Мы любим вас, самые родные! 14 октября — День матери

Общество

Дарагія нашы мамы!
Паважаныя жанчыны!
Прыміце шчырыя віншаванні з Днём маці.

Быць мамай – гэта не толькі найвялікшае шчасце, а і высокая адказнасць, штодзённыя клопаты, бяссонныя ночы. Ва ўсе часы жанчына-маці была ахоўніцай сямейнага ачага, сімвалам мудрасці і адданасці свайму грамадзянскаму абавязку. Бясконцая дабрыня, цярплівасць і спагада, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця дзяцей – такімі рысамі валодаюць нашы дарагія матулі.

Асаблівыя словы прызнання мусім адрасаваць мнагадзетным маці, жанчынам, якія ўзялі на сябе няпростую працу па выхаванні сірот і дзяцей, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю.

Усім мамам Ушаччыны жадаем міру і дабра, здароўя і даўгалецця! Няхай заўсёды дзеці радуюць вас добрымі ўчынкамі і поспехамі, а мужчыны падстаўляюць сваё моцнае плячо. Шчасця вам, кахання і дабрабыту!

Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.


 

Гордае званне – маці

14 кастрычніка – час падарункаў, слоў удзячнасці і павагі галоўным жанчынам у нашым жыцці – матулям. Больш за ўсё, напэўна, атрымаюць іх у гэты дзень мнагадзетныя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. На сённяшні дзень на Ушаччыне такіх 147, з іх 107 выхоўваюць траіх дзяцей, 26 – чацвярых, 7 – пяцярых, 5 – шасцярых, 2 – семярых. Дваццаць восем матуль з нашага раёна ўжо сталі ўладальніцамі галоўнай мацярынскай узнагароды – ордэна Маці. Прэміямі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка адзначаны васямнаццаць (заўтра гэтая колькасць павялічыцца да дзевятнаццаці).

Бяруць жанчыны адказнасць і за чужых дзетак. Зараз у ліку прыёмных матуль – 12 нашых зямлячак. Цеплыню і ўвагу яны дораць не толькі родным сынам і дачушкам, але і 31 прыёмнаму. Апекунамі для 19 непаўналетніх з’яўляюцца 16 ушачанак.

Матулі клапоцяцца пра сваіх дзяцей, свае сем’і, але самі нярэдка маюць патрэбу ў падтрымцы. У нашым раёне, як і ў краіне ў цэлым, многае робіцца ў гэтым напрамку. Назначаюцца сямейны капітал, адрасная сацыяльная дапамога, прапануюцца льготы ў атрыманні жылля, сферах адукацыі, аховы здароўя і іншых – дзяржава інвесціруе ў будучыню.

У сусветным рэйтынгу краін, спрыяльных для нараджэння і выхавання дзяцей, Беларусь займае высокую 25-ю пазіцыю. А гэта яшчэ адно пацвярджэнне таму, што слова “маці” гучыць горда і на дзяржаўным узроўні, і ў вузкім сямейным крузе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 

Дзіцячыя абдымкі – лепшая ўзнагарода

Штогод у аблвыканкаме ў самае добрае і кранальнае свята – Дзень маці – ушаноўваюць мнагадзетных прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з усёй Віцебшчыны. Сёлета ў іх ліку будзе і наша зямлячка, маці чацвярых дачушак Вольга Алегаўна Карэйша. Яна ўдастоена ганаровай прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка.

“Гераіняй сябе не лічу…”

Для сціплай маладой жанчыны гэтая ўзнагарода стала нечаканай. “Гераіняй сябе не лічу… – нібы апраўдваючыся, кажа яна. – Гасподзь падарыў нам з мужам цудоўных дзетак – і мы з радасцю прынялі гэты каштоўны скарб”. Але ж не ўсё бязвоблачна было на шляху да шчасця: цяжкімі былі цяжарнасці і непасрэдна роды.

Надзейным плячом, падтрымкай заўсёды быў муж Дзмітрый. Гісторыя іх кахання пачалася даўно. Паколькі жылі па-суседстве і добра ведалі адзін аднаго, падтрымлівалі спачатку сяброўскія адносіны; вялі перапіску, калі хлопец служыў у арміі. Усё ж вырашылася, калі Вольга заканчвала вучобу ва ўніверсітэце. “Апошнім экзаменам была гісторыя Беларусі, якую Дзіма любіў і добра ведаў, а ў мяне з ёй – праблемы, – прыгадвае ўшачанка. – Асабліва не давалася тэма, звязаная з індустрыалізацыяй, пра што па тэлефоне яму прызналася. І выхад быў знойдзены! Дзіма прыехаў у Віцебск, усё “па палічках” расклаў – і якім было маё здзіўленне, калі выцягнула білет менавіта з гэтым пытаннем! У выніку атрымала дзявятку. Не менш радасным аказаўся і працяг гэтага дня: калі гулялі па горадзе, на плошчы Перамогі Дзмітрый прапанаваў мне руку і сэрца…”

Лапачкі-дочкі

Старэйшай іх дачушцы Арыне зараз 9 гадоў. “Нягледзячы на знешнюю далікатнасць, – усміхаецца наша гераіня, – сапраўдная бізнес-ледзі падрастае: ужо зараз плануе, чым будзе на жыццё зарабляць. Калі нядаўна сабраліся прадаваць стары кіёск, дачушка нават абурылася, маўляў, дзе ў такім разе будзе хлебабулачныя вырабы рэалізоўваць?! Цікава адрэагавала і на нашу спробу запужаць яе “дакументацыяй” – катэгарычна заявіла: “Не бачу праблемы! Дзе ўсё гэта робіцца?”. А яшчэ дзяўчынка мае выдатныя музычныя схільнасці: чацвёрты год наведвае аддзяленне харавога дырыжыравання дзіцячай школы мастацтваў, асвойвае ігру на фартэпіяна, укулеле (разнавіднасць гітары), з нядаўняга часу – яшчэ і на цымбалах. Спрабавала сябе ў лёгкай атлетыцы, летась стала пераможцай раённага конкурсу “Школа бяспекі”. Ну а ў сям’і гэта цудоўны арганізатар, які і міні-канцэрт для блізкіх наладзіць, і бацькоў на экскурсію, паездку ўгаворыць.

У многім ёй супрацьлегласць – шасцігадовая Лізавета, якая вылучаецца сваёй чуласцю, клапатлівасцю. Яна заўсёды побач з мамай і татам – абавязкова абдыме, пацалуе, дапамогу ў хатніх справах прапануе. А сярод захапленняў дзяўчынкі – маляванне, якім займаецца ў школе мастацтваў.

Сапраўдны “рухавічок” – трохгадовая Паліна. Яе, па словах маці, цяжка ўтрымаць на месцы нават на хвіліну. Не шкоднічае, не – проста шукае сябе: пастаянна нешта прыдумвае, спявае, у адсутнасць старэйшай сястры “адрываецца” на яе ўкулеле.

Ужо паспела праявіць характар і самая маленькая прадстаўніца сям’і Карэйшаў Крысціна, якой усяго годзік. Калі штосьці не падабаецца, абавязкова гэта ўсім прадэманструе.

Творчы чалавек, чулая натура

“Хаця ўсе дачушкі – такія розныя (як па характары, так і знешне), праблем з тым, чым іх заняць, не ўзнікае, – дзеліцца выхаваўчымі сакрэтамі Вольга. – Даеш ім новую кнігу (а яны ў нас у значна большым “аўтарытэце”, чым любыя цацкі) – і ў кватэры наступае незвычайная цішыня: усе па чарзе ці разам гартаюць, разглядаюць, чытаюць…”

Вельмі любяць Карэйшы таксама спяваць, што ў дзяўчынак ад маці. Яна, дарэчы, удзельнічае ў дзіцячым музычным служэнні, рабоце нядзельнай школы.

У ліку сямейных традыцый – і сумесныя вандроўкі па роднай Беларусі, катанне на конях, якіх так любяць малышкі!

“Ці складана быць мнагадзетнай? Адназначна не! – кажа Вольга. – Напэўна, цяжэй з адным дзіцем, для якога трэба быць не толькі матуляй, выхавацелем, але і ў пэўным сэнсе арганізатарам. Калі ж дзетак некалькі, ім ёсць чым заняцца разам, ды і старэйшыя выклікаюцца прыгледзець за малодшымі. У мяне ж з’яўляецца вольны час”.

Дарэчы, выкарыстоўвае яго наша гераіня надзвычай плённа. Нядаўна біёлаг-эколаг па спецыяльнасці зацікавілася ландшафтным дызайнам, гарадскім азеляненнем – знайшла ў інтэрнэце адмысловыя вэбінары і зараз першыя эксперыменты ў гэтым накірунку праводзіць на ўчастку, дзе сям’я будуе дом. Раней асвоіла макрамэ, канзашы – апошняму да выхаду ў дэкрэтны адпачынак вучыла выхаванцаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

А яшчэ Вольга любіць радаваць блізкіх дамашняй выпечкай. Не застаецца ўбаку і ад праблем землякоў – праз дабрачынны цэнтр “Дары дабро”, адкрыты пры ТЦСАН Ушацкага раёна, удзельнічае ў зборы для іх адзення, іншых неабходных у быце рэчаў.

* * *

На наша пытанне, ці хацелася б на дзянёк-другі пакінуць дачушак з бабулямі, іншай раднёй, адпачыць ад штодзённых, штогадзінных клопатаў, В.Карэйша адказвае катэгарычна: “Ды што вы?! Без сваіх сонейкаў месца сабе не знаходжу! Гэта мой гонар, маё шчасце, кветачкі майго жыцця. А іх абдымкі – лепшая для мяне ўзнагарода”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 

Мы самыя лепшыя сяброўкі!

Мая мама Вольга Цярэнцьеўна Жогаль – самая цудоўная! Я ў яе адна, а таму мне дасталася шмат цеплыні і любові. З ёй можна пагаварыць аб усім, яна заўсёды дасць параду, мы з ёй, як лепшыя сяброўкі. Мама заўсёды падтрымлівала мяне ва ўсіх маіх пачынаннях. Яе добразычлівасці хапае і на пляменнікаў, іх дзяцей, усіх родных яна балуе сваёй увагай і незвычайнымі адносінамі. Кожныя выхадныя мы з мужам з Полацка едзем у яе ўтульны дом – гэта ўжо сямейная традыцыя, менавіта тут пад яе крылом можна адпачыць душой і забыцца пра ўсе цяжкасці і праблемы. Мама любіць гатаваць і здзіўляць нас чымсьці новым. А яшчэ яна выдатны кветкавод, раслінам можа аддаваць цэлыя гадзіны! Заўсёды выкладваецца па поўнай на рабоце (яна ў мяне прадавец), рабіць усё сумленна – яе жыццёвы прынцып, якому заўсёды вучыла і мяне.

Дзякуй табе, матуля, за маё шчаслівае дзяцінства, за клопат і любоў!

Марыя ЛІТВІН.

Жыве клопатам пра блізкіх

Калі б папрасілі назваць імя чалавека, які з’яўляецца для мяне прыкладам, не задумалася б ні на хвіліну – канечне, гэта мая маці Таццяна Аляксандраўна Казьяніна. Нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, яна годна выхавала нас з сястрой, дала неабходную адукацыю, а цяпер дапамагае з унукамі.

Пра сябе матуля заўсёды думала ў апошнюю чаргу – жыла клопатам пра блізкіх. Яна і сёння ва ўсім нас падтрымлівае, імкнецца засцерагчы ад бяды. Ды і дома ў яе заўсёды цёпла і ўтульна, там нас сапраўды чакаюць.

Працуе маці на даволі няпростым (асабліва ва ўмовах пандэміі) “участку” – з’яўляецца санітарачкай у інфекцыйным аддзяленні Ушацкай райбальніцы. А ў вольны час шчыруе на прысядзібным участку, кулінарыць. На пытанне “Навошта такія клопаты?” яна шчыра, па-мацярынску адказвае: “Усё для вас – дзяцей і ўнукаў”.

Кацярына РАМАНОЎСКАЯ.

 

Мы – дзеці, пакуль побач бацькі

У кожнага маці – самая лепшая. Гэта аксіёма, бо ніхто не любіць і не непакоіцца пра сваіх дзяцей так, як гэты самы родны чалавек. Мая матуля Марыя Францаўна Шчакачыхіна – для мяне і маіх братоў таксама самая клапатлівая, самая прыгожая, самая дарагая. Раней не было статусу мнагадзетнай, калі ты выхоўваў траіх дзяцей. Не было льгот, падтрымкі, калі ў цябе на руках двойня. Ды нават у дэкрэтным адпачынку жанчыны знаходзіліся ўсяго некалькі месяцаў. Зараз складана ўявіць, як ў палонцы ці на возеры ў ледзяной вадзе паласкалі пялёнкі, бегалі на работу і паспявалі з гаспадаркай, пераязджалі і наноў наладжвалі быт. А яна спраўлялася, у нас у доме заўсёды было ўтульна.

Можна сказаць, што яна маці і для маіх дзяцей, ва ўсялякім выпадку была ёю, калі старэйшаму ўнуку было 11 месяцаў, а яна адпусціла мяне падлячыцца ў санаторый. А калі я паехала на сесію падчас завочнай вучобы – Танюшы наогул споўнілася толькі тры. Зараз унукі дарослыя, яна клапоціцца пра кожнага з пяцярых і, канечне, рыхтуе падарункі.

Мы бязмерна ўдзячны табе, мамачка. І хочам, каб ты як мага даўжэй была з намі. Пакуль побач бацькі – мы застаёмся дзецьмі, колькі б гадоў не споўнілася.

Наталля ПУЗАТКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *