У непрыемную сітуацыю трапіла тыдзень таму пажылая жыхарка Чарсцвяд. Днём да яе дома пад’ехаў аўтамабіль, з салона выйшаў малады мужчына і, сур’ёзна агледзеўшы мясцовасць, выдаў: “Паважаная, у хуткім часе тут будзе праязджаць Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч. Вось гэтыя старыя дрэвы, якія псуюць выгляд, трэба спілаваць”. Жанчына на такое згодная не была, але тэма яе зацікавіла – завязалася размова. На гэта, па ўсім відаць, і разлічваў госць.
Калі ж “аўтарытэт” у вачах вяскоўкі быў заслужаны, ён дастаў з кішэні 100-рублёвую купюру, папрасіў размяняць. Так абое аказаліся ў доме грамадзянкі, дзе тая смела дастала пачак грошаў, якія збірала. Намінал у 50 рублёў мужчыну нібыта не задаволіў – яны зноў выйшлі ў двор. “Ой, я свой мабільны тэлефон у пакоі забыўся – зараз забяру”, – агучыў госць і мэтанакіравана рушыў у дом. Гаспадыня ж, якая ўрэшце западозрыла нядобрае, пайшла следам – і застала мужчыну з яе грашыма ў руках. Той пачаў апраўдвацца, маўляў, проста падняў іх з падлогі. Сам жа паспяшаўся на выхад, скочыў у аўто і даў па газах… Пасля падліку “кроўных” высветлілася, што сума зменшылася з 900 да 700 рублёў.
Зрэшты, гэта не самае страшнае, што магло адбыцца ў такой сітуацыі. Дзякуй Богу, браць на сябе вялікі грэх злодзей не стаў – задаволіўся грашыма. Тое ж, што пацярпелая аператыўна паведаміла пра здарэнне ў міліцыю, дазволіла ўстанавіць асобу нячыстага на руку госця па гарачых слядах. Ім аказаўся жыхар іншай мясцовасці 1992 года нараджэння. Згодна з артыкулам 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да жыхароў раёна з просьбай быць больш асцярожнымі ў зносінах з незнаёмцамі. Не пускайце іх на сваю тэрыторыю: у двор і, тым больш, дамоў. Што ж датычыцца грошаў, іншых каштоўнасцяў, трымайце іх удалечыні ад вачэй нават самых, здавалася б, блізкіх. Практыка паказвае: “гасціннасць”, залішні давер грамадзян садзейнічаюць учыненню каля 80 працэнтаў крадзяжоў.
А.ІСПЯНЬКОЎ, начальнік
Ушацкага РАУС.
Преступник ещё не ПОЙМАН, но известно кто он. Может лучше было бы написать статью с указанием его данных и фото.