Ва Ушацкі філіял Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства штогод прыходзіць прыкладна па 8 маладых спецыялістаў. Сёлета іх было толькі трое, а вось летась – чатырнаццаць, прычым 4 вярнуліся з дыпломам аб вышэйшай адукацыі. Пяць гадоў таму атрымаў такі і Аляксей Грыневіч, зараз – вядучы эканаміст па працы Ушацкага філіяла.
“Паступаў па накіраванні для “падстрахоўкі?” – пытаюся ў маладога спецыяліста.
– Так. З профілем вызначыўся загадзя – лічу, што эканаміст – перспектыўная для мужчыны прафесія, а вось установу выбіраў. Былі ВНУ, у якія прайшоў бы і без накіравання, але вырашыў не рызыкаваць. Гандаль – не чужая для мяне галіна, загадчыцай магазіна “На Віцебскай” працуе маці, таму накіраванне мне далі ахвотна. І вось з дыпломам эканаміста-менеджара год таму вярнуўся на малую радзіму.
Ці было цяжкавата спачатку? Юнак усміхаецца і шчыра прызнаецца, што ўсяго хапала, даводзілася і перарабляць справаздачы. Тэарэтычная база – гэта добра, але практыка – зусім іншае. І ў першыя месяцы вельмі дапамагалі старэйшыя калегі. Літаральна ўсе, але найбольш вядучы эканаміст па прамысловасці Аліна Дзмітрыеўна Волах, з якой і вялі разлікі гэтага напрамку дзейнасці, а таксама начальнік планава-эканамічнага аддзела Ларыса Антонаўна Балабоўка. Калі ж звольніўся спецыяліст па кадрах, усе разам закрывалі гэтую нішу, якую і перадалі “падкаванаму” юнаку.
◆ Ва ўсіх навучальных установах Белкаапсаюза, а гэта гомельскі ўніверсітэт, яго філіял у Мінску і пяць каледжаў, вучацца па мэтавых накіраваннях або на платнай аснове.
Зарплата – справа далікатная, заўсёды выклікае шмат пытанняў. Тым больш калі штат філіяла – каля 600 чалавек.
– З кадрамі зараз складана, павялічылася канкурэнцыя. Імкнёмся заахвочваць работнікаў, рабіць стымулюючыя даплаты. Я, зразумела, не ведаю асабіста ўсіх спецыялістаў, з хадайніцтвам, як правіла, выходзяць кіраўнікі падраздзяленняў, якія ведаюць нагрузкі сваіх падначаленых, іх прафесійныя здольнасці. Здараецца, канечне, калі тэлефануюць і ўдакладняюць, ад чаго залежыць заробак, – расказвае малады спецыяліст.
Калі Аляксею спачатку не ставала вопыту ў справаздачах, то вось з камп’ютарам малады чалавек, зразумела, “на ты”, таму ўносіў свой вельмі патрэбны плён у работу калег. “Спецыяльныя праграмы, якія спрасцілі работу, склалі менавіта з дапамогай Аляксея, – гаворыць А.Д.Волах. – Наогул вельмі здольны малады чалавек, які разбіраецца і, галоўнае, не лянуецца ўнікаць і вучыцца”.
◆ Пасля закрыцця Полацкага гандлёва- эканамічнага каледжа колькасць мэтавых накіраванняў ва Ушацкім філіяле істотна скарацілася, сёлета – толькі адно.
– Шчыра кажучы, нават не разлічвала, што Аляксей так хутка асвоіць давераны яму вельмі складаны ўчастак. Зарплата – гэта ж асноўнае, што ўсіх цікавіць, а ён і ў шматлікіх нюансах разабраўся, і даступна тлумачыць кожнаму складнікі, – зазначае начальнік планава-эканамічнага аддзела Л.А.Балабоўка. – Нельга не падкрэсліць і яшчэ адну рэдкую для сённяшняй моладзі рысу – ён не шкадуе ўласнага часу, ніколі ні ў чым не адмовіць. Студзень, самы складаны дня нас месяц, разам з усімі працаваў наогул без выхадных. Разумее, што такое вытворчая неабходнасць.
Ці застанецца на малой радзіме, Аляксей Грыневіч пакуль не ведае – пасля мэтавага накіравання яму неабходна адпрацаваць тры гады. Але ні аб гадах вучобы, ні аб першым працоўным месцы ён не пашкадаваў. Наадварот, кажа, што пашчасціла з калектывам, дзе кожны падставіць плячо.
Вольга КАРАЛЕНКА.