Ушачские финансисты

Общество

Сваё прафесійнае свята ў першыя студзеньскія выхадныя адзначылі фінансавыя работнікі. Яно прыпадае на той час, калі ў фінансістаў самы вялікі аб’ём работы. З якімі вынікамі яны прыйшлі ў новы 2011-ы, мы пацікавіліся ў начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Наталлі Рыгораўны ДУБОЎСКАЙ.

– Падводзячы вынікі 2010 года хочацца адзначыць, што ён стаў для нас усіх годам насычанай работы і новых дасягненняў. Дзякуючы ажыўленню эканомікі дасягнута станоўчая дынаміка росту даходаў бюджэту раёна. Упершыню першапачатковы гадавы план паступленняў падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў на 1 снежня перавыкананы на 290,7 мільёна рублёў. У цэлым па годзе чакалася паступленне даходаў у суме 13,4 мільярда рублёў, а па аператыўным даным паступіла 13,5.

Значную частку паступленняў у бюджэт раёна (75,1%) забяспечылі плацельшчыкі дзяржаўнага сектара эканомікі. У 2010 годзе павялічыліся паступленні ад бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў, якія сфарміравалі каля 30,6 %. Немалы ўклад у бюджэт унеслі філіял Ушацкае ДРБУ-105, КУП “Віцебскаблбуд”, УП “Ушацкае ПМС”, ДЛГУ “Ушацкі лясгас”. Упершыню за шмат гадоў на 1 студзеня 2010 года запазычанасць плацельшчыкаў у суме 452,3 мільёна рублёў, у тым ліку ў раённы бюджэт, поўнасцю ліквідавана.

За кошт павелічэння ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць у бюджэт раёна дадаткова паступіла 300,4 мільёна рублёў, а ад продажу на аукцыёнах зямельных участкаў у прыватную ўласнасць грамадзян – 165,7 мільёна рублёў. Увядзенне мясцовых падаткаў і збораў дазволіла дадаткова атрымаць 157,9 мільёна рублёў.

Трэба сказаць, што бюджэт 2010 года захаваў сацыяльную накіраванасць: расходы на сацыяльную сферу склалі 67,7%. У 2009 годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 62,5%, у 2008 – 65%. Інвестыцыям у сацыяльную сферу ўдзялялася немалая ўвага. За кошт выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў прафінансаваны рамонты даху, хірургічнага аддзялення, жаночай кансультацыі ў цэнтральнай раённай бальніцы, набыта медыцынскае абсталяванне і мэбля для Вялікадолецкай участковай бальніцы, праведзена добраўпарадкаванне вуліцы Камсамольскай.

Кіраўнікамі бюджэтных арганізацый праведзена работа па прыцягненні даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці і эканоміі бюджэтных сродкаў. У параўнанні з мінулым годам гэтыя даходы павялічыліся ў 1,6 раза.

– У гэтым годзе бюджэт захавае сваю ўстойлівасць, сацыяльную накіраванасць. Будуць рэалізаваны планы па далейшым спрашчэнні падатковай сістэмы, павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці як раёна, так і рэспублікі ў цэлым.

Галоўнымі мэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку з’яўляецца мадэрнізацыя эканомікі і павышэнне яе эфектыўнасці, рост дабрабыту насельніцтва. Упэўнена, што вопыт, веды, працавітасць, у тым ліку і работнікаў нашага аддзела, будуць спрыяць дасягненню гэтых планаў.

Ад усяго сэрца віншую калег, ветэранаў фінансавых органаў з прафесійным святам, Новым годам і Раством Хрыстовым! Жадаю моцнага здароўя, поспехаў, шчасця вам і вашым родным, міру і дабрабыту!

Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА.

На здымку: калектыў фінансавага аддзела райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *