Прививку сделают и дома, приём в Великодолецкой больнице не отменяется. Главврач Ушачской ЦРБ ответила на вопросы читателей во время «прямой линии»

Здравоохранение

“Прамую лінію”, якую праводзіла на мінулым тыдні з жыхарамі Ушаччыны галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы А.А.Міранкова, можна назваць у пэўным сэнсе ўнікальнай. Такую колькасць тэлефанаванняў за гадзіну вызначанага часу работнікі рэдакцыі не прыпомняць. Прычым, паступалі яны і задоўга да “лініі” і пасля яе – грамадзяне “завочна” прасілі кансультацыі ў Анжалікі Анатольеўны, садзейнічання ў вырашэнні асабістых пытанняў. З адказамі ж на тыя, што будуць карысныя шырокаму колу насельніцтва, знаёмім сёння нашых чытачоў.

Вакцына з дастаўкай на дом

Адной з самых актуальных і абмяркоўваемых зараз тэм з’яўляецца вакцынацыя супраць COVID-19. Ва ўмовах чацвёртай хвалі распаўсюджання інфекцыі ўсё большая колькасць грамадзян, што радуе медыкаў, задумваецца пра неабходнасць атрымання прышчэпкі. Дарэчы, ва Ушацкай райбальніцы ў дастатковай колькасці маюцца прэпараты як расійскай, так і кітайскай вытворчаці. Толькі ісці на такую патрэбную працэдуру ў паліклініку (тым больш на другі паверх, дзе размяшчаецца працэдурны кабінет) не ва ўсіх ёсць фізічныя магчымасці. Вось і пацікавілася адна ўшачанка, ці можна выклікаць спецыялістаў на дом, як гэта зрабіць, і колькі прыблізна часу давядзецца чакаць.

Як патлумачыла А.А.Міранкова, з вырашэннем гэтага пытання праблем не павінна ўзнікнуць. Калі чалавек па стане здароўя, асаблівасцях узросту і іншых прычынах не можа прыйсці ў паліклініку, варта запісацца на прышчэпку ў рэгістратуры па нумары 5-21-57 – у агавораны час спецыяліст прыедзе на дом. Паколькі выязныя брыгады працуюць штодзень, такі візіт магчымы нават у дзень звароту. У выпадку ўзнікнення пытанняў звяртайцеся да загадчыцы паліклінікі Марыі Валер’еўны Ганчар, якая курыруе пытанне вакцынацыі насельніцтва. Зрабіць гэта можна па нумары 5-08-45.

Не варта баяцца і непасрэднага візіту ў паліклініку – верагоднасць кантактавання з хворымі на каранавірус у наведвальнікаў працэдурнага кабінета мінімальная. Прыём пацыентаў з падазрэннем на COVID-19 ажыццяўляецца ў інфекцыйным кабінеце, куды прадугледжаны асобны ўваход.

Сталы ўзрост – не перашкода

Жыхарка Арэхаўна пацікавілася ў Анжалікі Анатольеўны, ці варта прышчапляцца ад каранавіруса ва ўзросце 65+. “Калі няма супрацьпаказанняў (а перад правядзеннем працэдуры доктар абавязкова вывучыць медкарту пацыента, правядзе агляд), нават не сумнявайцеся! – зазначыла яна. – Паколькі ў грамадзян сталага ўзросту ў значна большай ступені, чым у маладых, можа развівацца цяжкае цячэнне захворвання, такая прафілактычная мера павінна быць у ліку асноўных”.

Увогуле ж не дапусціць “знаёмства” з COVID-19 дапамогуць таксама захаванне масачнага рэжыму, прынцыпаў сацыяльнага дыстанцыравання, іншыя меры перасцярогі.

Прыём не будзе спынены!

З хваляваннем успрынялі жыхары Далеччыны інфармацыю аб тым, што адразу два ўрачы мясцовай бальніцы сястрынскага догляду пайшлі ў водпуск. Маўляў, не будзе магчымасці трапіць на прыём, выпісаць лекі… Пра гэта вяла гутарку жыхарка Казімірова, якая “ўказала” і на недастатковую колькасць медпрэпаратаў, што рэалізуюцца на Маладолецкім ФАПе.

А.А.Міранкова супакоіла: прыём у Вялікадолецкай БСД спыняцца не будзе – туды часова накіраваны доктар з райцэнтра. Што ж датычыцца лекаў на фельчарска-акушэрскім пункце, то іх пабольшае – ужо падчас “прамой лініі” неабходныя ўказанні атрымалі адказныя за гэтае пытанне спецыялісты.

Прафілактычны агляд лепш адкласці

Яшчэ адзін ушачанін пацікавіўся магчымасцю прайсці ва Ушачах фібрагастраскапічнае абследаванне, трапіць на прыём да ўролага, іншых спецыялістаў. Хоць і мае шэраг праблем са здароўем, у бальніцы не быў даўно – вось і вырашыў праверыцца. Але ж выбраў для гэтага не самы падыходзячы час! Як зазначыла Анжаліка Анатольеўна, калі сур’ёзнай патрэбы ў наведанні паліклінікі няма, лепш адкласці візіт сюды да стабілізацыі эпідсітуацыі ў раёне. Што ж датычыцца прыгаданых абследаванняў, прайсці іх у райбаніцы пакуль нельга з-за адсутнасці спецыялістаў такога профілю. Аднак ёсць магчымасць атрымаць да іх накіраванне ў Полацк ці Наваполацк. Дарэчы, у некаторых выпадках (з улікам спецыфікі захворвання) неабходную дапамогу, кансультацыю вам могуць аказаць і на месцы – той жа хірург, а не ўролаг.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *