Представительницы прекрасной половины Ушаччины принимали тёплые поздравления ко Дню матери

Общество

Кветкі, прэзенты, цёплыя віншаванні… І хоць любімае многімі свята – Дзень маці – сёлета на Ушаччыне масава не адзначалася з-за эпідэмічнай сітуацыі, яркіх эмоцый прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва атрымалі, як заўсёды, шмат.

Віншаванне прымае В.Ляхоўская

Годную акцыю правялі ў чацвер супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – арганізавалі аб’езд ушацкіх матуль, якія выхоўваюць дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ужо ў першай палове дня шчырыя пажаданні гучалі ў адрас Ірыны Віктараўны Лявонцьевай, Людмілы Міхайлаўны Тарасевіч, Вольгі Мікалаеўны Каваленкі, Алены Мікалаеўны Фамічовай і Вольгі Іванаўны Ляхоўскай (прыёмная маці), якія акрамя ўскладзеных на свае плечы няпростых абавязкаў па выхаванні нашчадкаў, з’яўляюцца бяззменнымі ўдзельніцамі мерапрыемстваў, што ладзяцца ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Да старшыні апошняга Наталлі Мікалаеўны Глінскай далучыліся таксама актывісты Ушацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” (грамадскае аб’яднанне традыцыйна падтрымлівае інстытут сям’і і мацярынства). Як вынік – усе жанчыны атрымалі яшчэ большую порцыю віншаванняў і падарункаў. Сярод іх, дарэчы, прыгожыя скарбоначкі, вырабленыя непаўналетнімі інвалідамі Ушаччыны, а таксама жывыя кветкі, якія перадалі зямлячкам індывідуальныя прадпрымальніцы Таццяна Фралова і Таццяна Кандрацкая (магазіны “Букетніца” і “IVONA”).

Адмысловыя букеты – толькі не з кветак, а паветраных шароў – прымалі ў другой палове дня маладыя матулі Вераніка Анатольеўна Рэвенка, Наталля Аляксандраўна Жаваранак, Вольга Уладзіміраўна Арцямёнак. На выхаванні ў іх – дзеці з інваліднасцю малодшага ўзросту, а ў ліку “грамадскай нагрузкі” – удзел у рабоце клуба “Бацькоўскія ўніверсітэты”, што працуе на базе сацслужбы.

… С.Фядосенка

Да гэтых ушачанак з прыемнай місіяй завіталі прадстаўнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН, а таксама цэнтра банкаўскіх паслуг №237 ААТ “Белаграпрамбанк” у г.п.Ушачы.

– Няхай самыя добрыя словы ў ваш адрас гучаць пастаянна, а дзеці радуюць сваімі дасягненнямі, атульваюць клопатам і ўвагай, – уручаючы падарункі, жадала начальнік прыгаданай банкаўскай установы Дзіна Міхайлаўна Садоўская. – Жадаю моцнага здароўя, здзяйснення мар, цудоўнага настрою. Будзьце заўсёды шчаслівыя і любімыя!

– Канцэрт да Дня маці заўсёды збіраў поўную залу, сёлета, на жаль, у гэты дзень у нашых сценах было нязвыкла ціха, але мы таксама вырашылі павіншаваць некаторых матуль, сярод іх – актыўныя ўдзельніцы грамадскіх мерапрыемстваў, лаўрэаты абласной прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, мнагадзетныя маці, – адзначыла дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Валянціна Уладзіміраўна Літвін.

Прыемны сюрпрыз у выглядзе кветак ручной работы і віншавальныя паштоўкі атрымалі, напрыклад, трэнер ДЮСШ і мнагадзетная мама Святлана Мікалаеўна Фядосенка, уладальніца ордэна Маці Таццяна Пятроўна Юркевіч.

… і В.Рэвенка.

Паштоўкі для любімых

Традыцыйна да Дня маці Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіла акцыю “Павіншуем маму разам!” На працягу гэтага тыдня любы член прафсаюза ў спецыяльна арганізаваных зонах мог перадаць важныя словы для мамы ці бабулі праз адну з прапанаваных паштовак, бясплатна даслаўшы яе па патрэбным адрасе. Далучыліся да акцыі і актывісты раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, а таксама ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы” актыўна запаўнялі паштоўкі для мам.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ,
В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *