Встреча выпускников Глыбочанской школы

Общество

Менавіта цяпер, калі стала больш вольных гадзін, калі столькі думак пра ўчарашняе, і вырашылі выпускнікі Глыбачанскай школы 1957 года сустрэцца. Не прымяркоўваючы ні да якой юбілейнай даты, а проста калі на душу лягло, узнікла падыходзячая сітуацыя.

Самай далёкай па адлегласці пражывання з’яўляецца Галіна Каваленка. Яна прыехала на сустрэчу з Арла. Ліна Мядзведская – з Полацка, мае дачу ў Астраўлянах. Раіса Вялюга вымушана была некалі паехаць у Наваполацк да дачкі, бо калі працавала ў астраўлянскім магазіне, накіроўвалася за таварамі, трапіла ў аварыю, сур’ёзна пацярпела, але з’явілася на сустрэчу. Яўген Грыгор’еў жыве ў Віцебску, ён падпалкоўнік у адстаўцы – 53 гады не бачыў Галіну і Раісу, таму спачатку не пазнаў.

– І што цікава, – расказвае Таццяна Рыгораўна Зайцава, – самая праблема была – прыехаць да назначанага часу двум нашым аднакласніцам з Астраўлян, дзе яны тады былі. – І ўсё роўна дабраліся да майго дома своечасова.

Кожнага свайго аднакласніка Таццяна Рыгораўна прыгадвае з незвычайнай цеплынёй. Усе яны ўладкаваліся ў жыцці, працавалі. Вось Мікалай Гоманаў застаўся на месцы, быў заняты на звераферме, пазней – на зернетаку. Са Святланай Шчарбаковай апошнім часам наладзілася сувязь па тэлефоне, яна жыве ў Калінінградзе, як і Аліна Іванковіч. Генадзь Шчукін – у Выбаргу, ад 70-х гадоў не прыязджаў. Іван Тачыла – у Рагачове, Дзмітрый Багрэц – у Мінску. Мая Кляпец і Аліна Крупская аказаліся ў Адэсе, і аднакласнікі не ведаюць, ці засталіся яны там, ці памянялася што ў іх жыцці. Пакуль не маюць кантакту і з дзвюма былымі вучаніцамі, якія з’ехалі ў Багародзіцк. А шэсць школьных сяброў ужо ніколі не адгукнуцца на запрашэнне, расказвае Таццяна Рыгораўна. Сярод іх, напрыклад, Аляксей Красноў, які жыў у Віцебску, працаваў зубным урачом.

У час сустрэчы былыя аднакласнікі прыгадалі і тых настаўнікаў, якія да апошняга заставаліся вернымі сваёй Глыбачцы, вучням. А гэта Лідзія Сцяпанаўна Талочка, Кацярына Іванаўна Хадунова, якая была ў іх класным кіраўніком. На месцы пахавання Валянціны Фёдараўны і Івана Васільевіча Законнікавых, дырэктара і настаўніцы школы, удзельнікі сустрэчы пабывалі…

Дзе было сумна былым аднакласнікам, а дзе і сябе весялілі: доўга спявалі за багатым сталом пра “глыбачанскія вечары”, пераклаўшы вядомую песню. Усё ж нядрэнна ў іх складваецца жыццё: ёсць павага людзей, дзеці, унукі. З мудрасцю і памяццю ў сэрцах ідуць яны сваім пачэсным шляхам.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *