«На смену фантазиям приходят нормы» — ушачанка Оксана Бобоедова о тонкой работе архитектором

Общество

Аксана Бабаедава скончыла архітэктурны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і ўжо два гады працуе па спецыяльнасці. Канечне, нашай зямлячцы яшчэ давядзецца спасцігнуць нямала тонкасцяў, але пэўныя ўражанні пра абраную прафесію яна ўжо склала. І дзяўчыне давяраюць сур’ёзныя справы: зараз яна займаецца праектам для вядомай амерыканскай сеткі хуткага харчавання «KFC”.

Для цыклу нашых публікацый аб тым, як уладкоўваюцца ў прафесіях маладыя ўшачане, дзяўчына распавяла, што, на яе думку, уяўляе сабой сёння праца сучаснага архітэктара.

«Калі падчас навучання ва Ушацкай школе выбірала прафесію, меркавала так: архітэктар прыдумвае, як будзе выглядаць будынак, добра малюе, «сябруе” з матэматыкай. Такое апісанне зацікавіла – і я актыўна пачала падрыхтоўку да паступлення, – расказвае дзяўчына. – Каб стаць студэнткай архітэктурнага факультэта БНТУ, давялося здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове і матэматыцы, прайсці творчыя іспыты: малюнак, кампазіцыя, чарчэнне. З ЦТ праблем не ўзнікла, за што ўдзячна сваім настаўнікам. Ну а з творчасцю давялося пашчыраваць”.

Не прыходзілася расслабляцца і падчас вучобы ва ўніверсітэце, дзе адным з асноўных прадметаў спецыяльнасці быў архітэктурны праект і трэба было прайсці праз усе кафедры факультэта. Што А.Бабаедава трэніравалася праектаваць? Жылыя дамы, грамадскія і прамысловыя будынкі, школы, паркі, пасёлкі, мікрараёны і нават гарады. І ўсё гэта юнай ушачанцы было па душы!

«У рэальнай прафесійнай дзейнасці ўсё крыху інакш, – расказвае Аксана. – На змену фантазіям прыходзяць нормы, на якіх будуецца работа архітэктара. Гэтак жа трэба ўлічваць бюджэт, які мае заказчык. Думаю, што сапраўднае знаёмства з прафесіяй адбываецца менавіта ў практыцы – калі сутыкаешся з канкрэтнымі задачамі і вырашаеш іх, калі выязджаеш на аб’ект, назіраеш за ходам будаўніцтва. Ну а калі бачыш яго скончаным і здадзеным у эксплуатацыю, эмоцыі перапаўняюць!”

Як паказвае практыка, некаторыя маладыя людзі пасля заканчэння ўніверсітэта па архітэктарскай спецыяльнасці становяцца фатографамі, звязваюць жыццё з дызайнам інтэр’еру, візажам ці нават цырульнай справай. А ўсё таму, лічыць Аксана, што чакалі ад сваёй прафесіі творчасці, якой там не так і многа.

«Але ж нямала і пераваг, – дадае малады архітэктар прыватнай мінскай кампаніі. – Сярод іх – магчымасць працаваць на аддалёнцы. Асабліва гэта датычыцца праектавання. А яшчэ ў гэтай сферы трэба рэгулярна абнаўляць веды: на рынку пастаянна з’яўляюцца новыя будаўнічыя і рамонтныя матэрыялы, удасканальваюцца тэхналогіі будаўніцтва, мяняюцца нормы. За ўсім гэтым трэба сачыць, каб быць сучасным і запатрабаваным работнікам”.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *