«За качество асфальта не стыдно»: мастер ДРСУ-105 Геннадий Василевский ознакомит с подробностями производства

Общество

Клубы пару, горы шчэбню і пяску, рух тэхнікі. Пад’язджаеш да асфальта-бетоннага завода і здаецца, што тут задзейнічаны вялізны махавік. На месцы ж высвятляецца, што круціцца ён дзякуючы намаганням усяго чатырох чалавек. І майстар ДРБУ-105 Генадзь Пятровіч Васілеўскі падрабязна знаёміць з вытворчым ланцугом.

Г.Ваcілеўскі.

– Спачатку Юрый Васільевіч Александровіч на пагрузчыку падвозіць пясчаную сумесь і шчэбень. Першую рыхтуе адпаведна прапорцый непасрэдна пяску і гранітнага адсеву. Бачыце гару цёмна-шэрага колеру – гэта яна і ёсць, быццам мука, вельмі дробнай фракцыі, што патрэбна для лепшага ўшчыльнення каменьчыкаў і пяску. Усё гэта спачатку праходзіць праз дазатары, за рэгуліроўку якіх адказвае памочнік машыніста Дзмітрый Аляксандравіч Качан, а потым паступае на грохат – агрэгат для адсейвання каменняў, што буйней за 20 міліметраў.

Па даўгіх транспарцёрах сумесь непарыўна рухаецца, трапляючы ў вялізную “бочку”. Там не толькі перамешваецца, але награваецца, высушваецца, каб не было вільгаці, змешваецца з нагрэтым да 160 градусаў бітумам. Гатовы асфальт трапляе ў люльку, на якой падымаецца ў бункер-тэрмас, разлічаны на 90 тон. А адтуль непасрэдна ў машыны. Загружае іх, як і сочыць за якасцю асфальту машыніст Юрый Іванавіч Федарэнка. Як гэта атрымліваецца без адпаведных прыбораў?

– Яно ж бачна, ды і рукамі зляплю, калі трэба праверыць вязкасць. За столькі год на вока бачыш, які ён, потым прадукт правяраецца лабараторна, – кажа Юрый Іванавіч. – З прапорцыяй пяску ды гравію праблем не бывае, ёсць дазатары, а вось з бітумам могуць быць, таму пільна сочым за выхадам.

Д.Качан.

Справа ў тым, што апошні падаецца помпай па поўнасцю закрытай сістэме, таму і бывае, што выходзіць люлька сухаватага асфальту. Але паколькі ля канвеера пастаянна знаходзяцца спецыялісты, заўважаюць гэта адразу і яна не становіцца лыжкай дзёгцю ў бочцы мёду. У калег ушацкіх дарожнікаў ужо сучасныя лініі, усё на электроніцы. У нас жа заводу больш 30 гадоў і 20 – без капітальнага рамонту. І тым не менш, бывала, што звяртаюцца па дапамогу менавіта да Генадзя Пятровіча, бо па лічбах усё выдатна, а на выхадзе – брак. Так што за якасць нашага асфальту яму не сорамна. Ды і калі выручалі іншыя ДРБУ – прадавалі яго ў Полацк, Лепель – прэтэнзій ніколі не было.

Тым часам загружаецца чарговая машына. Хоць у бункер накопліваецца 90 тон, МАЗы крыху чакаюць. Бывае і наадварот. Усё залежыць ад пляча перавозкі – зараз яно невялікае, і ад колькасці задзейнічаных машын – у гэты ж дзень іх было ажно чатыры.

Ю.Александровіч.

– Работы ў нас хапіла б і на кругласутачны графік, – кажа Генадзь Пятровіч. – Незаасфальтаваных дарог хапае, толькі вось з фінансаваннем вельмі туга, ды і несвоечасовае. Рабілі б больш летам, глядзіш, і эканомія на пячным паліве была б. Ды і наогул за сезон выпускаем 6 тысяч тон асфальту, калі раней было і 15. Працуем не на поўную магутнасць.

Аднак калі заканчваецца сезон асфальтавання, завод не замірае. Тады пачынаюць рыхтаваць пясчана-саляную сумесь для падсыпкі дарог. Тут жа наверсе пляцоўка пескабазы, а яшчэ Генадзь Пятровіч лічыцца ў ДРБУ-105 энергетыкам. Спецыялісты шырокага профілю і яго падначаленыя: і зваршчыкі, і слесары. Паломкі на такім старым абсталяванні – справа прадказальная, таму ў вольны час займаюцца праверкай і “латаннем” вузлоў. Каб і на наступны год быць з асфальтам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *