АД ІХ ВУЧУСЯ ДАБРЫНІ
Тамару Сцяпанаўну Захарэнка, сацыяльнага работніка тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, многія яе падапечныя называюць ласкава “Наша Томачка”. Яна абслугоўвае адзінаццаць чалавек, якія пражываюць у гарпасёлку, вёсках Пралетарый, Ваўчо і Градзянец. Хаця гаварыць, што яна абслугоўвае, будзе не зусім правільна. Яна не толькі даглядае старэнькіх і нямоглых, яна ім, можна сказаць, як родны чалавек, якога з нецярплівасцю чакаюць.
Раней Тамара Сцяпанаўна працавала ў гандлі. Воляй лёсу трапіла ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. Новая прафесія прыйшлася ёй па душы, бо жанчына любіць дапамагаць іншым і любіць людзей, а яны адказваюць ёй таксама шчырымі адносінамі. Мая субяседніца прызнаецца, што ніколі не шкадавала аб выбары. Тут яна адчувае сябе на сваім месцы. У нечым збыліся і юнацкія мары. Ведаеце, што аб’ядноўвае гандляра і сацработніка? Неабходнасць заўсёды быць у стасунках з людзьмі. У гэтым Тамара Сцяпанаўна бачыць галоўны плюс сваёй работы.
– Працаваць з людзьмі – гэта маё, – прызнаецца Тамара Сцяпанаўна. Бабулькі чакаюць, што я магу заспакоіць, надаць жыццёвай энергіі, расказаць аб навінах, паспачуваць, проста пагаманіць аб жыцці-быцці. І не толькі я ім патрэбна, яны – мае першыя дарадцы, ад іх вучуся мудрасці, цярплівасці і дабрыні.
Часта бывае, што сацыяльныя работнікі выконваюць больш работы, чым належыць. Бо як старому чалавеку сказаць, што гэта я зраблю, а гэта – не мой клопат? Таму выконваюць сацыяльныя работнікі ў асноўным усё, аб чым іх просяць. І па інстанцыях бегаюць, калі трэба каго аформіць на сацыяльны ложак, і ў хаце прыбяруць, і вады прынясуць, і пакормяць, калі трэба, і пісьмо напішуць дзецям, і, бывае, клопаты аб пахаванні бяруць на сябе. А калі чалавек захварэе, то сацыяльны работнік наведвае яго і некалькі разоў у дзень. Менавіта такой ведаюць Тамару Сцяпанаўну яе падапечныя, знаёмыя.
Калегі па рабоце паважаюць Т.С.Захарэнка, прыслухоўваюцца да яе парад. Разам абмяркоўваюць планы, разам вырашаюць праблемы.
– Тамара Сцяпанаўна Захарэнка жыве клопатамі старых, гэта работа – яе прызванне, – гаворыць В.В.Шэўчанка, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра. – Свае прафесійныя абавязкі выконвае добрасумленна і ўмела.
За ўсе гады працы ад яе кліентаў не паступіла ніводнай скаргі, ніводнага наракання. Галоўнай узнагародай для сябе Тамара Сцяпанаўна лічыць вочы сваіх падапечных, напоўненыя радасцю, бадзёрасцю і аптымізмам. Рабіць дабро і адчуваць людскую ўдзячнасць — вось сапраўдны стымул для працы і жыцця.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: Т.С.Захарэнка.