В Ушачах прошла осенняя ярмарка. Самые ходовые товары — картошка и зерно

Общество

У суботу на плошчы гарпасёлка прайшоў восеньскі кірмаш. Яго фармат сёлета з-за эпідэміялагічнай сітуацыі быў не як звычайна – без канцэртна-забаўляльнай праграмы, шашлыкоў, магчымасці адпачыць за столікамі. Набыўшы той ці іншы тавар, ушачане не затрымліваліся, а спяшаліся дадому. У топ жа самых хадавых тавараў сёлета трапілі бульба і зерне.

◆ Лепельская сортавыпрабавальная станцыя не змагла прыняць удзел у суботнім кірмашы ва Ушачах, але ў жыхароў раёна будзе магчымасць набыць прадукцыю гэтага прадпрыемства ў пятніцу, 22 кастрычніка. На пляцоўцы каля “Белаграпрамбанка” будзе прадавацца буйная і насенная бульба сартоў “лель”, “маніфест”, а таксама ячмень. Старт продажу запланаваны на 9 гадзін.

Хоць пачатак кірмашу быў аб’яўлены на 9 гадзін, традыцыйна яшчэ да гэтага часу ўжо многія былі на плошчы. Так, яшчэ да афіцыйнага пачатку “Дземенец”, напрыклад, паспеў прадаць машыну пшаніцы і адправіўся за “дабаўкай”. Многіх прывабліваў прымальны кошт – 25 рублёў за мяшок. Па 45 капеек за кілаграм прадавалі пшаніцу таксама “Ільюшынскі” і “Вялікадолецкае”. Прымалі прама на кірмашы гаспадаркі і заяўкі на арганіку.

Калі адбудзецца кірмаш, загадзя цікавіліся многія нашы чытачы, бо хацелі набыць бульбу, сёлета не ва ўсіх урадзіў “другі хлеб”. Кошт на яго за адзін кілаграм вагаўся ад аднаго рубля да 1.20. І калі харчовай бульбай многія затарыліся, то попыт на насенную, за якой таксама ішлі, задаволены не быў.

Не так хутка, але таксама раскуплялася капуста, якую па рублю за кілаграм рэалізоўвалі Ушацкі філіял і прыватнікі. Бойка ішоў гандаль ля машыны полацкага прадпрыемства “Вясна-энерга”, набывалі тут ушачане агародніну, асабліва бульбу і таматы. “Вырошчваем многае на сваім прысядзібным участку, а на кірмаш завіталі дакупіць усяго патрохі. Цяпер да зімоўкі гатовы!” – зазначала Д.В.Кулага з Кавалеўшчыны.

Здаецца, так і хацелі заскочыць у пакеты пакупнікоў карпы і таўсталобікі, якіх прывезла на кірмаш ААТ “Рыбгас “Навінкі”, прывабным быў не толькі выгляд свежай рыбы, а і кошт на яе – карп прадаваўся па 4.50 і 5.50, а таўсталобік па 4.90.

А вось выбарам мяса не ўсе засталіся задаволеныя – набыць яго можна было толькі ў палатцы “Мясной лаўкі” Ушацкага філіяла. Кааператары, дарэчы, пастараліся і арганізавалі гандаль прадукцыі грамадскага харчавання, рыбы, мінеральных угнаенняў і сельгасінвентару, праводзілі латарэю. Карысталася попытам і іх паслуга дастаўкі купленага тавару, што вельмі зручна для тых, хто не мае ўласнага транспарту, а пакупкі даволі важкія.

Чаго яўна было ў дастатковай колькасці на гэтым кірмашы, дык гэта саджанцаў дрэў і кустоў, што прапаноўвалі прыватнікі. Хутчэй разыходзіліся грушы і яблыні, для якіх зараз якраз самы аптымальны час пасадкі. А пра туі і іншыя дэкаратыўныя расліны са свайго лесагадавальніка ахвотна расказвалі работнікі лясгаса. У іх жа можна было набыць і мёд, а таксама актуальны для суботняга дня тавар – венікі для лазні.

Магчыма, не ўсе пакупнікі поўнасцю задаволілі свае патрэбы, аднак практычна ніхто не пакідаў цэнтральную плошчу з пустымі рукамі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *