Ушачские спасатели заняли первое место на чемпионате в Новополоцке

Общество

У Наваполацку нядаўна прайшоў чэмпіянат па мнагабор’і выратавальнікаў, у якім прынялі ўдзел каманды з 19 раёнаў вобласці. Супрацоўнікі МНС паказвалі свае ўменні ў ліквідацыі наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў і аварый з хімічнымі рэчывамі, пошукава-выратавальных работах і ў цепладымакамеры. На ўсіх этапах ацэньвалася не толькі хуткасць, а і якасць.

“Умовы былі максімальна набліжаны да рэальных. Напрыклад, пры ліквідацыі ДТЗ прымянялі гідраўлічнае абсталяванне, разразалі аўто, каб дастаць пацярпелага. Не было адчування, што гэта конкурс, здавалася, што падзеі адбываюцца на самой справе. Знаходжанне ў цепладымакамеры можна параўнаць з тым, калі даводзіцца заходзіць у задымленае памяшканне падчас пажару, але задача ўскладнялася і спецыяльна змадэляваным лабірынтам. Няпроста было змагацца з хімічнай аварыяй – з такім сутыкаліся толькі падчас вучэнняў”, – расказвае начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы Андрэй Раманоўскі, які разам з Сяргеем Бугаём, Антонам Аўдошкам, Раманам Літвіным, Іванам Анопам і адстойваў гонар Ушаччыны. І калі А.Раманоўскі і С.Бугай ужо вопытныя працаўнікі, не раз удзельнічалі у падобных спаборніцтвах, то астатнія ўдзельнікі – маладая змена аддзела. Дарэчы, усе яны працуюць у розных каравулах, у часці і на пастах, але напярэдадні збіраліся разам і рыхтаваліся да конкурсу, паўтаралі дзеянні з абсталяваннем, арганізоўвалі дымакамеру.

Прыемна адзначыць, што менавіта ўшачане лепш за ўсіх справіліся з усімі выпрабаваннямі і занялі першае месца. Канечне, цэннай з’яўляецца не столькі абсалютная перамога і высокая ацэнка работы, колькі той атрыманы на практыцы вопыт, які дапаможа падчас сапраўднага здарэння аператыўна выратаваць людзей.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *