніцу кінолаг аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Мікалай Зімніцкі разам са сваім службовым сабакам Нэсі адпраўляецца на прабежку мінімум у тры кіламетры. Гэта незалежна ад таго – выхадны ці трэба ўставаць на службу. Ім абодвум трэба быць у выдатнай форме, як і кожнаму работніку Дэпартамента аховы. Каб хутка з’яўляцца там, дзе людзям патрэбна дапамога людзей у форме і надзейна ахоўваць маёмасць беларусаў.

А.Ракаў, М.Зімніцкі, С.Лабёнак.

Малады кінолаг з нямецкай аўчаркай, зрэшты, навічкі ў аддзяленні. Ушачанін некаторы час адпрацаваў у Полацку, а нядаўна перавёўся на сваю малую радзіму. Хлопец прызнаецца, што менавіта аб такой прафесіі марыў, ну а праз некалькі хвілін пасля знаёмства становіцца зразумела, што справа яму сапраўды падабаецца. “Сабакі, як і людзі, могуць адчуваць сябе дрэнна, вось і мы нядаўна скінулі некалькі кілаграмаў, але хутка навярстаем. Нэсі два гады, каб паўнацэнна працаваць, мы з ёй прайшлі абучэнне і здалі экзамены. Напрыклад, калі сабака дрэнна арыентуецца ў цемры ці баіцца стрэлаў, то пропуск на службу не атрымае, не кажучы пра шматлікія каманды і ўзяцце следу. Гэта мы з ёй пастаянна адпрацоўваем. І калі вы шкадуеце нашых памочнікаў, бачачы іх у багажніку службовых аўто, хочацца супакоіць – у маёй напарніцы гэта самае любімае месца, бывае, ледзь устрымліваецца, каб не скокнуць у чужы адкрыты багажнік”, – расказвае М.Зімніцкі, які далучыўся да кіналагічнай службы, у якой працуюць Дзмітрый Кемстач і Андрэй Бутоўскі.

◆ 29 кастрычніка Дэпартаменту аховы спаўняецца 69 гадоў. Ва Ушачах ахова з’явілася ў 1990 годзе.

Дарэчы, за апошні час калектыў ушацкай аховы прыкметна абнавіўся. Ужо асвоіліся ў прафесіі міліцыянеры групы затрымання Дзмітрый Смаргун і Аляксандр Ракаў, добра спраўляюцца са сваімі задачамі паставыя міліцыянеры Кацярына Гаруновіч, Кірыл Красноў, Дзмітрый Дунец. Сёлета пасля заканчэння Акадэміі МУС на пасаду інспектара міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы прыйшоў Дзмітрый Салавей. Прыклад маладой змене падаюць ужо вопытныя супрацоўнікі – Дзмітрый Гірсёнак, Сяргей Лабёнак, які зараз паспяхова выконвае абавязкі камандзіра аддзялення, Уладзіслаў Жукаў, Дзмітрый Хадасевіч, Вячаслаў Сакалоў і іншыя. Апошні, да слова, арыенцір для ўсіх у спорце і здачы фізічных нарматываў. Ну а самыя старэйшыя працаўнікі сярод міліцыянераў – Вячаслаў Голік і Андрэй Лісічонак. Надзейна ахоўваюць давераныя аб’екты і вартаўнікі. Здаецца нябачную, але такую патрэбную работу па абслугоўванні сістэм сігналіацыі выконваюць 2 электраманцёры. Напрыклад, Сяргей Касіч не адзін год працаваў вартаўніком, а затым перакваліфікаваўся ў электраманцёра і зараз у гэтай справе арыетуецца выдатна. Надзейным тылам называюць у аддзяленні і інжынера Святлану Вараксіну, вадзіцеля Уладзіміра Гаманька, прыбіральшчыцу Марыну Ягадка.

С.Касіч.

“Сёння наш калектыў складаецца з больш чым трох дзясяткаў чалавек. Абсалютна кожны заслугоўвае добрых слоў не з нагоды свята, а за сваю адказнасць, дысцыплінаванасць, стараннасць. Дрэнных работнікаў у нас сапраўды няма”, – прыкмячае начальнік аддзялення Сяргей Міхайлавіч Пугачоў, які ў ахове з 2013-га года, а сёлета ўзначаліў калектыў.

Пад кантролем аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы знаходзіцца больш за 50 грамадскіх кропак і 175 жылых памяшканняў, у тым ліку і за межамі райцэнтра, устаноўлена і абслугоўваецца больш 60 трывожных кнопак. Дарэчы, у бягучым годзе колькасць ахоўваемых аб’ектаў крыху “падрасла” – ушачане разумеюць, што сігналізацыя – гэта надзейны спосаб абароны сваёй маёмасці. Сёлета ўсе ўстановы адукацыі для большай бяспекі абсталяваны трывожнымі кнопкамі. Да слова, устанавіць яе ў сваім жыллі можа абсалютна кожны, што асабліва актуальна, напрыклад, для адзінокапражываючых.

Пад надзейнай аховай знаходзяцца магазіны, суд, райвыканкам, банк, медсклады, а яшчэ супрацоўнікі аховы днём і ноччу сочаць за парадкам на вуліцах гарпасёлка.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *