Семья Волох

Общество

Кожная сям’я – гэта маленькі свет, напоўнены сваімі радасцямі і перажываннямі, прыемнымі клопатамі і праблемамі. І сэнс існавання гэтага свету ў дзецях, са з’яўленнем якіх сям’я становіцца больш моцнай і трывалай. Не так многа ў апошні час мнагадзетных сямей, але тыя, хто рашыўся на такі крок, сцвярджаюць, што, канечне, не так лёгка выхоўваць некалькіх дзяцей, але радасць займацца з імі, бачыць вясёлымі і здаровымі куды большыя за ўсе цяжкасці. Валерый Пятровіч і Таццяна Рыгораўна Волах упэўніліся ў гэтай заканамернасці. Яны разам ужо 18 гадоў. Абодва нарадзіліся на ўшацкай зямлі, хадзілі ў адну школу, але з-за розніцы ва ўзросце пазнаёміліся пазней, на дыскатэцы ў Вялікіх Дольцах. Кожны зрабіў свой свядомы выбар, у правільнасці якога не сумняваліся ніколі. Праз год сямейнага жыцця на свет з’явілася дачка Вікторыя. На той час маладыя ўжо жылі ва Ушачах. Таццяна Рыгораўна абрала прафесію настаўніка замежнай мовы, ездзіла працаваць у Вяркудскую школу. Валерый Пятровіч ужо больш  дваццаці гадоў працуе на агароднінасушыльным заводзе, спачатку інжынерам-энергетыкам, а потым электраманцёрам. Высокакваліфікаваны спецыяліст і старанны чалавек, яго цэняць у калектыве за прафесіяналізм і адносіны да працы. Доўгі час сям’я пражывала ў інтэрнаце прадпрыемства, пакуль не набылі дом у Ліпаўцы. Як сапраўдныя гаспадары стараюцца ўпрыгожыць сваё жыллё, садзяць агарод.

Два з паловай гады таму ў сям’і адбылася важная падзея – нарадзіўся хлопчык Ілья. А цяпер у сям’і яшчэ і двухмесячны Ванечка, са з’яўленнем на свет якога сям’я стала мнагадзетнай. Кожны дзень стаў напоўнены прыемнымі клопатамі, звязанымі з выхаваннем дзіцяці. Вікторыя, якая зараз вучыцца ў адзінаццатым класе, дапамагае маці спраўляцца з хатнімі справамі. Нават Ілья імкнецца аказаць сваю пасільную дапамогу і пагуляць з малодшым брацікам.

Дзяржаўная падтрымка мнагадзетных сямей вельмі неабходная. Адчула яе і сям’я Волах. Яны пачалі будаваць двухпакаёвую кватэру ва Ушачах і як іншыя мнагадзетныя сем’і выплацяць толькі палову яе кошту пад адзін працэнт.

Напярэдадні Новага года сям’я атрымала нечаканы сюрпрыз. Яны сталі ўдзельнікамі праекта “Крепкая семья – сильная держава”, які ў 2010 годзе праводзіла раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”. У рамках праекта сем’і, у якіх нарадзіліся трэція і наступныя дзеці, атрымалі падарункі ад арганізацыі. Старшыня ўшацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В.Пашковіч павіншавала сям’ю з папаўненнем, пажадала,  каб дзеткі раслі шчаслівымі і здаровымі, радавалі сваіх бацькоў. Дапаўненнем да віншаванняў стаў  падарунак ад “Белай Русі”.

Нягледзячы на тое, што за плячыма сям’і ўжо 18 пражытых разам гадоў, усё ў іх толькі пачынаецца, а самае лепшае і добрае, спадзяёмся, яшчэ наперадзе.

В.ПОЛАЗАВА.

На здымку: сям’я Волах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *