Калі заходзіш у Сарочынскі сельскі клуб, адразу адчуваецца цёплая, утульная атмасфера, нават калі ў гэтую хвіліну і няма масавага мерапрыемства. Заслуга ж у гэтым яго загадчыка Людмілы Аляксандраўны Пашуты, якая гаспадарыць тут ужо роўна 40 год. Агульны ж стаж жанчыны ў сферы культуры складае больш за 41!
Хаця з гэтым клубам звязана амаль усё жыццё. Яшчэ малой школьніцай ураджэнка Сарочына бегала сюды на агеньчыкі і канцэрты. З дзяцінства прывабліваў яе баян і, паступіўшы на адпаведнае аддзяленне Ушацкай школы мастацтваў, яна грала на святах у клубе. Першым жа працоўным месцам адразу пасля заканчэння школы стаў Селішчанскі клуб. “Галоўным патрабаваннем у тыя часы быў не дыплом у руках, а ўменне іграць на адным з самых запатрабаваных інструментаў. Пераўвасабляцца ў якіх-небудзь персанажаў не надта любіла, а вось спяваць і іграць магла гадзінамі. Працавала мастацкім кіраўніком, памятаю, як усім вяскоўцам спадабаўся арганізаваны “агеньчык” і мне нават выпісалі вялікую прэмію”, – прыгадвае Людміла Аляксандраўна. У Селішчы яна адпрацавала роўна год, у Сарочынскім клубе вызвалілася месца, і жанчына з задавальненнем вярнулася ў родныя мясціны. Завочна скончыла Віцебскае культасветвучылішча па спецыяльнасці “кіраўнік аркестра народных інструментаў”.
Усе гэтыя гады яна ўсёй душой імкнецца зрабіць цікавым і разнастайным жыццё вяскоўцаў. Напрыклад, дзякуючы старанням Людмілы Аляксандраўны ўсарочынцаў захавалася звычка ў навагоднюю ноч абавязкова прыходзіць у клуб, і кожны раз свята атрымліваецца масавым і цікавым. Прадумвае яна кожнае мерапрыемства, напрыклад, сёлетняе Купалле ладзілі на пляцоўцы каля клуба з песнямі, танцамі, гульнямі ля вогнішча. Чаруе не толькі над сцэнарыем кожнага свята, а і над афармленнем сцэны. Абслугоўвае клуб, дарэчы, не толькі Сарочына, а і яшчэ амаль два дзясяткі населеных пунктаў. Напрыклад, нядаўна ладзілася свята вёскі ў Лабанях і Ліпаўках. Жыхары апошняй надзвычай дружныя і актыўныя, просяць прыязджаць да іх кожны год. А добрыя водгукі людзей, канечне, натхняюць. На адным з выязных вясковых мерапрыемстваў Людміле Аляксандраўне дачнікі, што завіталі з горада, шчыра дзякавалі і казалі: “І на “Славянскі базар” ехаць не трэба! Шчыра, весела, душэўна – даўно так не адпачывалі”.
Здавалася б, чым можна зацікавіць сённяшніх дзяцей і падлеткаў? Л.А.Пашута ўмее знайсці да іх падыход і адарваць ад мабільных тэлефонаў. Прыкмячае, што каму падабаецца, заахвочвае салодкімі падарункамі за ўдзел у гульнявых праграмах. “Самы актыўны ў мяне Максім Первянёнак. Хлопчык паспявае не толькі ў вучобе, а і добра спявае, наведвае дзіцячы вакальны гурток, што ўжо не адзін год працуе ва ўстанове”, – расказвае Людміла Аляксандраўна. Дзейнічае ў клубе і літаратурнае аб’яднанне, а таксама аматарскае “Ад усёй душы”, дзе жанчыны дзеляцца парадамі па кветкаводстве, рукадзеллі, рэцэптамі. Візітнай жа карткай установы вось ужо колькі год з’яўляецца вакальны калектыў “Бярозка”.
“У адзіночку шмат зрабіць не атрымаецца. Мне пашанцавала, што ёсць цудоўныя памочніцы, з якімі ладзім культурнае жыццё. Самае цеснае і плённае супрацоўніцтва ў нас даўно наладжана з бібліятэкарам Верай Уладзіміраўнай Друк. Заўсёды адгукаюцца мае актывісткі Нэлі Генадзьеўна Гедрэвіч, Наталля Раманаўна Тарасевіч, Людміла Арсенцьеўна Цітова, а таксама мая сястра Таццяна Аляксандраўна Кміта, а другая мая сястра Тамара Аляксандраўна Чабоха ўзначальвае Арэхаўскі СДК, так што творчасць у нас – сямейнае! Добрыя словы хочацца сказаць і пра старшыню Сарочынскага сельвыканкама Людмілу Яўгенаўну Птушка, якая і з транспартам выручыць для выезду на свята вёскі, і сама да яго далучыцца”, – расказвае Л.А.Пашута.
Паспявае жанчына ўдзельнічаць і ў многіх раённых мерапрыемствах, уваходзіць у клуб “Прысмакі”, дзе з’яўляецца галоўнай па блінах. Гэтая страва з розным начыннем атрымліваецца ў яе выдатна. Не раз госці “Славянскага базару” і іншых фестываляў, калегіі Міністэрства культуры заставаліся ў захапленні і прасілі рэцэпт, асабліва бліноў з капустай. Гэтая добразычлівая гаспадыня ніколі не шкадуе дамашніх закатак і прысмакаў для ўсіх, хто завітае на мерапрыемства. Улічваючы ўсе старанні і заслугі, зразумела, чаму так перажывалі сарочынцы, калі ў 2019-м клуб зачынілі на рамонт, а Людміла Аляксандраўна пайшла на пенсію. Яны звярталіся да раённага кіраўніцтва, каб ачаг культуры хутчэй адкрылі зноў і вярнулі менавіта Л.А.Пашуту. Так, паспела адпачыць жанчына ўсяго некалькі месяцаў. Прызнаецца, што пачала сумаваць па любімай рабоце. Раілі яшчэ папрацаваць і родныя. “Калі ў некаторых знаёмых другія палавінкі не віталі работу ў культуры з-за нестандартнага графіка і, маўляў, будзеш іншых забаўляць, то мой Васіль Яўгенавіч, наадварот, казаў: “Табе трэба працаваць у клубе, гэта тваё!” Заўсёды падтрымліваў і зараз дапамагае ў навядзенні парадку каля ўстановы, абкошванні тэрыторыі”, – кажа жанчына. Дарэчы, спявае і грае яна не толькі ў клубе, а і на сямейных мерапрыемствах. Таму з нагоды прафесійнага свята хочацца пажадаць Людміле Аляксандраўне галоўнага – каб даўжэй гучаў баян!
Вольга КАМАРКОВА.