В Ушачах по выходным работает выездной пункт вакцинации

Здравоохранение Общество

Была пераканана, што на перасоўным пункце вакцынацыі шмат жадаючых не будзе. У кожным жа нумары газеты расказваем пра тое, што прышчэпку можна зрабіць на працоўным месцы і нават на доме. І памылілася ў сваіх развагах. Для многіх гэта аказалася самым зручным спосабам.

А.Чапельнікаў, Н.Дрозд.

Сям’я Алега Уладзіміравіча і Вольгі Міхайлаўны Галавачоў першымі зайшлі ў салон “хуткай дапамогі” – сямейныя пары запускалі разам для большай хуткасці абслугоўвання. І тым не менш выйшлі яны хвілін праз дваццаць. Справа ў тым, што ўрач Аляксандр Уладзіміравіч Крыштопенка распытваў пра самаадчуванне, мерыў ціск, тэмпературу, сатурацыю. І толькі калі ўсё гэта было ў норме, медыцынская сястра Алена Яўгенаўна Карабань раскупорвала вакцыну.

◆ Нагадваем, перасоўны пункт будзе працаваць па выхадных з 10 да 12 гадзін на пляцоўцы ля рынку, з 12 да 13 – ля магазіна “Санта”.

“Чаму не выклікалі на дом?” – пытаюся ў сямейнай пары. “Ну гэта ўжо было б нахабствам, на сваіх жа нагах, – ведаючы знутры і паважаючы працу калег, адказвае Алег Уладзіміравіч. – Да гэтага ўвесь час на дачы, таму неяк не атрымоўвалася трапіць у паліклініку”. “Можна было выклікаць і на вёску, тым больш што неаднойчы ездзілі тым маршрутам менавіта на вакцынацыю”, – адказаў загадчык Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду, які і абслугоўвае селішчанскі бок. Ён падрабязна адказваў пацыентам на ўсе пытанні пра здароўе, а былі яны звязаны не толькі з увядзеннем вакцыны, але і проста са штодзённым прыёмам лекаў.

Валанцёр А.Ігнатовіч (справа) у магазіне «Санта».

Тым часам вялікая асветніцкая работа праводзілася звонку аўтамабіля. Намеснік галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ Н.В.Дрозд практычна без перапынку тлумачыла ўшачанам адно і тое ж: “Баяцца няма чаго, калі ў вас супрацьпаказанні, урач не будзе рабіць прышчэпку, аднак хранічныя захворванні – гэта наадварот падстава падстрахаваць сябе, каб у выпадку сустрэчы з інфекцыяй яна не ўдарыла па слабым месцы арганізма, як і адбываецца”. Са слязамі на вачах Наталія Васільеўна паведамляла людзям, што чацвёртая хваля яшчэ больш небяспечная і яе асаблівасцю з’яўляецца тое, што каранавірус пачаў забіраць зусім маладых і здаровых. А сярод тых, хто памёр ці знаходзіцца ў рэанімацыі – ні аднаго правакцынаванага. Падкрэслівала яна і пра небяспечнасць спалучэння грыпу і каранавіруса. Доўга развейвала страхі Валянціны Паўлаўны Экімян, якая па ўзросце і стане здароўя знаходзіцца ў зоне павышанай рызыкі. І жанчына зайшла ў аўтамабіль, каб зрабіць прышчэпку ад грыпу. “Нягледзячы на холад на вуліцы, унутры вельмі камфортныя ўмовы, распранацца для ўколу не страшна”, – значна павесялеўшая, што адважылася, паведаміла жанчына.

Эфектна падрулілі на сваім аўто на пляцоўку ля рынку муж і жонка Чапельнікавы. Прыехалі з Лутава Сяльца не за кавунамі ці бульбай, а менавіта за прышчэпкай. “Зрабілі бы адразу дзве: і ад каранавіруса, і грыпу, толькі ведаем, што нельга адразу. Газету чытаем рэгулярна, з яе старонак і даведаліся пра выязны пункт – для нас гэта самая зручная форма. У будныя дні я працую, прыязджаю толькі па выхадных. Дзякуй, што арганізавалі”, – казаў Аляксандр Сцяпанавіч.

Самым даступным месцам аказаўся рынак і для яго работнікаў. Галіна Марковіч пакінула пад нагляд калег свой тавар і прыйшла за прышчэпкай. “Я ж пастаянна сярод людзей. Тым больш прадаю мёд, расказваю пра яго карысць для здароўя. Трэба і самой не хварэць. А ў паліклініку ісці, тым больш у панядзелак – адзіны выхадны, страшнавата, тут жа за некалькі хвілін спалучыла рабочы час з асабістай бяспекай”. Так жа зрабіла і Таісія Верташонак – прадавец магазіна “Усё за капейку”. Праўда, абаім жанчынам давялося крыху пачакаць, бо былі моманты, калі ля аўтамабіля “хуткай дапамогі” ўтвараліся чэргі. Было і нямала жадаючых проста атрымаць кансультацыю пра час паўторнай прышчэпкі, супрацьпаказанні. Дапамагалі адказаць на гэтыя пытанні і лістоўкі, спецыяльна распрацаваныя медыкамі, якія на вакзале, рынку, ля выязнога пункта раздавалі валанцёры з БРСМ. Яны ж і расказвалі тым, хто не ведаў, пра тое, што правакцынавацца можна зараз.

Рабіць прышчэпку ці яшчэ пачакаць? Кожны павінен дайсці да адказу свядома. Толькі, на жаль, бывае занадта позна. Упэўнена, што не вагаліся б пра “за” і “супраць” тыя, хто ўжо не зможа адказаць на гэтае пытанне.

◆ У суботу ў перасоўным пункце 23 чалавекі зрабілі прышчэпку ад каранавіруса і 10 – ад грыпу, у нядзелю ад каранавіруса правакцынаваўся 21 ушачанін і 12 ад грыпу, шэсць з іх ужо чакалі машыну на рынку.

Сімвалічна, што Сяргей Канстанцінавіч Мільчанін заўважыў пункт вакцынацыі, калі прыйшоў за кветкамі – у суботу развітваўся з сябрам – чарговай ахвярай кавіда. Спецыяльна вярнуўся, каб правакцынавацца. “Сезон вырабу пліткі, калі я ні з кім не кантактаваў, закончыўся, зараз буду дапамагаць жонцы ў магазіне, трэба падстрахавацца”. Дарэчы, ён патэлефанаваў і ёй, аднак доктар параіў зрабіць прышчэпку, калі пройдзе прастуда. Тое ж самае пачула і Аляксандра Коцур, якая вагалася і атрымала падрабязную кансультацыю ля магазіна “Санта” – там сустрэла перасоўны пункт вакцынацыі.

Так. У медыкаў не было і няма мэты “зрабіць план” любым коштам. А вось жаданне спыніць хваробу і калі не яе, то непапраўныя наступствы, ёсць і вельмі вялікае. Таму без выхадных працуюць зараз спецыялісты ў белых халатах, каб наблізіцца да людзей, дастукацца да кожнага. Пагутарыўшы ў суботні дзень з 14 прышчэпленымі, я зразумела, чаму запатрабаваным аказаўся перасоўны пункт. Па самай банальнай прычыне: сабой заняцца – некалі, мы пакідаем пытанне пра асабістае здароўе, на жаль, на потым, пасля вырашэння іншых бытавых ці працоўных. І толькі калі хвароба падыдзе зусім блізка, перастаём баяцца “пабочных праяў” вакцыны, што быццам бы адчулі знаёмыя яшчэ адных знаёмых. Ніхто не бачыў ды нават не ведае гэтых людзей, у адрозненне ад землякоў, з якімі развітваліся пры закрытай труне.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *