Мастерство и креатив царили на Неделе мира в Ушачской школе

Калейдоскоп

Тыдзень міру прайшоў ва Ушацкай школе з 20 па 25 верасня, а яго праграма аказалася вельмі насычанай і разнастайнай.

Былі праведзены тэматычныя класныя гадзіны “Нам патрэбен мір”, арганізавана выстава малюнкаў “Дзеці за мір на планеце”. Надзвычайнай арыгінальнасцю работ парадавала экспазіцыя кветкавых кампазіцый і вырабаў з агародніны “Які цудоўны гэты свет”. Усе выстаўленыя тут работы проста ўражвалі ўяўленне, таму дзецям і іх бацькам хочацца выказаць шчырую падзяку за майстэрства і крэатыў. Асабліва ж удалымі былі кампазіцыі Максіма Вашыла, Антона Тарасевіча, Рамана Канавалава, Цімафея і Арцёма Рэвенка, Улада Карпава.

Умацаванню міру і сяброўства служыць і спорт – гэта выснова стала лейтматывам вясёлай эстафеты, арганізаванай для навучэнцаў групы падоўжанага дня.

Ну а завяршыўся тыдзень, напэўна, самым чаканым і вясёлым мерапрыемствам: выставай жывёл. Юныя гаспадары прынеслі ў школу 14 сваіх дамашніх гадаванцаў. Сярод жывых экспанатаў былі каты, сабакі, хамякі, папугаі і нават улітка! Кожны ўдзельнік прадставіў свайго сябра са свету фауны, а калі героі экспазіцыі “давалі згоду”, іх можна было пагладзіць і, канечне, зрабіць вясёлыя здымкі. Усе гаспадары атрымалі памятныя дыпломы, а ўдзельнікі мерапрыемства яшчэ раз упэўніліся, што мы любім нашых дамашніх гадаванцаў не за іх практычную карыснасць, а проста таму што яны жывуць побач і радуюць нас.

М.ДАЛЖОНАК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *